Веданне гісторыі свайго краю дапамагае лепш спазнаць уласныя карані, дакрануцца да вытокаў, захаваць цесную появязь з продкамі. На сённяшні дзень краязнаўча-пошукавая дзейнасць з’яўляецца надзвычай важнай і актуальнай. Да яе далучаецца і дзеці, і моладзь, і людзі старэйшага веку. Для знаёмства астраўчан і жыхароў горада з гістарычнай спадчынай свайго краю ў Астравецкай раённай бібліятэцы быў арганізаваны круглы стол “Культурныя правы і культурная разнастайнасць Беларусі”.
На мерапрыемства былі запрошаны госці з інстытута мовазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук. Кандыдыт гістарычных навук Юрый Унуковіч пазнаёміў прысутных са спецыфікай працы фалькларыста. Арганізацыя паездкі ў населены пункт, збор інфармацыі, сістэматызацыя і вывучэнне атрыманага матэрыялу – усё гэта робяць даследчыкі фальклору і этнаграфіі. Акрамя гэтага, Юрый Іосіфавіч выступіў з дакладам “Возера Бык як аб’ект сакральнай геаграфіі Астравеччыны”. Навуковец расказаў, што падчас экспедыцыі па Віліі запісаў безліч легенд пра ўтварэнне гэтага возера. Людзі старэйшага веку прыгадалі звесткі, якія чулі ад сваіх бацькоў і падзяліліся гэтай інфармацыяй з навукоўцам.
Сяргей Грунтоў, кандыдат гістарычных навук, выступіў з дакладам “Спадчына некропаляў Астравеччыны: як паказаць і захаваць самае каштоўнае”. Навуковец звярнуўся да тэмы пахаванняў. Надмагіллі ўтрымліваюць у сабе шмат цікавай інфармацыі, звязанай з культурай пэўнай мясцовасці. Сяргей Грунтоў расказаў пра надмагіллі Астравеччыны. Асаблівым чынам спыніўся на агароджах, якія з’яўляюцца каштоўнымі аб’ектамі мастацкага ліцця. Дастаткова часта агароджы ўтрымлівалі ў сабе выявы анёлаў і вінаграднай лазы.
Малодшы навуковы супрацоўнік інстытута Вольга Трубач пазнаёміла слухачоў з малюнкамі на шкле. У яе дакладзе “Роспісы па шкле ў культурнай прасторы Беларусі” прагучалі важныя тэзісы, якія далі ўяўленне аб мастацкім роспісе шкла. У Астравецкім раёне гэты від мастацтва ў свой час таксама актыўна развіваўся. Пасля заканчэння мерапрыемства жадаючыя маглі задаць пытанні навукоўцам, удакладніць пэўныя моманты.
Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,
бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі