Уваход на замчышча Навагрудка сёння закрыты: там вядуцца аднаўленчыя працы. Каб даведацца, як будуць выглядаць ці не самыя знакамітыя руіны Беларусі (спойлер: зусім не так, як цяпер), дадзім слова навуковаму кіраўніку рэстаўрацыі Андрэю Карпуку.
Першае, што зараз кідаецца ў вочы, — даволі высокі (вышэйшы за чалавека) мур, які абгароджвае замак. Сцяна з’явілася нядаўна. Хаця… не зусім.
Як нагадвае Андрэй Карпук, рэшткі праслаў старых замкавых муроў сям-там вызіралі з-пад зямлі і раней. Адмыслоўцы вырашылі расчысціць тыя не надта прыкметныя руіны — і нарасціць сцены.
— Не бачу іншага спосабу, як аўтэнтычныя муры можна было б закансерваваць і экспанаваць, — тлумачыць Андрэй Карпук. — Прычым мы пакінулі ды візуальна вылучылі і сляды работы польскіх рэстаўратараў, якія працавалі на аб’екце амаль 100 гадоў таму. Як-ніяк, гэта ўжо таксама гісторыя. Кагосьці з наведвальнікаў “новаўвядзенні” бянтэжаць: маўляў, навошта чымсьці дапаўняць аб’ект, вобраз якога даўно запаў у свядомасць?
Выгляд Касцельнай вежы з часам можа змяніцца
Кагосьці змены, наадварот, радуюць: “Па-першае, гэта проста прыгожа”. Ды і чым больш замка, тым лепш.
— Нам удалося аднавіць арыгінальную сістэму муроўкі, — распавядае архітэктар. — Паміж гарызантальнымі шэрагамі калібраваных палявых камянёў ёсць цагляныя ўстаўкі. Падобную кладку можна пабачыць на старых фота замкавых руін у Гродне і Вільні. Гэта адметная рэгіянальная сістэма муроўкі, уласцівая менавіта Вялікаму Княству.
Андрэй Карпук не хавае, што новы мур з’явіўся і з чыста практычных мэт. Перадусім тое бяспека наведвальнікаў — асабліва дзятвы, якую хлебам не кармі, а дай усюды залезці. А валы месцамі вельмі стромкія, і ўпасці адтуль — касцей не сабраць.
Варта згадаць яшчэ такія аспекты, як абарона ад вандалаў — і, урэшце, чыста музейныя інтарэсы. Раней прадаваць квіткі ў замак было праблематычна: эканомныя наведвальнікі маглі абысці пункт кантролю.
Памкненне многіх ускараскацца на валы тлумачылася не толькі азартам, але і неверагоднымі краявідамі, якія адкрываюцца з вышыні. Як запэўніў Андрэй Карпук, аматары паўзірацца ў далеч не будуць пакрыўджаны. На закансерваваных руінах Дазорнай, Пасадскай і Уваходнай веж плануецца абсталяваць аглядныя пляцоўкі, узняцца на якія кожны ахвотны зможа па драўлянай лесвіцы.
Дамінанту Навагрудскага замка, як вядома, даўно планавалася рэканструяваць і музеефікаваць. Андрэй Карпук акцэнтуе ўвагу на тым, што гэта патрэбна найперш для выратавання самой Шчытоўкі. Па словах архітэктара, ператварэнне руін у паўнавартасную пабудову надасць ім устойлівасці — а з ёй рэшткі вежы дасюль маюць праблемы.
