Каравай-фэст “Бацькава булка” адбудзецца 17 жніўня ў Свіслачы. Сёлета свята прысвечана 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецкафашысцкіх захопнікаў і 30-годдзю інстытута прэзідэнцтва.
Ідэя брэндавага фестывалю нарадзілася ў 2021-м пасля візіту Аляксандра Лукашэнкі ў мясцовую пякарню. Прэзідэнт высока ацаніў смак здобнай пляцёнкі, якая неўзабаве і атрымала назву “Бацькава булка”.
Цэнтральнай падзеяй свята стане пастаноўка, якая раскажа гісторыю гаспадара, які ўмее трымаць парадак у доме. Упершыню напярэдадні фэсту адбудзецца конкурс прафесіяналаў хлебапячэння з прысваеннем знака якасці. Найлепшыя вырабы прэзентуюць на адмысловай выставе.
Як паведаміла галоўны рэжысёр Вольга Багдановіч, займальная інтэрактыўная праграма дазволіць кожнаму госцю адчуць сябе не проста гледачом, але і далучыцца да дзеі. Наведвальнікаў чакае яшчэ адна навінка — “Гаспадар-шоу”. Там можна будзе пастраляць з лука, паспрабаваць сябе ў колцы дроў і распілцы бярвення ды іншых гаспадарчых справах.
Выставы “Бацькаўшчына” і “Матулін каравай” парадуюць духмянымі вырабамі з цеста. Сярод ядомых экспанатаў будуць макеты вядомых аб’ектаў, звязаных з дасягненнямі краіны і рэгіёна. Для маленькіх гасцей запрацуюць атракцыёны, разгорнуцца анімацыйна-гульнявыя пляцоўкі, адбудуцца фотасесіі і пенная дыскатэка.
У святочны дзень у Свіслачы пройдуць абласная выстава-конкурс “Ручнік як шлях жыцця”, кірмаш дэкаратыўна-прыкладной творчасці, майстар-класы па пляценні з лазы і саломкі, па ткацтве, ганчарстве ды іншых рамёствах. Яркім фіналам стануць гала-канцэрт з выкананнем песні “Бацькава булка” і феерверк.