Светлае свята сяброўства

Дзень нацыянальных культур краін — удзельніц Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва адбыўся ў ходзе XXXIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Новы культурны форум аб'яднаў дзяржавы пад дэвізам “За мір і стварэнне — разам з ШАС!” і падкрэсліў высокі ўзровень дыялогу культур.

Упершыню ў Віцебску адбылася сустрэча міністраў культуры краін — удзельніц ШАС “Дыялог культур — фактар яднання народаў краін ШАС”. У пасяджэнні ўдзельнічалі прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Узбекістана, Таджыкістана, Пакістана, Кыргызстана, КНР, Азербайджана, Казахстана, Ірана і Індыі, а таксама генеральны сакратар ШАС Чжан Мін. Падчас мерапрыемства ён павіншаваў Беларусь з тым, што ў пачатку ліпеня краіна стала дзясятай дзяржавай — членам арганізацыі. Паводле яго слоў, Беларусь менш чым праз 10 дзён пасля афіцыйнага ўступлення ў ШАС ужо ў поўнай меры прадэманстравала вялікае значэнне, якое яна надае супрацоўніцтву ў рамках арганізацыі. “Гэта першае мерапрыемства, якое праводзіцца ў краіне пасля яе афіцыйнага ўступлення ў сям'ю ШАС. Мы перакананы, што рэгулярнае ўзаемадзеянне паміж беларускім бокам і членамі ШАС адыграе важную ролю ва ўмацаванні нашага супрацоўніцтва і закладзе аснову для далейшага развіцця ўзаемадзеяння”, — падкрэсліў Чжан Мін.

Высокія госці наведалі музей-сядзібу І.Я. Рэпіна “Здраўнёва”, дзе змаглі ўбачыць рэдкую для творчасці жывапісца карціну “Месяцовая ноч. Здраўнёва” з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея.

Прадстаўнікі дзяржаў — удзельніц і партнёраў ШАС усклалі кветкі да манумента “Тры штыкі” мемарыяльнага комплексу ў гонар воінаўвызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны і ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання. “Няхай адносіны ў гуманітарнай сферы стануць дэманстрацыяй духоўнага адзінства нашых краін, якія прадстаўляюць самыя ўнікальныя і багатыя культуры Еўропы і Азіі. Толькі так, разам, плячом да пляча, мы зможам супрацьстаяць выклікам сучаснай цывілізацыі, сярод якіх — забыццё гістарычнай памяці, агрэсія масавай культуры і маральная ўсёдазволенасць”, — адзначыў міністр культуры Беларусі Анатолій Маркевіч падчас мерапрыемстваў.

Калідор сяброўства, унікальны дыван ШАС, вытканы віцебскімі майстрамі, старажытны беларускі звычай завязвання стужачак на дрэва — на поспех і выкананне жаданняў, яркія нумары ад вядучых творчых калектываў — беларусы змаглі ўразіць гасцей!

Дэлегацыям, што прыехалі на Дні нацыянальных культур краін — удзельніц ШАС, уручылі духмяныя караваі. Гасціннасць — адметная рыса нашага народа.

Упершыню ў рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” народы Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва разам прадэманстравалі свае культуры.

Святлана ЧЭКАЛАВА

Фота Ульяны КАСЦЮНІНАЙ