Мастак, які ўмеў маляваць паміж літар

Апублiкавана: 25 чэрвеня 2024 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск

Аўтар: СВІРЫН Ілья

Сёлета легендарнаму графіку Васілю Шаранговічу споўнілася б 85. На жаль, народны мастак Беларусі не перасягнуў гэты юбілей. Ды, як вынікае з прымаўкі,мастацтва куды больш даўгавечнае за зямное жыццё. Пацвярджэнне таму — выставы, якія адкрыліся да ўгодкаў аўтара:“Асоба. Мастак. Настаўнік” у Нацыянальным мастацкім музеі і“Сны аб Беларусі” ў галерэі“Ракурс” Нацыянальнай бібліятэкі. 

На абедзвюх можна ўбачыць як графічныя аркушы, што ўжо лічацца айчыннай класікай, так і малавядомыя творы. Адчуць сувязь паміж асобай мастака, яго жыццёвым шляхам і вобразамі. А яшчэ — зразумець, чаму Васіль Шаранговіч ніколі не паліў на лецішчы ссохлую лістоту. 

УВАЖЛІВЫ ЧЫТАЧ 

У чым сакрэт удалай кніжнай ілюстрацыі? Аглядаючы выставу, міжволі фармулюеш адказ. І разумееш, што ілюстратар — гэта найперш уважлівы і ўдумлівы чытач, які глыбока прасякаецца кнігай, яе ідэямі, характарамі, атмасферай. 

Васіль Шаранговіч не раз гаварыў: графічны аркуш — нібы цэлая карціна, практычна тое самае, што жывапіснае шматфігурнае палатно, толькі меншага памеру і на паперы. Таму кожны фрагмент тут адыгрывае важную ролю і патрабуе дасканалага ўвасаблення. І не варта разлічваць, што чытач не будзе разглядаць тваю ілюстрацыю праз лупу. 

У графіцы Васіля Шаранговіча не знойдзеш другасных, абагуленых вобразаў — своеасаблівых статыстаў. Кожны выяўлены персанаж, — хай сабе ў літаратурным творы ён далёка не самы галоўны або яго там наогул няма, — мае даткліва прапісаную індывідуальнасць. 

Гэты ілюстратар ніколі не палемізуе з творам, не імкнецца знайсці ў ім уласныя сэнсы, за якія класік (каб ён быў сярод гледачоў) наўрад ці мастака пахваліў бы. Графік выяўляе той патэнцыял, тую глыбіню, якая тоіцца ў літаратурнай першакрыніцы, — быццам малюе паміж літар. Мастак выступае як перакладчык, задача якога — адэкватна перадаць тэкст на мове візуальнай. 

МАЦЯРЫНСКІЯ КВЕТКІ 

Калі ж у Васіля Шаранговіча з’явілася рэдкая здольнасць удумліва чытаць? Як успамінаюць сваякі — у дзяцінстве. Вясковы хлопчык, у адрозненне ад многіх аднагодкаў, страшна любіў чытаць. Прычым не толькі прыгодніцкія кнігі, але і беларускіх класікаў. Тую ж “Новую зямлю” ведаў на памяць — кажуць, у мастака яна была фенаменальнай! Малы чытаў урыўкі з паэмы на вячорках, і сяляне слухалі яго з цікавасцю. 

Так, дзяцінства творцы прайшло далёка ад цэнтраў асветы — у вёсачцы Качаны на Мядзельшчыне. Пашана да кнігі ў майстра ад маці, якая мела неблагую па тых часах адукацыю — аж чатыры класы. Ніна Васільеўна добра малявала, вышывала, ткала… І любіла паэзію. У тым ліку беларускую: Купалу і Коласа. 

— Бабуля была адзінай у вёсцы, хто не проста вырошчваў у палісадніку кветкі, а ўпрыгожваў хату букетамі ў глечыках, — распавядае дачка мастака Наталля. — І тата потым усё жыццё, аж да скону, маляваў гэтыя нацюрморты — як успамін пра вясковае дзяцінства. Бацька наогул часта ў тую пару вяртаўся. 

СІНХРАНІЗАЦЫЯ З КОЛАСАМ 

З абодвума Песнярамі Васілю Шаранговічу давядзецца “пасупрацоўнічаць” (зразумела, дыстанцыйна) ужо ў сталасці. Купалу з яго шляхетнасцю, цягай да глыбокіх сімвалаў і ўвагай да ўнутранага свету чалавека мастак шанаваў асабліва — і адпаведным чынам ілюстраваў. Рэальныя постаці ў графіцы майстра перамяжоўваюцца з мроямі. Або набываюць ускладненасць, шматзначнасць. 

