Апаленыя лёсы, увасобленыя ў фарбах

Тэма Вялікай Айчыннай вайны вось ужо каторае дзесяцігоддзе з’яўляецца для беларускага выяўленчага мастацтва асабліва важнай — што парадзіла мноства шэдэўраў, якія назаўсёды ўрэзаліся ў памяць гледачу. Аднак на выставе “Голас ваеннага пакалення”, якая працуе ў сталічным Палацы мастацтва, культавыя работы Волкава, Савіцкага, Грамыкі ў чарговы раз не пабачыш. Тут прадстаўленыя пераважна тыя аўтары, чые імёны “не на слыху”, а карціны не пазнаюцца з першага позірку. Але ж ліхалецце пакінула адчувальны след не толькі ў іх творчых біяграфіях… 

ІНТАНАЦЫЯ РАСПОВЕДУ ПРА ТРАГЕДЫЮ 

Наконт уплыву асабістага лёсу на творчасць можна разважаць да бясконцасці — хаця б нават на прыкладах тых айчынных мастакоў, якія зведалі жах вайны. І відавочным будзе адно: у кожнага гэтая повязь своеасаблівая. Хтосьці на працягу ўсяго наступнага жыцця несупынна вяртаўся ў думках на фронт Вялікай Айчыннай, а хтосьці — як, напрыклад, Леанід Шчамялёў — гаварыць на гэтую тэму не любіў, а ў фарбах яе ўвасабляў рэдка (але, трэба адзначыць, вельмі трапна). 

Будучы мастак Эдуард Куфко трапіў у нямецкі канцлагер як ваеннапалонны. Пабачанае ў тыя гады пранёс праз усё жыццё, што вылілася ў серыю твораў (на выставе прадстаўлены толькі адзін з іх), якая добра дапаўняе знакаміты цыкл Міхаіла Савіцкага “Лічбы на сэрцы”. Абодвух аўтараў яднала памкненне шукаць для выяўлення свайго балючага досведу дасканалую мастацкую мову. Карціна “Асвенцім” сведчыць: наколькі б балючымі ні былі асабістыя перажыванні, Куфко (як, вядома, і Савіцкі) такую мову — пераканаўчую ды ўніверсальную — знайшоў. 

"Беларусь. 1944", Уладзімір Пасюкевіч 

А вось Абрам Кроль, які ў 1960-я ствараў экспазіцыю Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, у вольны час ахвотней маляваў пейзажы. Хаця вайну ён зведаў ад пачатку і да канца — у 1941-м пайшоў добраахвотнікам, пакінуўшы ў Мінску сям’ю. І болей ніколі яе не пабачыў... Прадстаўленая ў Палацы мастацтва карціна “Партызаны Міншчыны” — тыповы для свайго часу эпічны твор з дакладна выверанай кампазіцыяй, увагай да дэталяў і партрэтным падабенствам (у цэнтры, як і належыць, — суровы і мудры Васіль Казлоў). Аднак зусім не другарадную ролю тут грае і фон — беларускі краявід напрадвесні. Снег яшчэ пакрывае палеткі (дзеянне ж адбываецца ў часы акупацыі), але паветра ўжо прасякнутае святлом аднаўлення. 

А вось твор “Сям’я партызана” Алега Казака мае зусім іншы настрой, не патэтычны, а драматычны. Гэта не парадны калектыўны партрэт — жанр, які ад пачатку прызначаны для аздаблення грамадскай прасторы, — а спроба аўтара адчуць і перадаць эмоцыі, што панавалі на акупаванай зямлі. На твары галоўнага героя — сум, стомленасць… Ды разам з тым і рашучасць ісці шляхам змагання да канца. Мяккае і адданае разуменне яго выбару прачытваецца ў позірку жонкі партызана — хаця яны, як вядома, часта падзялялі сумны лёс мужоў… 

