Каравай-фэст “Бацькава булка” стартуе заўтра ў Свіслачы. Сёлета свята пройдзе пад лозунгам “Мiр. Гаспадар. Дабрабыт” і будзе прысвечана 30-годдзю інстытута прэзідэнцтва і 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Фестываль пройдзе ўжо чацвёрты раз. Нагадаем, што ідэя мерапрыемства нарадзілася пасля паездкі Кіраўніка дзяржавы ў Свіслацкі раён. Падчас наведвання мясцовай хлебапякарні Прэзідэнт прадэгуставаў прадукцыю і адзначыў яе добры смак. Пасля гэтага хлеб, што вырабляюць на прадпрыемстве, назвалі “Бацькавым”, а знакамітую булачку-пляцёнку — “Бацькавай булкай”. Пазней з’явіўся і адпаведны фестываль, які стаў візітоўкай не толькі Гродзеншчыны, але і ўсёй краіны.
Сёлета наведвальнікаў фэсту чакаюць не толькі традыцыйныя мерапрыемствы. Арганізатары абяцаюць пазнаёміць гасцей з унікальнымі ўзорамі хлеба, сярод якіх блакадны, манастырскі і нават касмічны. А рэкордную па памеры пляцёнку ў пяць метраў, якую змогуць прадэгуставаць усе ахвочыя, спякуць непасрэдна падчас фестывалю. Галоўнай імпрэзай стане пастаноўка, што распавядзе гісторыю пра гаспадара, які ўмее захаваць парадак у сваёй хаце і пастаяць за Радзіму. На цырымоніі адкрыцця па традыцыі збяруць карту Беларусі з маленькіх “Бацькавых булак”.
— У фестывалях апошніх гадоў прымалі ўдзел прафесійныя калектывы па выпечцы хлеба, аматары. Сёлета мы чакаем 36 каманд з усіх куткоў краіны, якія займаюцца вырабам хлеба на прамысловай аснове. Гэта значыць пройдзе конкурс прафесіяналаў, дзе кожны жадаючы зможа паглядзець і пакаштаваць хлебныя шэдэўры. Таксама ў фестывалі прымуць удзел каля 50 пекараў-аматараў. Акрамя таго, кожны госць займее магчымасць спячы нашу фірмовую “Бацькаву булку” сваімі рукамі. Для гэтага будуць працаваць спецыяльнае абсталяванне, печы і тандыры, — адзначыў намеснік старшыні Свіслацкага райвыканкама Юрый Кулікоў.
Яшчэ адным новаўвядзеннем стане “Гаспадар-шоу”, у рамках якога пройдуць забавы і гульні: стральба з лука, майстар-клас па колцы дроў і распілоўцы бярвення, валоданні пугай. Чакаюць гасцей і тэматычныя пляцоўкі, выставы і фотазоны. Своеасаблівым магнітам для моладзі стане аўтограф-пляцоўка вядомых беларускіх цік-токераў.
Упершыню напярэдадні свята адбыўся конкурс прафесіяналаў хлебапячэння з прысваеннем асаблівага знака якасці “Бацькава булка”. Лагатып каравай-фэсту пераможцы змогуць размяшчаць на сваёй прадукцыі. Найлепшыя конкурсныя вырабы будуць прадстаўлены на выставе “Хлеб як шлях жыцця”.
Запланавана і шырокая культурная праграма. На галоўнай сцэне пройдзе канцэрт беларускіх выканаўцаў, пасля чаго грамаду чакае святочны феерверк і інтэрактыўная праграма.