Вось, скажам, хрэстаматыйная выява жорсткага ўладара з “Кургана”. Глядач міжволі прыкмеціць небанальнасць гэтага бясспрэчна адмоўнага вобраза. Прычым бадай шэкспіраўскія жарсці адлюстраваны не толькі на твары князя, але і на пысе вернага сабакі... 

А знакамітую серыю “Новая зямля” (у Нацыянальнай бібліятэцы яна прадстаўлена толькі часткова: агулам за паўтара года графік зрабіў пад сотню аркушаў) крытыкі лічаць выключэннем у творчасці мастака. Звычайна Васіль Шаранговіч унікаў прамога ілюстравання, імкнучыся да ўласнай інтэрпрэтацыі матэрыялу. Але звярнуўшыся да знаёмай з дзяцінства паэмы ўжо ў сталым веку, наўмысна адхіліўся ад свайго правіла. Мабыць, з той прычыны, што дасканала вядомы і адчуты сюжэт накладаўся на асабістыя ўспаміны пра сялянскае жыццё… 

— Ён так мне і тлумачыў: “Я малюю па памяці: вось тут у хаце стаяла печка, так падавалі хлеб, тут ручнік павінен вісець, а вось так у нас рыбу лавілі”, — распавядае Наталля Васільеўна. — Тата, бы летапісец, прагнуў увекавечыць традыцыйнае сялянскае жыццё свайго маленства, якое на вачах бацькі канула ў Лету. 

ВЕРНУТЫ АВАНС 

Пра перфекцыянізм мастака хадзілі легенды. Скажам, аднойчы графік ужо “на фінішнай прамой” адмовіўся ад выгаднага заказу і вярнуў аванс. Палічыў, што не атрымалася. Але работы Васіль Шаранговіч не знішчыў — у адрозненне ад многіх іншых “творчых няўдач”. Праз нейкі час выцягнуў тыя гравюры — і раптам прыйшоў да высновы: не так усё і блага… 

— Колькі яго памятаю, тата заўсёды працаваў шмат, — згадвае Наталля Шаранговіч. — Ён ніколі не пісаў хутка. Нават для графікі ствараў папярэднія малюнкі. Прычым такія эскізы цалкам маглі б стаць самастойнымі работамі. 

“Нулявы цыкл” працы над ілюстрацыяй кнігі абавязкова прадугледжваў доўгую размову з аўтарам — зразумела, калі ён быў сучаснікам. Мастак спрабаваў зразумець чалавека, ход творчай думкі, каб ад крыніцы рухацца ўжо ў свой стэп. 

АД ПЕРШАЙ АСОБЫ 

Менавіта ў такіх гутарках нарадзіўся і адзін з галоўных шэдэўраў майстра — серыя літаграфій “Памяці вогненных вёсак”, уганараваная Дзяржпрэміяй БССР. Мала хто ведае, што пачыналася ўсё з ілюстравання кнігі “Споведзь сэрца” Антона Бялевіча (1978). Ды потым здарыўся парадокс: выданне сёння згадаюць хіба адмыслоўцы, а вось серыя выклікала куды большы рэзананс. Папярэдне яна пачала жыццё, “выліўшыся” за межы ілюстравання. 

Мастак завяршыў працу над цыклам у 1985-м, да 40-годдзя Перамогі. Гэта быў акурат той час, калі да звышважнай для беларускага мастацтва тэмы сфарміравалася пераборлівае ды ўдумлівае стаўленне: за “плакатнасць” білі жорстка. Творцы разумелі, што пра вайну сказана ўжо шмат. А таму нельга паўтарацца. І пагатоў нельга ўспрымаць святую тэму як кан’юнктуру.

І крытыкі, і гледачы патрабавалі глыбокага аўтарскага асэнсавання, арыгінальнага мастацкага падыходу, арганічнага сімбіёзу думкі і пачуцця — і, зразумела, дасканалага выканання. 

Чаканні спраўджваліся. Вялікія творы насамрэч з’яўляліся бадай ва ўсіх відах беларускага мастацтва. У тым жа 1985-м выйшаў фільм “Ідзі і глядзі”, “Песняры” прадставілі праграму “Праз усю вайну”, на год раней Раеўскі паставіў “Радавых” Дударава... Наведаўшы экспазіцыі Шаранговіча, разумееш, чаму на фоне гэтых неаспрэчных шэдэўраў камерная графічная серыя не згубілася — і нават атрымала пачэсную прэмію. Ля кожнага аркуша засяроджваешся надоўга…

На многіх з іх заўважаеш постаць маленькага хлопчыка. Падаецца, гэта сам творца, якому давялося перажыць акупацыю. Як кажуць сваякі, серыя для мастака амаль аўтабіяграфічная. 

