Фаніпальскія “Жэўжыкі”

Сёлета ўзорная тэатральна-гульнявая студыя “Жэўжыкі” Фаніпальскага гарадскога Дома культуры адзначае 25-годдзе. Юных артыстаў ведаюць далёка па-за Міншчынай, бо яны заўсёднікі самых розных фестываляў. Пра святы і будні выхаванцаў распавяла нязменны кіраўнік калектыву Жанна Скапавец.

Студыя “Жэўжыкі” з’явілася ў 1999-м. На пачатку не было ніякіх амбіцыйных планаў. Сем дзяўчынак 11 гадоў прыдумлялі сабе ролі, прапаноўвалі праграмы і выступалі перад равеснікамі. Усіх гуртавала адно жаданне — граць, дарыць і атрымліваць задавальненне. Калі гледачы шчыра вітаюць цябе апладысментамі, гуляюць з табой і чакаюць новай сустрэчы — гэта ўжо поспех! 

Над назвай калектыву доўга не думалі. Неяк чыталі верш Васіля Віткі, а ў гэтым творы жэўжык — непаседа і гарэза — увесь час складаў жарты. Зусім як выхаванцы студыі — рухавыя, вясёлыя. Пастаянна фантазіруюць і гуляюць. 

За чвэрць стагоддзя было шмат узлётаў і падзенняў, усмешак і слёз, сустрэч, расставанняў і зноў — сустрэч! “Жэўжыкі”-выпускнікі заўсёды прыходзяць на спектаклі малодшых сяброў. Сёння ў калектыве — 18 удзельнікаў. Узрост — ад 7 да 35 гадоў. Усіх па-ранейшаму аб’ядноўваюць імкненне рэалізаваць акцёрскія здольнасці і жаданне падарыць часцінку майстэрства гледачам. Заняткі праводзяцца два разы на тыдзень, а два разы на месяц — генеральныя рэпетыцыі. 

У спектаклях і тэатралізавана-гульнявых прадстаўленнях “Жэўжыкаў” амаль заўжды — добрая доля гумару. Гэта прываблівае публіку. Часам пасля выступленняў захопленыя гледачы звяртаюцца ў студыю, каб стаць яе ўдзельнікамі. 

Звычайна набор ладзіцца ў жніўні. На рэпетыцыі запрашаюць ахвотных, каб яны маглі ўбачыць, як праходзяць заняткі, пазнаёміцца з асноўным складам калектыву і вырашыць, быць новымі “жэўжыкамі” ці не. Таксама на працягу навучальнага года кіраўнік праводзіць майстаркласы ва ўстановах адукацыі і такім чынам прываблівае новых артыстаў. 

Асаблівым поспехам у публікі карыстаюцца спектаклі “Фаніпаль. Мінулае. Будучыня. І сучаснасць”, “Родныя вобразы” (па творах Якуба Коласа), “Лёгкі хлеб”, “Не кажы гоп, пакуль не пераскочыш”. З гэтымі пастаноўкамі “Жэўжыкі” выступалі на абласным фестывалі гульні і гумару “Капыльскія пацехі”, на абласным фестывалі дзіцячай тэатральнай творчасці “Чароўны куфэрак”, на фестывалі беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, на абласных “Дажынках” у Стоўбцах. Адусюль студыя прывозіць узнагароды: граматы, падзякі, дыпломы. 

Таксама ў рэпертуары калектыву — прадстаўленні, якія прапагандуюць здаровы лад жыцця (“Быць здаровым здорава”), бяспеку жыццядзейнасці (“Цветик-семи- цветик”, “Выратуйце Мігай Святлафорыча”, “Небяспечныя свавольствы Карлсана”, “Як Бабу Ягу правілам бяспекі вучылі”). 

Заняткі з юнымі артыстамі праводзяцца ў класічным фармаце. Дзеці развіваюць маўленчае дыханне і артыкуляцыю, дыкцыю з дапамогай скорагаворак і вершаў, складаюць казкі, выконваюць розныя заданні па акцёрскім майстэрстве і сцэнічным руху. У вольны час выхаванцы гуляюць у “Хто я?”, “Кракадзіла”, “Імправізацыю”, ездзяць на экскурсіі ў розныя гарады. 

Вядомы педагог В. А. Сухамлінскі казаў: “Калі дзіця не перажывае барацьбу дабра і зла, калі замест радасных агеньчыкаў захаплення ў яго ў вачах грэбаванне — гэта значыць, нешта ў дзіцячай душы надламана, і шмат сіл трэба прыкласці, каб выпрастаць дзіцячую душу”. Кіраўнік калектыву Жанна Скапавец прызнаецца: “Прыемна, што падчас выступленняў юныя артысты і гледачы перажываюць... У іх вачах столькі эмоцый! І гэта найлепшая падзяка за нашу працу”. 

Ганна САКАЛОВА 

Фота з архіва калектыву