Бясконца таленавітыя

Апублiкавана: 03 жнiўня 2024 Стужка Музыка Мінск

Аўтар: ЧЭ­КА­ЛА­ВА Свят­ла­на

У Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі завяршыўся першы з адборачных тураў для ўдзелу ў Адкрытых дзіцячых Дэльфійскіх гульнях дзяржаў — удзельніц СНД. Гульні пройдуць з 30 верасня па 5 кастрычніка ў Бішкеку. 

Таленавітыя хлопчыкі і дзяўчынкі з розных куткоў Беларусі прыехалі ў сталіцу, каб прадэманстраваць творчыя здольнасці і заваяваць права прадстаўляць нашу краіну на міжнародным узроўні. Гульні прадугледжваюць конкурсную і фестывальную праграмы, якія ўключаюць 11 намінацый. Адборачны тур у гімназіі-каледжы праводзіўся прафесійным журы па чатырох з іх: фартэпіяна, скрыпка, народныя і эстрадныя спевы. 

— Пытанне аб удзеле ў міжнародным творчым спаборніцтве было разгледжана Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Мерапрыемству надаецца вялікае значэнне. Дзіцячыя Дэльфійскія гульні — гэта ўнікальная магчымасць убачыць будучыню мастацтва і культуры СНД, а таксама прадэманстраваць сусветнай грамадскасці, наколькі высокі ўзровень развіцця культуры ў нашай краіне, пазнаёміць людзей з розных краін з таленавітымі юнымі беларусамі і іх творчасцю, — упэўнена начальнік аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Марына Юркевіч. — Рэгіёнам было прапанавана вылучыць удзельнікаў у кожнай намінацыі, з ліку якіх у выніку адборачных тураў будзе сфарміраваная дэлегацыя ад нашай краіны. І можна не сумнявацца, што яна здолее прадставіць беларускую культуру на міжнароднай арэне належным чынам. Адборачны тур паказаў: да нас, несумненна, прыехалі самыя таленавітыя дзеці! Таму і спаборніцтва паміж імі было вельмі цікавым. Яно таксама пацвердзіла высокі ўзровень і педагогаў, якія рыхтавалі хлопчыкаў і дзяўчынак да выступлення: прафесіяналы вышэйшага гатунку! 

— Наш аддзел вядзе Банк даных таленавітай моладзі, займаецца суправаджэннем дзейнасці спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. І тое, што нашы беларускія дзеці яркія, крэатыўныя, актыўныя і, безумоўна, таленавітыя, мы добра ведаем. Цяпер жа нам трэба выбраць з іх найбольш падрыхтаваных да конкурсных іспытаў, абапіраючыся, у ліку іншага, на праграмныя патрабаванні Дэльфійскіх гульняў да іх як да выканаўцаў, — растлумачыла ў працэсе адбору член журы Вольга Масалава, начальнік аддзела Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БДУКМ. 

Старшыня Беларускага саюза кампазітараў, выкладчык Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Алена Атрашкевіч прызналася, што, нягледзячы на складанасць працы ў якасці члена журы, яна атрымала ад праслухоўвання канкурсантаў вялікае задавальненне: “Я ўбачыла і пачула бясконца таленавітых дзяцей!”

Святлана ЧЭКАЛАВА

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА