Моладзь — найважнейшы рэсурс краіны

Пытанні рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў сферы культуры былі разгледжаны падчас выязной калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Мерапрыемства праходзіла ў Маладзечне. 

У складзе ўдзельнікаў — супрацоўнікі Міністэрства культуры на чале з першым намеснікам міністра Валерыем Грамадой, прадстаўнікі ўпраўленняў культуры абласцей і Мінска, а таксама ўстаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. 

Перадусім адбылася цырымонія ўскладання кветак да мемарыяла ў гонар вызваліцеляў Маладзечна ў парку культуры і адпачынку імя Перамогі. Памяць абаронцаў Айчыны ўшанавалі хвілінай маўчання. 

Палац культуры, дзе праходзіла пасяджэнне, сустрэў гасцей яркім флаг-шоу ў выкананні ўзорнага харэаграфічнага ансамбля “ВіЗаВі”. На розных лакацыях былі прадстаўленыя найлепшыя напрацоўкі адукацыйнай, выставачнай і культурнай прасторы Мінскай вобласці. 

Пад суправаджэнне духавога аркестра Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага былі прадстаўлены праекты дзіцячага цэнтра культуры “Расток”: “Маладзёжны мікс” і “Наша роднае — беларускае, народнае”, які ўключае майстар-клас па танцах, інтэрактыўную гульню і фотасесію з элементамі народнай творчасці. 

Досведам на тэматычных пляцоўках падзяліліся Маладзечанскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік”, Цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча, раённы цэнтр рамёстваў, Палац культуры. Працавалі тэлестудыі “Наш час” і “Люстэрка”, якія не толькі прэзентавалі свае праекты, але і ў прамым эфіры правялі інтэрв’ю з удзельнікамі калегіі.

ДАСЯГНЕННІ І ПЕРСПЕКТЫВЫ 

Адкрываючы пасяджэнне, першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валерый Грамада адзначыў, што моладзь — найважнейшы рэсурс эканамічнага росту і палітычнай стабільнасці нашай краіны. Ён падкрэсліў, што развіццё асобы, фарміраванне светапогляду маладога пакалення і запатрабаванай кампетэнцыі з’яўляюцца галоўнымі прыярытэтамі ў выхаваўчай рабоце ўстаноў адукацыі і ўсіх працоўных калектываў. 

Сёння ва ўстановах адукацыі сферы культуры навучаецца 126 тысяч чалавек, для якіх дзяржавай створаныя ўсе ўмовы для атрымання якаснай адукацыі. Гэта льготы пры паступленні і стыпендыі, у тым ліку са спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Даюцца зніжкі на кошт навучання, ажыццяўляецца перавод з платнага на навучанне за кошт бюджэту, выплачваюцца прэміі і надбаўкі маладым спецыялістам. 

Валерый Грамада таксама адзначыў, што вялікая работа ў сферы культуры праводзіцца і па стварэнні спрыяльных умоў для рэалізацыі творчага патэнцыялу навучэнцаў і студэнтаў, у краіне ладзяцца шматлікія фестывалі і конкурсы, падтрымка таленавітай моладзі аказваецца на ўсіх узроўнях, актыўна працуе інстытут настаўніцтва. Таленавітая моладзь уносіцца ў банк звестак, і студэнты, уключаныя ў яго, накіроўваюцца на праходжанне практыкі ў найлепшыя творчыя калектывы краіны. 

Першы намеснік міністра таксама адзначыў, што, нягледзячы на мноства станоўчых аспектаў, ёсць пытанні, якія патрабуюць больш пільнай увагі. Гэта і мэтавая падрыхтоўка, і ўзаемадзеянне з грамадскімі арганізацыямі, і шэраг іншых, якія і былі абмеркаваныя на пасяджэнні калегіі. Акрамя таго, разглядаліся новыя магчымасці і сэнсавыя формы ўключэння моладзі ў ідэйна-патрыятычныя мерапрыемствы, сістэма патрыятычнага выхавання як інструмент рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ва ўстановах адукацыі, вынікі работы з моладдзю ў мінулым навучальным годзе. 

ГАРАНТЫІ І МАГЧЫМАСЦІ 

З асноўным дакладам выступіла начальнік аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Марына Юркевіч, якая адзначыла, што ў Беларусі налічваецца больш за паўтара мільёна маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 30 гадоў, якія здолеюць рэалізаваць свой патэнцыял толькі тады, калі грамадства ім дасць гарантыі атрымання ведаў, адпаведнай прафесійнай падрыхтоўкі і магчымасці ўключэння ў самастойнае жыццё. 

Установы адукацыі сферы культуры карыстаюцца поспехам у абітурыентаў, адкрываюцца новыя спецыяльнасці. З мэтай паляпшэння якасці адукацыі і ўдасканалення навучальнага працэсу летась былі распрацаваныя і зацверджаныя 24 нарматыўна-прававыя акты. Міністэрства культуры надавала вялікую ўвагу матэрыяльна-тэхнічнай базе ўстаноў адукацыі. Паскоранымі тэмпамі ішлі ўзвядзенне новага будынка Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава, падрыхтоўка да капітальнага рамонту будынка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і цякучага рамонту карпусоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. 

Таксама з дакладамі выступілі начальнік галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Ала Шахоцька, намеснік дэкана тэатральнага факультэта па выхаваўчай рабоце Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Наталля Башава, намеснік дэкана факультэта музычнага і харэаграфічнага мастацтва па выхаваўчай рабоце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Андрэй Міргародскі, дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Ірына Махалёва, дырэктар Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа Зорыя Дусенка, дырэктар Рэспубліканскай гімназіі-каледжа Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Наталля Кароціна. 

Яркім акордам, які завяршыў пасяджэнне калегіі, стала выступленне народнага эстраднага аркестра “Бай Блюз” Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа імя М.К. Агінскага з удзелам салістаў маладзечанскага Палаца культуры, што прадставілі канцэртную праграму “У сэрцах пакаленняў”, прымеркаваную да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 

Антон РУДАК 

Фота аўтара і з Telegram-канала Міністэрства культуры