У гонар вызваліцеляў

Апублiкавана: 28 чэрвеня 2024 Стужка Афіцыйна Гомель і вобласць

Аўтар: Аўтары

Інфармацыйна-асветніцкая акцыя “Дарогамі славы” стартавала ў 80-ю гадавіну пачатку Беларускай наступальнай аперацыі “Баграціён”. 

Урачысты мітынг з гэтай нагоды адбыўся на брацкай магіле савецкіх воінаў у гарадскім пасёлку Парычы Светлагорскага раёна. Менавіта ў гэтых мясцінах ля Бярэзіны пачалося легендарнае наступленне Чырвонай Арміі. 

Далей удзельнікі акцыі перамясціліся да памятнага знака ў гонар аперацыі “Баграціён” на 71-м кіламетры трасы Р-31, дзе таксама прайшоў урачысты мітынг. Там разгарнуліся інтэрактыўныя пляцоўкі “Партызанская друкарня”, “Лясная школа” і “Медсанбат”, палявы кінатэатр і іншыя тэматычныя лакацыі. 

Падчас мітынгу ля памятнага знака "Баграціён"

Падчас мітынгу ля памятнага знака "Баграціён"

Ключавым момантам стала маштабнае мерапрыемства на цэнтральнай плошчы Светлагорска. Гістарычную лекцыю з праглядам фільма “Час вярнуцца” правёў генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Беларускага таварыства “Веды” Вадзім Гігін. Падзея завяршылася канцэртам з удзелам зорак айчыннай эстрады. 

— Словамі цяжка перадаць душэўную атмасферу, што панавала ў месцах, дзе ў такі ж летні дзень войскі І Беларускага фронту пайшлі на прарыў. Адчувалася сапраўднае адзінства ўсіх — ад кіраўніцтва вобласці да маленькіх дзетак, якіх прывялі бацькі, — падзяліўся Вадзім Гігін. — Мы павінны быць адданыя памяці аб продках. Варта прыходзіць да манументаў у святочныя і звычайныя дні, каб ушанаваць герояў. Тады мы будзем абаронены нябесным воінствам пакалення пераможцаў, якое ахвяравала жыццямі дзеля свабоды нашай краіны. 

Расклад і маршрут акцыі цалкам супадаюць з храналогіяй вызвалення беларускай зямлі. Такім чынам, наступным пунктам марафону стаў Бабруйск. Пазней удзельнікі наведаюць Чэрвеньскі раён (2 ліпеня), Полацк (6 ліпеня) і Гродна (16 ліпеня). Акцыя завершыцца 28 ліпеня ў Брэсце. Кульмінацыя мерапрыемстваў ва ўсіх населеных пунктах — урачыстая перадача кіраўніцтву рэгіёнаў дакладных копій штандараў франтоў, якія вызвалялі гэтыя краі.