Што хаваюць карані

Апублiкавана: 21 лiпеня 2024 Стужка Музеі Гомель і вобласць

Аўтар: Аўтары

Нядаўняя непагадзь на Гомельшчыне прынесла не толькі разбурэнні, але і гістарычныя адкрыцці. Дзіўную знаходку пасля ўрагану зрабілі супрацоўнікі Гомельскага палацава-паркавага ансамблю. 

Падчас агляду паркавай тэрыторыі спецыялісты выявілі паваленае дрэва, у каранях якога прыкмецілі сляды цаглянай кладкі. Пасля пільнага агляду і расчысткі адмыслоўцы ўстанавілі: аб’ект з заглыбленым падмуркам мае васьмівугольную форму і абліцаваны мармурам. Знойдзенае збудаванне ідэнтыфікавалі як чашу аднаго з фантанаў, што некалі ўпрыгожвалі парк. 

Па словах намесніка дырэктара палацава-паркавага ансамблю па навуковай рабоце Дзмітрыя Ліндзянкова, гэтыя архітэктурныя формы захаваліся на шэрагу графічных матэрыялаў у фондах музея. Яны пазначаныя на планах другой паловы ХІХ стагоддзя, а таксама адлюстраваныя на фотаздымках 1930-х. На жаль, фантаны не перажылі Вялікую Айчынную вайну і ў сярэдзіне мінулага стагоддзя іх рэшткі былі засыпаныя зямлёй. Цяпер прапрацоўваецца пытанне аб далейшым лёсе знаходкі і яе абазначэнні на мясцовасці. 

Гомельскі палацава-паркавы ансамбль унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей і мае катэгорыю “0”, то-бок адносіцца да каштоўнасцей, што валодаюць сусветнай значнасцю. Парк у горадзе над Сожам — адзін з найбольш захаваных у Беларусі. Гэта выдатны ўзор садова-паркавага мастацтва ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя.