Народны ансамбль народнай песні “Вечарынка” з пасёлка Ялізава адзначае 50 гадоў творчай дзейнасці. Неверагодна, але за такі працяглы час склад калектыву амаль не змяніўся. Гурт зберагае асаблівыя традыцыі, характар і ўнікальную манеру выканання. Пра яркі шлях у паўстагоддзя расказалі кіраўнікі “Вечарынкі” Джэма Рабава і Анатоль Пятраеў.
Фальклорны ансамбль быў заснаваны ў 1974 годзе перад Міжнародным жаночым днём. Выступленні калектыву больш нагадвалі традыцыйныя беларускія вячоркі, калі дзяўчаты ды кабеты з песнямі ды шчырымі размовамі бавілі час за працай. Адсюль і першая назва гурта — “Вячоркі”.
У той склад увайшлі прадстаўнікі розных прафесій — рабочыя, творчыя і тэхнічныя адмыслоўцы, а таксама пенсіянеры. Кожны прыўносіў нешта сваё. Разам яны выконвалі песні пад баян, выкарыстоўвалі розныя шумавыя інструменты — бубен, трашчоткі.
Удзельнікі ансамбля, 1999 год
У 1979-м кіраўніком стала выпускніца Магілёўскага музычнага вучылішча Джэма Рабава. Яна зрабіла ўпор на павышэнне прафесійнага ўзроўню артыстаў, узбагаціла праграму выступленняў народнымі і сучаснымі беларускімі ды рускімі песнямі. У рэпертуары з’явіліся і сцэнічныя пастаноўкі. Акампаніраваць калектыву запрашалі настаўнікаў мясцовай музычнай школы, а неўзабаве з іх выхаванцаў вырасла інструментальная група на чале з самадзейным кампазітарам Віктарам Шышкаўцом.
У 1995 годзе фальклорны ансамбль “Вячоркі” прадставіў камісіі праграму, якая дазволіла яму атрымаць званне народнага. Пасля гэтай падзеі было вырашана перайменаваць гурт. Так з’явіўся народны ансамбль народнай песні “Вечарынка”. Другім кіраўніком і канцэртмайстрам стаў даўні ўдзельнік калектыву — вядучы саліст Анатоль Пятраеў.
Сёння ў “Вечарынцы” — 10 чалавек, адданых любімай справе. Гэта сапраўдная сям’я. Збольшага склад ансамбля нязменны, але творцы заўсёды рады навічкам. Галоўнае патрабаванне да ахвочых далучыцца — шчырая любоў да песні.
Рэпеціруюць самадзейныя артысты два-тры разы на тыдзень. Напярэдадні важных мерапрыемстваў сустракаюцца значна часцей. Большасці ўдзельнікаў — за 70. На жаль, шмат каго ўжо падводзіць здароўе. З астатнімі цяжкасцямі выканаўцы за столькі гадоў сумеснай працы навучыліся лёгка спраўляцца. Добры настрой дапамагае ўвасабляць яркія пастаноўкі, развучваць новыя творы і нават элементы аўтэнтычных танцаў.
Рэпертуар ансамбля багаты. Гэта народна-абрадавыя песні, кампазіцыі сучасных аўтараў на патрыятычную, ваенную, сямейна-бытавую тэматыку. Важнае месца ў праграмах “Вечарынкі” займаюць лірычныя песні, якія расказваюць пра родны край, яго прыроду, людзей і ствараюць душэўную атмасферу на кожным канцэрце. Іменна таму “Вечарынка” вельмі папулярная сярод жыхароў Ялізава.
Народны ансамбль народнай песні "Вечарынка", 2006 год
Калектыў ганарыцца паспяховымі выступленнямі на міжнародным фестывалі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”, свяце “Глушанскі хутарок” пад Бабруйскам. “Вечарынка” — пастаянны ўдзельнік рэгіянальных “Дажынак” у Магілёўскай вобласці.
Сваю місію народны ансамбль народнай песні “Вечарынка” бачыць у захаванні традыцый роднай зямлі, папулярызацыі беларускіх песень і ва ўмацаванні сяброўства славянскіх народаў. Калектыў імкнецца далучацца да як мага большай колькасці фестываляў і конкурсаў, што праводзяцца ў нашай краіне. Самае адказнае мерапрыемства ў гэтым сезоне — юбілейны канцэрт “Нам усяго 50!”.
Найважнейшым дасягненнем за паўстагоддзя артысты лічаць тое, што, нягледзячы на вялікі стаж, гурт жыве насычана: удзельнічае ў творчых спаборніцтвах, заваёўвае дыпломы, атрымлівае тытул лаўрэата. Калектыў “Вечарынка” з гонарам носіць званне народнага і пацвярджае яго на працягу многіх гадоў.
Ганна САКАЛОВА
Фота з архіва ансамбля