…І не толькі эканамічныя сувязі яднаюць нас з суседняй дзяржавай. Дзень Расіі ў Беларусі адзначылі шэрагам культурных падзей.
На самай прэстыжнай пляцоўцы краіны — у зале ўрачыстых цырымоній Палаца Незалежнасці — адкрылася выстава Героя Працы Расійскай Федэрацыі, народнага мастака СССР Аляксандра Шылава. У экспазіцыі — больш за 30 работ вядомага жывапісца, творчасць якога заснавана на найлепшых традыцыях класічнага рэалістычнага мастацтва.
Галоўнае месца займаюць партрэты. Героі карцін — людзі з няпростым жыццём і лёсам. За плячыма гэтых асоб вопыт цэлага пакалення. Сярод іх — Мітрапаліт Філарэт, ігумення Новадзявочага манастыра матушка Алена, двойчы Герой Савецкага Саюза лётчык-касманаўт Пётр Клімук, кампазітар Ян Фрэнкель, народны артыст СССР Іосіф Кабзон ды іншыя. У цэнтры экспазіцыі — палотны “9 мая”, “Зацвіў багун”, “Святым агнём любові сагрэтыя”.
Падчас адкрыцця экспазіцыі работ Аляксандра Шылава
“Такія цудоўныя работы можа ствараць чалавек, які па-сапраўднаму ведае жыццё! Вочы вашых герояў надзвычайныя! Найвышэйшы рэалізм! Дзякуй”, — гэты запіс пакінуў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ў кнізе водгукаў маскоўскай галерэі Аляксандра Шылава ў 2003-м. У тым жа годзе ў Беларусі адбылася першая выстава мастака. Сёлетняя — ужо трэцяя.
На яе адкрыццё ў Мінск прыехаў аўтар. Павітаць Аляксандра Шылава прыйшлі першы намеснік міністра культуры Беларусі Валерый Грамада, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Ганна Конанава, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Наталля Карчэўская ды іншыя.
Па словах удзельнікаў мерапрыемства, адкрыццё выставы расійскага майстра ў такое свята на беларускай зямлі вельмі сімвалічнае. Краіны аб’ядноўвае многае: гісторыя, традыцыі, духоўныя і маральныя каштоўнасці. Каб захоўваць і ўзбагачаць нашы скарбы, трэба пашыраць стасункі паміж творцамі, далучаць братэрскія народы да культурнага здабытку адзін аднаго.
Пасля экспанавання ў Палацы Незалежнасці карціны Аляксандра Шылава будуць прадстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі з 11 па 28 ліпеня.
Да Дня Расіі адбылася яшчэ адна важная падзея: у мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой” адкрылася выстава “Саюзная крэпасць”. Ва Усходнім форце прадстаўлена беларуска-расійская спадчына абарончай архітэктуры.
Экспазіцыя — працяг плённай супольнай работы музеяў-крэпасцей Брэста і Смаленска. Падмурак зладжанага ўзаемадзеяння быў закладзены ў 2022 годзе, калі ўстановы заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве. Адмыслоўцаў зацікавіў той факт, што тэрыторыі Беларусі і Смаленшчыны — унікальныя і кампактныя запаведныя зоны, дзе захаваліся крэпасці практычна ўсіх магчымых відаў: каменныя, драўляныя, гарадскія, бастыённыя, замкі, храмы і манастыры абарончага тыпу.
Першым сумесным крокам быў праект “Смаленская крэпасць у артэфактах архіваў і бібліятэк Саюзнай дзяржавы”. “Саюзная крэпасць” — другая экспазіцыя, якую расіяне прывезлі ў Беларусь. Выстава працягнецца ў Брэсце да 22 ліпеня.