НІБЫ СВЯШЧЭННАДЗЕЙСТВА 

Бадай, самай балючай для нашага народа тэме — пачатку вайны — на выставе прысвечаныя адразу некалькі нетрывіяльных паводле стылістыкі твораў. Здавалася б, набор вобразаў і колеравая палітра ў дадзеным выпадку цалкам прадказальныя. Але ж на карціне франтавіка Міхася Чэпіка няма змрочных фарбаў, няма адчування роспачы і краху жыцця. Няма там і рэалістычнай праўдападобнасці. Твор досыць сімвалічны і стрымана ўзнёслы. Мастак адлюстроўвае нібы нейкае свяшчэннадзейства — народ падымаецца на ўсеагульнае змаганне. 

А знакаміты жывапісец Павел Масленікаў, які таксама зведаў жахі вайны, нават у карціне “Мінск. 22 чэрвеня 1941 года” застаецца верным сваім яркім колерам. І толькі прыгледзеўшыся, заўважаеш, як знаёмы пейзаж цэнтра Мінска (людзей у творы наогул няма) нібы паглынае трывожнае зарыва. Так фарбы вайны ўрываюцца ў звычайнае мірнае жыццё… 

НЕ ТОЛЬКІ РЭАЛІЗМ 

Згодна са стэрэатыпам, у раскрыцці такой важнай тэмы, як вайна, ад мастака ў савецкі час патрабаваўся рэалістычны падыход. Ды на выставе можна знайсці абвяржэнні. Прыкладам, цалкам сабе мадэрнісцкая “Атака” Мікалая Цудзіка выглядае на спробу адлюстраваць дынаміку бою праз прызму суб’ектыўнага бачання. І ўражлівы глядач можа адчуць сябе на месцы аднаго з байцоў, які ўслед за паплечнікамі бяжыць на пазіцыі ворага пад выбухі снарадаў і рокат кулямётаў. 

Карціна Уладзіміра Пасюкевіча “Беларусь. 1944” фармальна рэалістычная. Аднак той, хто крыху ведае гісторыю, ухопіць вокам “нестыковачку” — у творы дзеянне адбываецца ў халодную пару, хаця аперацыя “Баграціён” праходзіла ўлетку… І адразу згадае, што на пачатку 1944-га на Беларусі адбываліся страшныя баі — зусім не такія пераможныя, як пазней, і таму малавядомыя. Можа, менавіта гэтым абумоўлены драматызм, якім прасякнуты кожны сантыметр твора... 

"Мінск. 22 чэрвеня 1941 года", Павел Масленікаў 

Зусім іначай вядомы сюжэт — мясцовыя жыхары сустракаюць салдат-вызваліцеляў — адлюстраваны ў карціне Фёдара Бараноўскага: 3 ліпеня 1944 года настрой быў куды больш радасны, усе разумелі, што Перамога ў сталіцу Беларусі прыйшла назаўсёды. Самому аўтару ў той дзень акурат споўнілася дваццаць. Хто мог ведаць, што наперадзе яго чакаюць цяжкія баі ў Кёнігсбергу, кантузія, інваліднасць па слыху… Але ж да сюжэта, які адлюстроўвае радасць вызвалення Мінска, Бараноўскі вяртаўся не раз цягам усяго свайго доўгага жыцця. 

Чаго бракуе на выставе, дык гэта суправаджальнага тэксту, які б праводзіў паралелі паміж біяграфіямі аўтараў ды іх творамі. Думаецца, такія эксплікацыі значна набліжалі б да гледача карціны, прыналежныя, паводле сваёй эстэтыкі, ужо да іншай эпохі, для моладзі малазнаёмай. 

Сама выстава невялікая — прыстасаваная да той прасторы ў фае Палаца, уваход у якую вольны. І гэтая акалічнасць мае сур’ёзнае выхаваўчае значэнне. А паколькі праект працягваецца, можна спадзявацца ўбачыць у чарговых яго частках і многія іншыя творы на ваенную тэматыку, назапашаныя ў калекцыі Беларускага саюза мастакоў. 

Ілья СВІРЫН 

Фота аўтара