Навагрудскі замак цяпер акружаны мурам
Як сведчаць рэндары, ад стылізацыі інтэр’ераў пад даўніну архітэктар адмовіўся. Гэты прыём любіць “паспалітая” публіка, ды прафесіяналы, якія кіруюцца Венецыянскай хартыяй, з заканамерным скепсісам ставяцца да атмасфернай “тэатральшчыны” і лічаць яе фальсіфікацыяй помніка. Таму “начынка” вежы будзе цалкам сучаснай: драўляныя сходы, вітрыны, мэбля і мастацкае аздабленне…
— Мы імкнёмся зрабіць выразны кантраст паміж старым і новым, — тлумачыць архітэктар. — Ранейшую муроўку старанна адновім, а вось свежыя элементы будуць ад яе прыкметна адрознівацца. Скажам, збудаваныя цяпер сцены плануецца атынкаваць — менавіта каб падкрэсліць іх сучаснасць.
Частку муроў адновяць — у той меры, у якой гэта дазваляюць зрабіць іканаграфічныя крыніцы. Адмыслоўцы рэканструююць і данскер — сярэднявечны “санвузел”, які, па словах Андрэя Карпука, цяпер у вельмі кепскім тэхнічным стане. Аднак аднаўленне даўніны будзе мець заўважную мяжу.
— Лічу, у нас ёсць поўнае права аднавіць тыя элементы, якія зафіксаваны ў іканаграфічных крыніцах і выгляд якіх мы дакладна ведаем, — кажа Андрэй Карпук. — Тым больш існуюць старыя фота. Дзякуючы ім можна ўбачыць помнік амаль да верхняга яруса. Але мы не ведаем, якім было завяршэнне вежы, былі там зубцы або галерэя.
Праўда, завяршэнне Шчытоўка ўсё ж займее — з той простай прычыны, што любому будынку патрэбны дах, іначай не пазбегнуць руйнавання. Ды і цяжка ўявіць сабе пастаянную музейную экспазіцыю пад зорным небам. Але гэтая канструкцыя, зразумела, не будзе прэтэндаваць на гістарычнасць.
З аднаго боку, рэстаўрацыю недарэмна называюць гвалтам над помнікам. З іншага — толькі яна дазваляе захаваць аб’ект, а ў большасці выпадкаў — і наблізіць да аўдыторыі.
На ніжнім ярусе размесціцца археалагічны музей, дзе госці ўбачаць схаваныя ад вачэй сёння падмуркі даўняй вязніцы. Ды і сама старая сцяна будзе экспанавацца ва ўсю вышыню (што цяпер таксама немагчыма), стаўшы, па сутнасці, галоўным артэфактам музея.
— Ці шмат у нас захавалася муроўкі XIV стагоддзя? — задаецца рытарычным пытаннем Андрэй Карпук.
А калі гід захапляльна і падрабязна вытлумачыць наведвальнікам гэты ўнікальны гістарычны дакумент, які тоіць увасобленыя ў цэгле адбіткі розных часоў і падзей, можна не сумнявацца, што такі экспанат уразіць нават больш за розныя мультымедыйныя цікавінкі (хаця іх выкарыстанне таксама плануецца).
Па словах архітэктара, экспазіцыя будзе халоднай: правесці ў замак інжынерныя сеткі праблематычна, а да раскопак і ўвогуле немагчыма. Неабходныя для наведвальніка (і для супрацоўнікаў музея) выгоды мяркуецца размясціць у візіт-цэнтры за межамі аб’екта, але зусім паблізу.
Бадай, найбольшую колькасць пытанняў цягам многіх гадоў выклікае цяперашні выгляд Касцельнай вежы: яе правільныя вуглы, сучасны бляшаны дах і металічны каркас.
Андрэй Карпук з крытыкай пагаджаецца, аднак зазначае, што кансервацыя мела тэхнічны характар, а не эстэтычны. Пра хараство надта не думалі: тэрмінова ратавалі рэшткі вежы.
— Калі б тады Касцельную не закансервавалі, сёння яе б ужо не было. Яна б проста абрынулася са схілу, — безапеляцыйна сцвярджае архітэктар. — Іншая справа, што выгляд аб’екта і сапраўды не кожнаму спадабаўся, нават самому Сяргею Друшчыцу — слынны архітэктар кіраваў працамі да мяне.
