Народны ансамбль народнай музыкі “Верхнядзвінскія музыкі” створаны ў 2009 годзе пры раённым Доме культуры. Калектыў пад кіраўніцтвам Маі Рубель аб’яднаў шэсць самадзейных артыстаў, што зберагаюць мясцовыя традыцыі выканальніцтва.
Выступоўцы лічаць сябе пераемнікамі старэйшага гурта “Баркавіцкія музыкі”. Ад гарманістаў-папярэднікаў атрымалі ў спадчыну заліхвацкую польку, якую нярэдка выконваюць на канцэртах. За 15 гадоў існавання ансамбль паспеў узбагаціць рэпертуар і ўласнымі перлінамі.
Асноўны набытак калектыву — народная інструментальная музыка і песні, сабраныя падчас фальклорных экспедыцый. Артысты прыязджаюць да пажылых людзей, запісваюць аўтэнтычны матэрыял, а затым ператвараюць яго ў дасканалыя мелодыі, раскладзеныя на некалькі інструментаў. Музыканты імкнуцца захаваць традыцыйную манеру, характар народных твораў. Яны ставяць перад сабой задачу паказаць шырокую і добрую душу простага гарманіста-самавука.
Анжэла Ткачова — незаменны ўдарнік ансамбля. Валодае шумавымі дасканала. Шмат гадоў аддала калектыву Аксана Ахламёнак. Яна грае на барабане вельмі рытмічна і выразна. Саліст Васіль Ахламёнак — унікальны артыст, самавук, які асвоіў блок-флейту, саксафон, а нядаўна набыў новы інструмент — саксафон-гібрыд. Пакуль толькі вывучае яго. Васіль Кахарэўскі вельмі тонка адчувае музыку, удзельнічае ў напісанні аранжыровак, а яшчэ ён цудоўны псіхолаг, які дапамагае захоўваць прыязную атмасферу ў калектыве і настройвацца перад выступленнямі. Дырэктар мясцовай школы Ігар Новікаў — таксама вельмі таленавіты выканаўца.
Рэпеціруюць самадзейныя артысты два разы на тыдзень па дзве гадзіны. Рады бавіць час разам, таму чакаюць сустрэчы з нецярпеннем. Удзельнікі гурта хочуць увасобіць усе ідэі, каб хутчэй паехаць на чарговы конкурс, паказаць новыя дасягненні гледачу. Інструменталістаў-аматараў аб’ядноўвае любоў да родных традыцый і да творчасці.
“Верхнядзвінскія музыкі” з ахвотай удзельнічаюць у конкурсах і фэстах, бо гэта цудоўная магчымасць для самаўдасканалення. Цёплыя ўспаміны засталіся ў артыстаў ад выступлення на фестывалі “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах і на конкурс у рамках “Славянскага базару ў Віцебску”.
Ганна САКАЛОВА
Фота з архіва калектыву