Оршу можна лічыць цэнтрам цыркавога майстэрства. Тут працуюць чатыры творчыя калектывы, у якіх некалькі соцень хлопчыкаў і дзяўчынак спасцігаюць асновы гэтага мастацтва. Дзвюма студыямі кіруе Алена Жаўненка. Яна сцвярджае, што такіх спрыяльных умоў для развіцця, як цяпер, ніколі не было. І гаворка не толькі пра матэрыяльную базу, але і пра шматлікія магчымасці для выхавання артыстаў.
Бадай, самая знакамітая кузня талентаў — заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь узорная цыркавая студыя “Арэна” Палаца культуры “Орша”. У калектыве навучаецца больш за 90 выхаванцаў-школьнікаў. Бацькі прыводзяць іх на заняткі з 5—6 гадоў. Звычайна пасля першага наведвання цырка дзеці загараюцца жаданнем авалодаць чароўным мастацтвам. Калісьці ў падобную студыю пры ДК “Легмаш” прыйшла і Алена Жаўненка.
— Сёння ёсць дзе займацца і ёсць чаму вучыцца, — кажа Алена Сяргееўна. — Ёсць пляцоўкі, рэквізіт — створаны ўсе ўмовы, каб гадаваць будучых зорак арэны.
Работа з дзецьмі педагогу ў радасць. Акрамя кіраўніцы, з выхаванцамі працуюць трэнер і харэограф — знаёмяць хлопчыкаў і дзяўчынак з асноўнымі жанрамі цыркавога мастацтва: акрабатыкай, гімнастыкай, паветранай гімнастыкай, эквілібрыстыкай. Прыкладна ў 11 гадоў артыст выбірае спецыялізацыю і канцэнтруецца на ёй.
Каб прывабіць маленькіх аршанцаў на заняткі, калісьці набор у студыю аб’яўлялі праз прэсу. Цяпер столькі дзяцей хоча вучыцца ў калектыве, што можна весці конкурсны адсеў. Аднак Алена Жаўненка прымае ўсіх, хто не мае абмежаванняў па здароўі.
— Бяром усіх ахвотных. Цыркавое мастацтва — цяжкая праца. Вызначальныя тут сіла волі, упартасць, цвёрдасць характару, а не прыродныя дадзеныя, — тлумачыць настаўнік.
Многія не вытрымліваюць нагрузак і адмаўляюцца ад студыі. І тут шмат чаго залежыць ад бацькоў. Калі яны праявяць настойлівасць і з 5 да 10 гадоў праз “не хачу” прадоўжаць прыводзіць дзіця на трэніроўкі, то пасля выхаванец ужо не зможа жыць без гэтых заняткаў, атмасферы, без сяброў і выступленняў.
Па словах Алены Жаўненка, “яе” дзеці ўжо ў раннім узросце, у адрозненне ад аднагодкаў, вучацца ставіць мэты і дасягаць іх. Гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі нашмат больш цярплівыя і самастойныя.
І нядзіўна. Калектыў багата гастраліруе. “Арэна” пастаянна выступае на фестывалі “Славянскі базар у Віцебску”, мерапрыемствах Саюзнай дзяржавы. Студыйцаў запрашаюць у Мінск для ўдзелу ў праграмах да Дня Незалежнасці, навагодніх прадстаўленнях у Палацы Рэспублікі. Аршанскія цыркачы задзейнічаны практычна ва ўсіх раённых і абласных масавых святах. Гэта выхоўвае ў юных артыстах арганізаванасць і дысцыплінаванасць.
— У дарозе няма мам-татаў. Ніхто за цябе не памые і не зашые, не збярэ касцюмы і не складзе сумкі, — заўважае Алена Сяргееўна. — Таму дзеці вучацца быць самастойнымі.
Хлопчыкі і дзяўчынкі з “Арэны” маюць яшчэ адну асаблівасць — ветлівасць. Яе Алена Жаўненка прывівае, каб падчас вандровак і гастролей малым было прасцей камунікаваць, абыходзіцца без дапамогі бацькоў.
Цікава, наколькі актыўна кіраўнік студыі ўдзельнічае ў жыцці падапечных, шчыльна ўзаемадзейнічае са школьнымі педагогамі. Тыя, здараецца, просяць паўплываць на юных артыстаў, каб яны падцягнулі паспяховасць. Часта звяртаюцца да Алены Сяргееўны па мудрыя парады і мамытаты: як навучыць дзіця прыбіраць за сабой, дапамагаць старэйшым дома? Падобныя пытанні абмяркоўваюцца ў калектыве, каб кожны здабываў з іх урокі.
Гэтыя і шмат іншых намаганняў настаўнікаў даюць плён. Выхаванцы студыі рэгулярна перамагаюць у конкурсах, паступаюць у Дзяржаўнае вучылішча цыркавога і эстраднага мастацтва імя М. М. Румянцава ў Маскве. Напрыклад, сёлета ўстанову заканчваюць двое вучняў Алены Жаўненка, год таму выпусціліся чацвёра. Усе запатрабаваны ў прафесіі. Яны працуюць у творчай прасторы “Ленінград Цэнтр”, “Каралеўскім цырку” Гіі Эрадзэ, праграмах братоў Запашных.
У юных артыстаў “Арэны” графік выступленняў распісаны на месяцы наперад. Так, 16 мая зорачкі з падрыхтоўчай і малодшай груп паказалі публіцы “Брэменскіх музыкантаў”.
У чэрвені выхаванцы Алены Жаўненка прадэманструюць таленты дэлегатам XI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі на сцэне Летняга амфітэатра ў Віцебску. У ліпені “Арэну” запрасілі далучыцца да святочнай праграмы Дня Незалежнасці ў Мінску і да фестывальнай — “Славянскага базару”.
А ў жніўні дзеці і трэнеры мяркуюць зноў паехаць на Далёкі Усход. У мінулым годзе іх запрасілі на тэматычную змену “Планета цырка” ва Усерасійскім дзіцячым цэнтры “Акіян”. Далёкае падарожжа студыйцам спадабалася. У лагеры праходзіў дзіцячы цыркавы фестываль, праводзіліся майстар-класы. Падобная вандроўка — унікальная магчымасць абмяняцца вопытам, знайсці новых сяброў і пабачыць свет, і скарыстаць такі шанц — у стратэгічных планах “Арэны”.
Віктар ГАЎРЫШ
Фота аўтара і з архіва студыі