Ды паколькі гэты выгляд — часовы і абумоўлены абставінамі, рана ці позна надыдзе пара зрабіць вежу больш прывабнай. Пры пераўтварэнні замка ў музейны комплекс такая эстэтычная задача падаецца непазбежнай.
На думку Андрэя Карпука, з цягам часу варта прыбраць металічны каркас і аднавіць аб’ём вежы, закамуфліраваўшы простыя вуглы. Прычым новыя элементы архітэктар прапануе рабіць не з цэглы, а, скажам, з дрэва — менавіта каб падкрэсліць адрозненне ад аўтэнтыкі.
Яшчэ адзін важны аспект: абедзве найбольш ацалелыя вежы не павінны кантраставаць — іх належыць аформіць у агульнай стылістыцы. Гэта тычыцца, напрыклад, формы даху — як мы ўжо казалі, сучаснага і цалкам функцыянальнага.
На думку архітэктара, на Касцельнай вежы можа з’явіцца яшчэ адна аглядная пляцоўка — каб наведвальнікі ацэньвалі раскошныя навагрудскія краявіды з розных ракурсаў.
Цяперашняга увахода ў замак, для нас звыклага, у даўнія часы не было — ён, па словах архітэктара, узнік бадай выпадкова. Але ж мяняць лагістыку, вядома, ніхто ўжо не стане. Каб надаць гэтаму ўваходу архітэктурную завершанасць, Андрэй Карпук прапануе збудаваць браму-прапілеі, дзе маглі б размясціцца вартоўня або тыя ж білецёры.
Прычым, на думку адмыслоўца, увасабленне гэтага невялікага і чыста функцыянальнага аб’екта павінна быць сучасным — каб вока не блытала яго з самім помнікам. Для падмацавання пазіцыі суразмоўца паказвае ўзоры падобных брам з іншых краін. І сапраўды, дыхтоўны дысананс нярэдка ствараецца нават наўмысна.
Як мы ўжо не раз пісалі, вонкава эфектны замкавы схіл тоіць у сваіх нетрах вялікую небяспеку, заўважную толькі для спецыялістаў. Дзякуючы геарадарным ды іншым даследаванням знаўцы ўяўляюць, што ж знаходзіцца глыбока пад зямлёй. Ды, зрэшты, пэўныя “анамаліі” адчувалі не толькі профільныя адмыслоўцы…
— Калі я ў першы раз прыехаў у Навагрудскі замак гадоў сорак таму, то прамачыў ногі, хаця дажджу не было, — прыгадвае Андрэй Карпук. — На валах утвараўся гэткі сподачак, дзе назапашвалася вада. Аднак пасля таго, як нядаўна быў зроблены дрэнаж і арганізаваны водаадвод, у замку стала суха. Прынамсі, будаўнікі, якія там пастаянна працавалі, на празмерную вільготнасць ужо не скардзяцца.
Тым не менш на сёння работы прыпынены: спецыялісты Дзяржбудэкспертызы запатрабавалі далейшых даследаванняў, каб пераканацца ва ўстойлівасці схілу і канструкцый. І толькі пасля станоўчага заключэння будаўнікі працягнуць працу.
Але ж пад зямлёю тояцца не толькі падступныя крыніцы. Вядома, што на тэрыторыі замка захаваліся падмуркі ўнікальнага храма XIV стагоддзя, а таксама таго будынка, дзе, паводле гіпотэзы некаторых даследчыкаў, праходзілі пасяджэнні Трыбунала Вялікага Княства. Не выключана, што насамрэч дзядзінец змяшчаў куды больш розных аб’ектаў: цягам цяперашніх раскопак у Крэве археолагі робяць адкрыцці адно за адным.
Ды, як патлумачыў архітэктар, далейшыя археалагічныя даследаванні вырашана пакуль не праводзіць: яны вымагаюць шмат часу і сродкаў. Аднак будзе зроблена ўсё належнае, каб спецыялісты маглі арганізаваць раскопкі ў наступныя дзесяцігоддзі.
