Сёлета Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы святкуе 80-гадовы юбілей. Гісторыя ўстановы, равесніцы вызвалення, пачалася яшчэ падчас Вялікай Айчыннай. Сёння музей беражліва захоўвае спадчыну вялікага беларускага паэта, які да апошніх дзён услаўляў у творах свой народ і стаяў на чале духоўнага супраціўлення фашысцкай агрэсіі.
Музей быў створаны 25 мая 1944 года пры Акадэміі навук Беларускай ССР. Першыя ж госці наведалі “Купалаў дом” у верасні 1945-га. Узнікненне музея — адзін са здабыткаў доўгачаканага вызвалення. У гэтым перакананая дырэктар установы Ганна Галінская:
— Так сталася, што Янка Купала не ўбачыў Перамогу, але з самых першых дзён вайны класік пісаў вершы з надзеяй на яе, — гаворыць кіраўніца музея. — Калі паэта аднойчы запыталі, што ён будзе рабіць пасля вызвалення, той адказаў, што хацеў бы стаць мулярам, каб аднавіць разбураны Мінск.
Ганна Васільеўна падкрэслівае, што музей нельга аддзяліць ад парка, які носіць імя Песняра і сёлета таксама адзначае юбілей. Гэта цэласны комплекс, што ўключае велічны помнік паэту і фантан “Вянок”.
Першым дырэктарам была ўдава класіка. Уладзіслава Францаўна Луцэвіч стварала музей на папялішчы фактычна з нуля: падчас нямецкай бамбардзіроўкі драўляны іх дом згарэў. З таго, што магло б увайсці ў экспазіцыю, ацалела толькі некалькі асобнікаў кніг і рукапісаў. На дапамогу Уладзіславе Францаўне прыходзілі сябры Янкі Купалы, якія, што маглі, адрывалі ад сэрца і перадавалі ў музей. Паспрыяў і Якуб Колас.
Сёння папаўняць музейныя фонды супрацоўнікам дапамагаюць Міністэрства культуры і простыя людзі, аматары творчасці беларускага пісьменніка. Спадчына Купалы трапляе ў калекцыю ў тым ліку праз аўкцыёны або з асабістых збораў.
Так за апошні час калекцыі ўзбагаціліся на арыгінальны фотаздымак Янкі Купалы 1934-га з дарчым надпісам паэта і гравюрай Сямёна Геруса.
— Музей не толькі справа яго супрацоўнікаў, гэта калектыўная работа і навукоўцаў, і проста зацікаўленых людзей, — лічыць загадчык аддзела навукова-экспазіцыйнай выставачнай работы Марыя Барткова. — Таму, калі любіце Купалу і маеце нейкую цікавую інфармацыю — далучайцеся, будзем рады.
Аднак найлепшай падтрымкай для музея стане наведванне экспазіцый ды імпрэз, што ладзяцца для ўсіх прыхільнікаў творчасці Янкі Купалы і якіх запланавана шмат да юбілею.
Святкаванне не абмяжоўваецца адным днём. Праекты да круглай даты музей ладзіць на працягу ўсяго года. На пачатку сакавіка адбыўся сумесны праект з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі “Музыка ў музеі”, у рамках якога прайшлі канцэрт, прысвечаны Уладзіславе Луцэвіч, і музычна-літаратурны вечар для студэнтаў з Кітая. Трэба адзначыць, Янка Купала садзейнічаў развіццю сяброўства і супрацоўніцтва беларусаў з народамі замежных краін. Цікава, што менавіта ў Пекіне прайшла першая міжнародная выстава, прысвечаная 75-годдзю з дня нараджэння беларускага Песняра.
— Асноўнае юбілейнае мерапрыемства запланавана на 24 мая. Дзякуючы сучасным сродкам відэасувязі ва ўрачыстасцях прымуць удзел расійскія калегі з Пячышчаў і Ульянаўска, — распавядае дырэктар музея Ганна Галінская. — Але гэта толькі пачатак. У рамках новага культурна-адукацыйнага праекта “Скарбонка талентаў”, прымеркаванага да 80-годдзя музея, мы прапануем нашым гасцям паглыбіцца ў творчы свет народнага паэта Беларусі і адкрыць для сябе новыя асабістыя магчымасці і здольнасці з дапамогай знакамітых майстроў ці проста таленавітых людзей. Мы арганізоўваем майстар-класы па асваенні тэхнікі арыгамі, саломапляцення, лозапляцення, вырабе ўпрыгажэнняў...
Працягнецца і грамадска-культурная акцыя “Чытаем Купалу разам”, якая ладзіцца з 2012 года з мэтай папулярызацыі спадчыны Песняра. Слова Купалы — гэта аснова акцыі. Распрацаваны макет паштоўкі з вершамі паэта ў перакладах на 85 моў. Правядзенне акцыі ажыццяўляецца падчас экскурсій, вернісажаў, літаратурна-музычных вечарын. Удзельнікамі праекта ў розныя часы былі прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, беларускія дыяспары ў розных краінах свету, паэты, барды, акцёры вядучых беларускіх тэатраў, спартсмены, студэнты сталічных ВНУ, школьнікі, партнёры і сябры музея.
Падчас традыцыйнай Ночы музеяў для наведвальнікаў адкрылі выставу “Купалаў дом — 80”, якая знаёміць з гісторыяй стварэння ўстановы. У экспазіцыі прадстаўлены афіцыйныя дакументы, арыгінальныя рукапісы і фотаздымкі Янкі Купалы з дарчымі подпісамі, рарытэтная мэбля. Выстава нагадвае стужку часу, што праводзіць гасцей па першых кроках фарміравання калекцыі да музея сучаснага — багатай скарбніцы спадчыны вялікага пісьменніка.
Яўгенія ГАБЕЦ
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА