Прадстаўнікоў Беларусі на конкурсе выканаўцаў моладзевай песні XVII Фестывалю “Моладзь — за Саюзную дзяржаву” вызначылі ў сталіцы. Адборачны этап адбыўся на гэтым тыдні ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі пры падтрымцы Міністэрства культуры.
У спаборніцтве прынялі ўдзел салісты з усіх рэгіёнаў краіны. Падчас адборачнага туру яны выканалі па дзве песні на рускай і беларускай мовах. Паводле ўмоў конкурсу, адна кампазіцыя ў рэпертуары прэтэндэнтаў павінна раскрываць патрыятычную тэму, а другая — адлюстроўваць сучасныя тэндэнцыі. Вакальныя даныя і выканальніцкае майстэрства кандыдатаў ацэньвала прафесійнае журы, у складзе якога працавалі вядомыя педагогі і дзеячы культуры. Па выніках адборачнага тура нашу краіну на конкурсе прадставяць Ангеліна Самалётава, Яраслава Сокал, Міхайліна Хвясюк, Андрэй Цуба, Надзея Дзегцярова, Дар’я Часлаўская, Вікторыя Касцюкова і Арцём Палкін.
“Моладзь — за Саюзную дзяржаву” — гэта творчы і адукацыйны фестываль, накіраваны на стварэнне адзінай культурнай прасторы Саюзнай дзяржавы, умацаванне сяброўства паміж моладдзю Беларусі і Расіі, а таксама на выяўленне і падтрымку таленавітых выканаўцаў. Сёлета мерапрыемства пройдзе з 11 па 15 верасня ў Смаленску. Цягам тыдня адбудуцца ўрачыстыя цырымоніі адкрыцця і закрыцця, выязныя канцэрты, тэматычныя праграмы, сустрэчы з ветэранамі, вечары сяброўства.