Ансамбль танца, музыкі і песні “Талака” Віцебскай абласной філармоніі адзначае 30-годдзе — вядома, канцэртам. Юбілейнае выступленне адбудзецца 29 мая. Каб даведацца падрабязнасці, мы пагутарылі з мастацкім кіраўніком калектыву Аляксандрам Верам’ёвым.
— Гледачам прапануем поўны каляндарна-абрадавы цыкл, — прыадкрыў таямніцу Аляксандр Уладзіміравіч. — У першым аддзяленні пакажам новую праграму “Услед за сонцам”, у якой пройдземся па народных звычаях і святах вясны ды лета — ад “Гукання вясны” праз Вялікдзень, Юр’е, Купалле, Тройцу да жніва. Другое ж аддзяленне, прысвечанае восені і зіме, складуць нумары, якія ўжо палюбіла публіка, — сярод іх і калядны. Увогуле ж, у нашым рэпертуары — безліч народных танцаў, песень усіх рэгіёнаў, а інструментальная група выконвае не толькі беларускі фальклор, але і музыку іншых народаў.
— За 30 гадоў у вас было шмат замежных гастролей: калектыў пабываў і ў Расіі, і ў Андоры — ва ўсёй Еўропе.
— Так, мы працавалі на кожнай Сусветнай выставе “Экспа” апошняга часу: у Шанхаі (2010), Мілане (2015), Дубаі (2021). Пасля выступленняў у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах атрымалі Ганаровую грамату Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, 17 гадоў запар калектыў ездзіў у Іспанію — кожны раз гастраляваў з паўтара месяца. Ансамбль запрашалі на свята, што ладзіцца пасля збору ўраджаю. У нас гэта Дажынкі, а ў іх — дзень святога, які апякуе тую ці іншую мясцовасць.
— Назва “Талака” азначае сумесныя дзеянні, узаемадапамогу. Напэўна, вы не такі кіраўнік, які ўсё вырашае сам і не цярпіць ініцыятывы “падначаленых”?
— Ні ў якім разе! Заснавальнік ансамбля Мікалай Падаляка заклаў традыцыю выхоўваць уласныя кадры. Я ў “Талацэ” — усе 30 гадоў. Пачынаў выканаўцам, з часам узяўся ставіць нумары, нарэшце дарос да кіраўніка. Штосьці падобнае адбываецца і з іншымі ўдзельнікамі. Тая ж Вольга Сіўцова пачынала артысткай, потым заняла месца музычнага кіраўніка і цяпер прапаноўвае ўласныя кампазіцыі. Спявак Валерый Бруйко сёння хормайстар і аўтар песень. Мы нікому не забараняем ніякія творчыя памкненні, кожнаму даём магчымасць рэалізаваць прафесійны патэнцыял, таму выгадавалі ўласных аўтараў. Гэта вызначае наш адметны почырк. Мы нікога не капіруем, не перапяваем, а выкарыстоўваем арыгінальны матэрыял. І робім гэта разам — талакой, як гаварылі ў народзе. У калектыву ёсць усе тры складнікі, што і ствараюць агульнае відовішча, блізкае да работы не проста народнага гурта, а сапраўднага фальклорнага тэатра: вакалісты, танцоўшчыкі, інструменталісты.
— Ці закранае вас праблема змены пакаленняў?
— Вядома. Асабліва гэта тычыцца балета. Першы склад, паступова сабраны Мікалаем Падалякам, адпрацаваў 20 гадоў. Артысты, што прыйшлі ў калектыў за апошняе дзесяцігоддзе, — гэта новае пакаленне. І мы адкрытыя творчай моладзі, здольнай прыўнесці ў аблічча ансамбля яркія рысы.
— Дасце юбілейны канцэрт — і адразу ў адпачынак?
— Толькі пасля “Славянскага базару”! У гэтым фестывалі мы ўдзельнічаем штогод.