Асэнсаваць увесь жах вайны ў тры-чатыры гады, вядома, немагчыма. Ды і лёс быў да Васіля Шаранговіча літасцівы, калі параўноўваць яго з многімі аднагодкамі. Хаця згадкі, як ён з бацькам хаваўся ад нямецкіх самалётаў, засталіся ў свядомасці назаўсёды. І выліліся ў адну з работ. 

Дзіцячыя ўспаміны — глеба для мастацкага абагульнення. Вось на аркушы — партызан-каваль. Гэта партрэт бацькі аўтара, які сапраўды даводзіў да ладу зброю народных мсціўцаў. Ды адначасова — яшчэ і вобраз беларуса, які стаў на шлях змагання. А ў партызанскай Мадонне пазнаецца жонка мастака Галіна. 

— Яго родная вёска ацалела, жыхары падчас карных аперацый хаваліся на выспе ў балоце, — распавядае Наталля Васільеўна. — Але ж, вяртаючыся дадому, ён бачыў спаленыя паселішчы. Бацьку назаўсёды ўрэзаліся ў памяць тыя коміны, што тырчалі на папялішчы. А яшчэ — саладкаваты смурод… Пасля, ужо ў мірным жыцці, тата ніколі на лецішчы не паліў лісце, каб не выклікаць у сябе непрыемных успамінаў. 

ПАРТЫЗАНСКАЕ БЛАСЛАВЕННЕ 

Зрэшты, менавіта ў акупацыі здарыўся шчаслівы выпадак, які мастак з удзячнасцю згадваў да апошніх дзён. Вайна вайною, а Васілю карцела маляваць — ды не было чым. Адкуль у такі час возьмеш канцылярскія прылады? І вось аднойчы партызан (імя, на жаль, у гісторыі не захавалася), які спыняўся ў іх хаце, даў хлопчыку агрызак алоўка. Для малога гэта быў сапраўдны скарб. Дзівосны падарунак лёсу! 

Паколькі паперы да алоўка не прыкладалася, Васілёк выкарыстаў сцены шафы. Намаляваў тое, што ўгледзеў, — шматфігурную сцэну мыцця ў лазні, прычым без купюр. Бацька, як пабачыў, добра ўсыпаў за свавольства. Але ж далей цягу да творчасці падтрымліваў. 

І тут — новы падарунак лёсу. У звычайнай мядзельскай школе, куды трапіў хлопчык, настаўнічаў вялікі аматар мастацтва — Генадзь Астроўскі. Ён стварыў гурток, у якім вучні перамалёўвалі рэпрадукцыі з часопіса “Огонёк”, як умелі, а самага таленавітага ўрэшце павёз у Мінск — на ўступныя іспыты ў вучэльню. 

У першы раз Васіль праваліўся: яго падрыхтоўка была куды слабейшай, чым у мастацкай школе. Ды праз год юнак усё ж дабіўся свайго і выправіўся з роднай вёскі ў горад — у фрэнчы з чужога пляча і з самаробным чамаданам, збітым з дошак. Жыў надгаладзь, падпрацоўваючы там, дзе магчыма. 

Зразумела, такі шлях быў нярэдкі: урбанізацыя ў 1950-я ішла поўным ходам. Але, выязджаючы з вёскі ў горад, многія імкнуліся хутчэй пра яе забыцца, пакінуць роднае паселішча ў мінулым. Нават камплексавалі… 

Васіль Шаранговіч ніколі каранямі не грэбаваў. Больш за тое, ставіў праграмную мэту — адлюстраваць вясковы свет у сферы высокай культуры, выявіць, наколькі ён цікавы і сапраўдны, паказаць urbi et orbi. 

НЕСУПЫННЫ “ЧЭЛЕНДЖ” 

Не мінула і дзесяці гадоў, як учарашні самавук стаў выкладчыкам, а затым і ўзначаліў у тэатральна- мастацкім інстытуце кафедру графікі (перад тым, як надоўга заняць пасаду рэктара). Менавіта з імем Шаранговіча мастацтвазнаўцы звязваюць стварэнне беларускай графічнай школы, якая атрымала вялікае прызнанне ў свеце. Вучням мэтра (а за тры дзесяцігоддзі педагагічнай дзейнасці іх было мноства) прысвечана адна з зал Нацыянальнага мастацкага. 

Як сведчыць выстава, у аўтара багата вельмі розных паслядоўнікаў. Настаўнік не навязваў уласнага бачання — ён адно рупіўся, каб тыя дасканала засвоілі майстэрства. І гэта не толькі розныя тэхнічныя “хітрыкі”, якіх у графіцы асабліва шмат, але і найперш уменне будаваць кампазіцыю. Прыхільнік тэорый рускага графіка Уладзіміра Фаворскага, Шаранговіч увасабляў яго тэзіс: “Кампазіцыя — гэта ёсць выява часу”. Таму творы беларускага мастака насычаны дынамікай, фантазія гледача здольная “расчытаць” у іх цэлыя сюжэты. 

