Сталічны кінатэатр “Перамога” зноў адкрыты для наведвальнікаў. Зараз ён працуе ў тэставым рэжыме, а неўзабаве тут пачнуцца пастаянныя сеансы.
Кінатэатр быў пабудаваны па праекце Іосіфа Лангбарда і Міхаіла Бакланава. Ён адчыніў свае дзверы для публікі ў 1950 годзе. Тады ў “Перамозе” размяшчаліся дзве залы: на 600 і 190 месцаў. Пасля з’явілася і летняя. Высокія столі, калоны і люстры прасякнуты веліччу сталінскага ампіру. Не дзіва, што будынак уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Рэканструкцыя аб’екта пачалася ў лютым 2022 года. Падчас работ спецыялісты імкнуліся захаваць аўтэнтычны выгляд кінатэатра. Былі адноўленыя дэкаратыўная ляпніна, мастацкае пано, мазаічныя падлогі. Не абышлося без прыемных сюрпрызаў: упрыгажэнне ўваходнай групы — паўкруглыя фрэскі пад скляпеннямі — знайшлі пасля дэмантажу адной з перагародак. Натуральна, такі ўнікальны элемент захавалі.
— Рэканструкцыя аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны патрабуе выкарыстання складаных тэхналогій. Бо неабходна захаваць усе элементы, створаныя продкамі, і “начыніць” аб’ект новай інфраструктурай. Гэта складаны працэс, які патрабуе дадатковых узгадненняў, — тлумачыць дырэктар “Мінскай спадчыны” Аляксандр Кохан.
Пасля рэканструкцыі “Перамога” набыла функцыі сучаснага мультыкомплексу. У самай вялікай зале на першым паверсе адначасова змогуць размясціцца 184 гледачы, у тым ліку людзі з асаблівымі патрэбамі. На другім паверсе — адразу тры залы: дзіцячая на 48 месцаў з гульнявой зонай; гастразала на 12 месцаў прадстаўнічага класа і яшчэ адна на 12 месцаў, дзе ў хуткім часе з’явіцца абсталяванне для караоке. На трэцім узроўні размешчана зала на 24 пасадачныя месцы: там будуць дэманстравацца фільмы для вышуканых аматараў мастацтва: стужкі на мове арыгінала і фестывальныя прэм’еры. Ва ўсіх памяшканнях усталявана новая праекцыйная і гукавая тэхніка.
— Гэты кінатэатр павінен адрознівацца ад стандартнага. Мы плануем не толькі прапаноўваць гледачам разнастайныя фільмы, але і фарміраваць рэпертуар на аснове запытанняў аўдыторыі, — адзначыў генеральны дырэктар унітарнага прадпрыемства “Кінавідэапракат” Мінгарвыканкама Уладзімір Карачэўскі. — У адноўленай “Перамозе” мы дадалі паслугі, якія раней не былі даступныя. Напрыклад, пабудавалі шматфункцыянальную калонную залу з асобным уваходам для прэзентацый і афіцыйных прыёмаў. Таксама разлічваем, што шэраг мерапрыемстваў кінафестывалю “Лістапад” будуць праходзіць на базе гэтага кінатэатра.
Яўгенія ГАБЕЦ