Адпаведна, на тэрыторыі дзядзінца не плануецца нічога будаваць. Але ён не будзе пуставаць: работнікі культуры Навагрудчыны мяркуюць ладзіць разнастайныя фэсты і музейныя квэсты. І няма сумневу, што замак стане выдатнай пляцоўкай для разнастайных гарадскіх урачыстасцей.
Бязладная забудова ваколіц замка трывае ўжо нават не першае стагоддзе. Андрэй Карпук спадзяецца, што новы праект ахоўных зон, у якім цэнтр Навагрудка разглядаецца як цэласны горадабудаўнічы аб’ект, нарэшце паспрыяе таму, што і “гарнір” да галоўнай турыстычнай стравы з часам стане куды больш адпаведны.
— Праект ужо зацверджаны на абласным узроўні, ухвалены навукова-метадычнай радай пры Міністэрстве культуры, — распавядае архітэктар. — Прычым менавіта члены рады прапанавалі надаць горадабудаўнічаму помніку катэгорыю 1 — статус каштоўнасці міжнароднага значэння.
У праекце вызначаны не толькі зоны аховы, але і зоны рэгуляванай забудовы розных рэжымаў, зона аховы культурнага ландшафту. Для Навагрудка гэта асабліва важны момант: ландшафт тут сапраўды ўнікальны. Па словах Андрэя Карпука, ёсць надзея і прадухіліць далейшыя хібы, і выправіць мінулыя.
— Польскія ўлады ў свой час дапусцілі памылку, разбіўшы ля падножжа замка гарадскі парк, — дадае архітэктар. — Аднак спецыялісты кажуць, што век тых дрэў гадоў праз 10—20 скончыцца. Мы прапануем зрабіць пасадкі не ўсутыч да валоў, а далей, у глыбіні парку. Так партэр перад помнікам спакваля будзе адкрывацца.
Адмысловец спадзяецца, што, калі замак стане паўнавартасным турыстычным аб’ектам, ён сам сабою будзе фарміраваць адэкватнае архітэктурнае асяроддзе (скажам, за кошт належнай інфраструктуры), а таксама вызначаць культурны ландшафт, які ўключае ў сябе не толькі прыгожыя краявіды.
— У цэнтральнай частцы Навагрудка цячэ аж сем ручаёў, якія ўпадаюць у розныя рэкі, а тыя нясуць свае воды ў моры, Чорнае ды Балтыйскае… — кажа Андрэй Карпук. — Вось той вобраз, які стварае імідж горада, што спакон веку быў на скрыжаванні розных культур. І гэтыя адметнасці трэба ўсяляк захоўваць ды выкарыстоўваць для развіцця Навагрудка.
***
На рабочым стале архітэктара — мастацкае фота са знаёмымі ўсім ірванымі абрысамі. Гэта руіны дзвюх веж. Але ж неўзабаве краявід зменіцца да непазнавальнасці. Таму на астатку запытаў у адмыслоўца: ці не боязна трансфармаваць той вобраз, які так трывала адбіўся ў свядомасці многіх?
— Сапраўды, руіны выглядаюць вельмі прыгожа і рамантычна, — пачаў здалёк Андрэй Карпук. — Быў перыяд архітэктурнай моды, калі руіны нават будавалі адмыслова. Ды і сёння за мяжою іх нярэдка кансервуюць, ператвараюць у “стабільныя руіны”. Але, па-першае, у Шатландыі мноства цэлых замкаў. А па-другое, як тэхнічна можна ператварыць тую ж цагляную Шчытоўку ў “стабільныя руіны”, я, па шчырасці, не ведаю. Таму мы і ўключаем рэшткі вежы як экспанат у каркас з сучасных матэрыялаў. А калі пакінуць так, як ёсць, Шчытоўка можа знікнуць ужо на нашых вачах.
Ілья СВІРЫН
Фота аўтара, ілюстрацыі з праекта рэканструкцыі