Беларускі дзяржаўны цырк ярка ўварваўся ў новы сезон з праграмай “Цыркалета”. У ёй удзельнічаюць любімыя айчынныя артысты і запрошаныя госці з Расіі і Манголіі. На арэне дэманструюць складаныя акрабатычныя нумары і атракцыёны з дзікімі жывёламі. Чым яшчэ будуць здзіўляць публіку?
Набыўшы квіток на новае шоу Белдзяржцырка, вы аўтаматычна адпраўляецеся ў імправізаваны адпачынак. Усё пачынаецца з таго, што вядучы Дзмітрый Аляксандраў забараняе любыя трэніроўкі, выступленні і раіць артыстам спакаваць багаж. Кожны бярэ з сабой самае неабходнае: гіры, кеглі, абручы, музычныя інструменты і нават жывёл! Першай на “перон” прыбудзе Лілія Максіменка з вялікімі чамаданамі і сабачкамі. І адразу падорыць публіцы зарад мілаты і бадзёрасці. Далей сваёй моцай уразіць асілак Багдан Казакоў, які ў якасці размінкі пагне металічную палку зубамі, а пасля ўзваліць на спіну сапраўднае піяніна і з лёгкасцю пранясе яго па арэне. На канструкцыі ў выглядзе скрыпічнага ключа ўзляціць пад купал цырка беларуская паветраная гімнастка Анастасія Каваленка — і гледачы замруць ад страху і захаплення.
Завершыць першае аддзяленне з’яўленне на манежы яркіх птушак. Як кажа дырэктар цырка Уладзімір Шабан, асаблівую цікавасць выклікаюць нумары з папугаямі. Таму ў Мінск другі раз запрасілі расійскага артыста Алега Хоціма. Па яго словах, сакрэт поспеху “Шоу папугаяў” — правільна падабраныя трукі. Дрэсіроўшчык ніколі не ідзе супраць волі сваіх выхаванцаў. З імі трэба знаходзіць кампраміс і пры дапамозе пачастункаў і хітрасці дамагацца жаданага выніку. Праз такі падыход яго ўлюбёнка Мальвіна без праблем катаецца на ровары, роліках і самакаце, гуляе ў мячык, куляецца, ляжыць на спіне, стаіць на галаве.
— Дзякую за магчымасць чарговы раз выступаць у Белдзяржцырку. Тут я адчуваю цёплую хатнюю атмасферу. Для мяне працаваць з птушкамі — задавальненне. Я атрымліваю асалоду ад кожнага праведзенага моманту на манежы, — падкрэслівае Алег Хоцім. — Са сваімі падапечнымі я праводжу шмат часу, і побач заўсёды ёсць асістэнт, які назірае за імі ў рэжыме 24 на 7. Мае 12 папугаяў не размаўляюць, таму што жывуць у зграі. Затое яны высока лётаюць. Сваё шоу я заўсёды завяршаю своеасаблівым “кругам пашаны”, калі некалькі птушак узлятаюць пад купал цырка.
У праграме “Цыркалета” таксама задзейнічаны кошкі, сабакі, коні. Але больш за ўсё гледачы чакаюць з’яўлення на арэне тыграў. Гэтым разам знакаміты атракцыён з удзелам усурыйскіх вялікіх кошак прывезлі заслужаныя артысты Расіі Артур і Карына Багдасаравы. Яны ўжо наведвалі наш цырк да рэстаўрацыі і цяпер уражаны яго зменам:
— Мы з сястрой любім Мінск і з радасцю прыехалі сюды зноў. Беларускі глядач прывык да якасных цыркавых праграм, што абавязвае адпавядаць гэтаму патрабаванню. Не ва ўсіх краінах ёсць стацыянарныя будынкі, таму Беларусь выгадна адрозніваецца ў гэтым плане ад астатніх. У вас ёсць такі прыгожы храм цыркавога мастацтва, які наведвае велізарная колькасць людзей. І я прыемна здзіўлены, што ўсё падтрымліваецца ў ідэальным стане. Адчуванне, што рамонт скончылі ўчора, — дзеліцца эмоцыямі Артур Багдасараў. — Мы плануем запрасіць усіх ахвотных на адкрытыя рэпетыцыі, каб расказаць пра нашы прынцыпы працы з дзікімі жывёламі і этычнасць метадаў дрэсіроўкі.
Кіраўнікі нумара “Тыгры-шоу” Карына і Артур Багдасаравы дадалі, што прывезлі зусім новы варыянт, які бачылі толькі ў Маскве і Казані. На манежы іх падапечныя паслухмяна становяцца на заднія лапы і пераскокваюць праз кольцы. Пад рытмы танга дрэсіроўшчыкі кружаць вакол вялікіх котак і нават танчаць з імі! Цікава, што разам з дарослымі жывёламі прыехала і тыграня, у якога пакуль няма імя. Артысты не выключаюць, што менавіта падчас знаходжання на беларускай зямлі яны абяруць найлепшае.
Апошнім дзеяннем праграмы стане нумар “Акрабаты на падвойным трампліне”, які пакажуць атлеты з Манголіі. У ім задзейнічаны 10 чалавек, якія працуюць без страхоўкі: яны выконваюць складаныя трукі — падвойнае і патройнае сальта, а таксама будуюць калоны з некалькіх артыстаў.
— Вялікі дзякуй беларускаму боку за запрашэнне. Наша трупа тут упершыню, наогул для нас гэта першыя замежныя гастролі. Плануем выступіць на III Мінскім міжнародным фестывалі цыркавога мастацтва ў верасні, — адзначае кіраўнік Эрдэне Нергуй. — Свой нумар мы рэпетавалі амаль тры гады. І ўпершыню прадстаўляем яе на такой вялікай арэне.
Акунуцца ў свет цыркавога чараўніцтва і маляўнічых летніх уражанняў можна з 25 мая па 4 жніўня. Адчуванне, што наведаў самы незвычайны курорт, — гарантаванае!
Настасся ЮРКЕВІЧ
Фота Ульяны КАСЦЮНІНАЙ