Учора, 11 ліпеня, увечары адбылося ўрачыстае адкрыццё ХХХІІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.
Але свята стартавала яшчэ за два дні да таго: 9-га прайшло шоу “Госці з будучыні”, якое стала першым у гэтым годзе канцэртам у Летнім амфітэатры. На імпрэзе прагучалі інтэрнэт-хіты, папулярныя ў дзяцей і моладзі, выступілі вядомыя салісты і калектывы, блогеры і тыктокеры. Падчас мерапрыемства адбылося лёсаванне XXII Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск”, а таксама ўзнагароджанне пераможцаў VI Міжнароднага танцавальнага праекта Dream Dance Fest.
“Славянскі базар” толькі пачынаецца — наперадзе безліч цікавага. Мы звярнуліся да некаторых удзельнікаў творчага форуму, каб яны больш падрабязна распавялі пра свае фестывальныя праекты.
Вікторыя АЛЕШКА, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь:
— “Славянскі базар у Віцебску” — вельмі значны для кожнага артыста фестываль. Тут можна паказаць новыя песні, сустрэцца з калегамі з розных краін, акунуцца ў асаблівую незабыўную атмасферу свята, сяброўства, добразычлівасці. І, вядома, мастацтва! “Славянскі базар” збірае ўвесь спектр музычных жанраў, відаў мастацтва. Таму штогод я з хваляваннем чакаю запрашэння, атрымліваю яго і з заміраннем сэрца рыхтуюся да сустрэчы са сваімі слухачамі.
Сёлета на фестывалі ў мяне дзве важныя падзеі: 10 ліпеня ў закрытым фармаце адбылася прэзентацыя новага альбома, а ў нядзелю 14-га пройдзе сольнік у канцэртнай зале “Віцебск”. Праграму “Сапраўднае золата” я паказвала год таму ў Мірскім замку, потым шмат гастралявала з ёй па краіне — усюды прымалі вельмі і вельмі добра. Мабыць, таму дырэкцыя “Славянскага базару” запрасіла мяне з гэтым канцэртам і на цяперашні фестываль. Выступленне будзе вельмі душэўным, у найлепшым сэнсе слова хатнім, бо гэта ж эстрадны шансон! Прадстаўлю і прэм’еры — новыя песні на музыку Алега Шаўмарава і словы Ганны Сялук. Пра што прэм’ерныя кампазіцыі? Вядома, пра каханне! Пра любоў і каханне — усе мае песні: тэма папраўдзе вечная, яна ніколі не састарэе. Прыходзьце паглядзець і паслухаць.