У Докшыцкім краі гэтымі днямі гамоніць рэспубліканскі фестываль сяброўства і мастацтва “Дзве ракі”. Брэндавае мерапрыемства ладзяць ўжо ў восьмы раз.
Нягледзячы на досыць невялікі ўзрост, форум паспеў здабыць папулярнасць сярод беларусаў і замежных гасцей. Свята носіць сімвалічную назву: менавіта на гэтай зямлі знаходзіцца галоўны еўрапейскі водападзел, што размяжоўвае басейны Балтыйскага і Чорнага мораў. Тут бяруць пачатак Бярэзіна і Вілія. Вобраз дзвюх рэк стаў сімвалам горада. Нават на гербе, атрыманым яшчэ ў XVIII стагоддзі, выяўлены два збаны, з гарлавін якіх выцякаюць крыніцы.
Сёлета для гасцей фестывалю падрыхтавалі як улюбёныя мерапрыемствы, так і цікавыя навінкі. Як паведаміла дырэктар Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Докшыцкага раёна Святлана Вялічка, сярод новаўвядзенняў — адкрыты конкурс батлеечных калектываў.
— Наш край лічыцца радзімай батлейкі Патупчыка, які цешыў гараджан сваім майстэрствам. У гэтым годзе ў рамках фестывалю мы вырашылі ўпершыню правесці конкурс “Батлейка Патупчыка запрашае”. Ён адбудзецца на пляцоўцы каля Докшыцкай дзіцячай школы мастацтваў імя Н. Сакалоўскага. Менавіта ў гэтым месцы ў канцы XIX стагоддзя знаходзілася кірмашовая плошча, дзе і выступаў Патупчык.
Па традыцыі першы дзень — святкаванне Дня горада. У праграме — конкурс вакалістаў “Бярэзінскія напевы”, конкурс сямейнай творчасці “Кірмаш сямейных талентаў”, адкрыты пленэр мастакоў “Вілійскія замалёўкі”. Галоўнымі героямі тэатралізаванага абраду “Лебядзіная вернасць” стануць маладыя сем’і. Яркай падзеяй будзе і парад працоўных калектываў “30 гадоў пад знакам якасці”.
Другі дзень, 10 жніўня, пачнецца ўрачыстым тэатралізаваным шэсцем “Дзве ракі збіраюць сяброў”, у якім паўдзельнічаюць творчыя калектывы Беларусі і замежжа. Сярод гасцей фестывалю — народны ансамбль песні “Лявоніха” Бярэзінскага раённага цэнтра культуры, вакальны калектыў “Ушачаначка” Ушацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, народны калектыў прадстаўнікоў нацыянальных культур “Шматгалоссе” з Барысаўскага раёна, ансамбль народнай песні “Завіруха” з Латвіі.
— Шэсце стартуе ад гарадскога Цэнтра культуры і працягнецца да парку “Заазёрны”, які на час фестывалю ператворыцца ў культурна-забаўляльны цэнтр з пляцоўкамі для дзяцей і моладзі. Там жа разгорнуцца спартыўныя спаборніцтвы: кубак дзвюх рэк па гіравым спорце і рэгіянальны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў па футболе сярод мужчынскіх камандаў ІІ лігі паміж Докшыцкім і Міёрскім раёнамі. У “Заазёрным” таксама пройдзе імправізаваны вернісаж, на якім свае работы прадэманструюць удзельнікі конкурсу сямейнай творчасці і пленэру “Вілійскія замалёўкі”. Таксама мы арганізуем літаратурны сквер. Да яго далучацца чальцы аб’яднання “Крыніцы”, — дадае Святлана Вялічка.
Завершыцца ж фестывальная праграма выступленнем артыста Маладзёжнага тэатра эстрады Шыра і святочнай дыскатэкай пад адкрытым небам.