Мэтр лічыў, што кожны сантыметр графічнага аркуша павінен быць дбайна прадуманы, невыпадковы. І патрабаваў гэтага ад кожнага з вучняў. Патрабаваў няўхільна. 

Студэнтам Васіль Шаранговіч запомніўся як выкладчык прынцыповы, які спуску не даваў і прымушаў працаваць да таго моманту, калі вынік выглядае бездакорна. Кагосьці такі падыход адштурхоўваў, а кагосьці, наадварот, вабіў: па-добраму амбітныя маладыя разумелі, што гэты несупынны “чэлендж” дазволіць ім стаць профі. Таму конкурс на графіку быў шалёны — больш за 10 чалавек на месца. І многія паступалі “да Шаранговіча”. 

У зале Нацыянальнага мастацкага прадстаўлены творы пары-тройкі дзясяткаў зусім розных аўтараў, зробленыя ў розныя часы. Зразумела, шукаць паміж імі агульны назоўнік — справа няўдзячная. Ды ўсё ж магчымая. Вучняў Шаранговіча аб’ядноўвае памкненне грунтавацца менавіта на беларускім матэрыяле. А ўжо стоячы на роднай зямлі, можна рушыць у самыя розныя бакі — філасофскі і фантазійны, рэалістычны і алегарычны. 

Мастак лічыў, што трэба найперш гаварыць пра сваё і бачыць у ім неабсяжныя глыбіні. Таму ставіў за мэту адкрыць вучням родны край праз падарожжы, а затым і “ўлюбіць” у яго. Хтосьці з паслядоўнікаў Шаранговіча старанна адлюстроўваў сучаснасць — як, напрыклад, Барыс Первунінскіх у “замалёўках з натуры”. 

Хтосьці занураўся ў гісторыю — як Валянціна Шоба са сваёй адметнай аўтарскай тэхнікай. 

Створаны Ларысай Журавовіч вобраз жанчын з вялізнымі кашамі сена — лаканічны, як японскае хайку. Хаця падобную сцэну, пэўна, яшчэ і сёння можна пабачыць не надта далёка ад Мінска. “Крык” Васіля Баранава — своеасаблівая парафраза знакамітага мункаўскага палатна, якая трапна перадае яго настрой. Толькі дзеянне адбываецца ў зімовай беларускай вёсцы. Ды і знакамітыя пачваркі Валерыя Славука таксама здаюцца выхадцамі з нашых шырот. 

Адкрыццём для многіх наведвальнікаў стане графіка Мікалая Селешчука, зробленая ў студэнцкія гады. Выглядае для 1970-х вельмі смела. Адзін з аркушаў прадэманстраваў той напрамак пошукаў мастака, які асаблівага працягу не меў. Гэта іранічна-“брэйгелеўская” панарама вясковага жыцця, што ўтрымлівае і даволі фрывольныя сцэны, нечым нагадваючы творы Валянціна Губарава. Знаёмых з “класічным” Селешчуком чакае неспадзяванка. 

ПОМНІК СВАЙМУ ПАКАЛЕННЮ 

Абедзве выставы адлюстроўваюць і іншы, куды менш вядомы бок творчай практыкі мэтра — жывапіс. Гэта і пейзажы роднай Мядзельшчыны, і серыя партрэтаў выбітных асоб, блізкіх аўтару: Максіма Танка, Янкі Брыля, Стэфаніі Станюты, Уладзіміра Караткевіча... Прычым у аснове палотнаў — не замалёўкі з натуры, якія многія мастакі любяць рабіць нават падчас сяброўскай гутаркі (а такая магчымасць у Васіля Шаранговіча была неаднойчы). 

Справа ў тым, што знакаміты графік узяў у рукі пэндзаль ужо на схіле дзён — калі героі твораў даўно адышлі ў вечнасць, застаўшыся хіба ў памяці. 

Ёсць у галерэі партрэтаў і жонка Галіна, з якой майстар пражыў больш за паўстагоддзя. Як у казцы, закаханыя памерлі бадай у адзін дзень. На карціне Галіна маладая — вось той вобраз, які аўтар пранёс праз усё жыццё. 

А партрэт бацькоў нагадвае падфарбаваныя здымкі крэўных, якія было прынята вешаць на пачэсных месцах у вясковых святліцах... 

Жывапіс Васіля Шаранговіча не адкрывае новых шэдэўраў, але ж сведчыць пра дзівосную цэласнасць яго асобы. Гэты чалавек прайшоў шлях ад вясковага хлапчука, які ўпершыню ўзяў у рукі аловак, да шанаванага народнага мастака. 

Ілья СВІРЫН