Пры­ві­тан­не з Сі­бі­ры

Дні культуры Новасібірскай вобласці праходзілі ў нашай краіне з 23 па 26 мая. Дасягненні вядучых культурных устаноў расійскага рэгіёна былі прадстаўленыя ў Мінску, Брэсце і Віцебску. Чым уразілі госці беларусаў і які плён мелі сустрэчы з калегамі? Узгадаем галоўнае са шматлікіх падзей.

Арганізатарамі праграмы выступілі ўрад і Міністэрства культуры Новасібірскай вобласці Расійскай Федэрацыі, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. 

Урачыстая цырымонія адкрыцця Дзён культуры адбылася 23 мая ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Як адзначыў у вітальным слове міністр культуры Анатолій Маркевіч, беларуска-расійскае культурнае супрацоўніцтва абапіраецца на досвед мінулых пакаленняў і імкліва крочыць у будучыню. Нас з Расіяй аб’ядноўваюць трывалыя сувязі славянскіх традыцый, агульнасць духоўнасці і культуры, на гэтай аснове мы будуем моцнае сяброўства і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва як у рэальным сектары эканомікі, так і ў сацыяльна-гуманітарнай сферы, велізарную ролю таксама мае супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі. 

Па словах Анатолія Маркевіча, беларусы заўсёды рады бачыць нашых братоў расіян на сваёй гасціннай зямлі, і мы заўжды сябе адчуваем як дома ў розных кутках неабсяжнай Расіі. Актыўна выбудоўваецца супрацоўніцтва Беларусі і Новасібірскай вобласці, падпісаны шэраг пагадненняў аб сумеснай рабоце паміж вядучымі беларускімі і новасібірскімі ўстановамі культуры і адукацыі. У нашай краіне свята шануецца памяць аб воінах, якія абаранялі Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны. Сярод ураджэнцаў Новасібірскай вобласці — вызваленцаў нашай радзімы — больш за сорак атрымалі высокае званне “Герой Савецкага Саюза”. 

Губернатар Новасібірскай вобласці Андрэй Траўнікаў падзякаваў прэм’ер-міністру Раману Галоўчанку, Міністэрству культуры і ўраду Беларусі за дапамогу ў арганізацыі праекта. Дні культуры адкрыў гала- канцэрт майстроў мастацтваў, перад якім Раман Галоўчанка і Андрэй Траўнікаў наведалі размешчаную ў фае тэатра выставу, што прадэманстравала развіццё і станаўленне Новасібірскай вобласці. 

МУЗЕЙНЫЯ СКАРБЫ 

У рамках Дзён культуры ў Нацыянальным гістарычным і Нацыянальным мастацкім музеях Беларусі адпаведна адкрыліся выставы “Сібір тут” і “Сібір шматаблічная”. Першая знаёміць са старонкамі мінуўшчыны Новасібірскай вобласці. Як распавёў выканаўца абавязкаў дырэктара Новасібірскага краязнаўчага музея Антон Рубшаў, асобныя раздзелы экспазіцыі прысвечаныя сібірскай палеанталогіі, гісторыі вырабу так званай асаблівай сібірскай манеты, якую чаканілі ў XVIII стагоддзі на манетным двары, што дзейнічаў пры Сузунскім медзеплавільным заводзе, а таксама вобразу сібірака ў графічных працах мастака Барыса Смірнова канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Акрамя таго, тут прадстаўлены сузунскі народны іканапіс. Пабачыць гэтую экспазіцыю можна да 4 ліпеня. 

А да 16 чэрвеня ў Нацыянальным мастацкім музеі будзе працаваць выстава “Сібір шматаблічная”, якую складаюць жывапісныя палотны XX — пачатку XXI стагоддзя са збору Новасібірскага дзяржаўнага мастацкага музея. Таксама ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адкрылася экспазіцыя “Дзеці неба”, якая распавядае пра знаходкі са старажытнага свяцілішча ў Сузунскім раёне Новасібірскай вобласці. Тут можна пабачыць культавыя прадметы жыхароў Сібіры эпохі ранняга Сярэднявечча. 

НА ЛЮБЫ ГУСТ 

У Мінску на плошчы ля Палаца спорту ў рамках Дзён культуры 24 і 25 мая была прадстаўленая сумесная выставачна-канцэртная праграма музычных калектываў, музеяў і тэатраў рэгіёна. Выступілі струнны і джазавы ансамблі Новасібірскага музычнага каледжа імя А.Ф. Мурава, фальклорны ансамбль “Сібірачка” Новасібірскага каледжа культуры і мастацтваў, Дзяржаўны акадэмічны Сібірскі рускі народны хор, ансамбль медных духавых інструментаў “Сібірскі брас” Новасібірскай дзяржаўнай філармоніі, артысты Новасібірскага музычнага тэатра, Новасібірскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра “Чырвоны факел”, Новасібірскага акадэмічнага маладзёжнага тэатра “Глобус”, Новасібірскага тэатра лялек і ансамбля медных духавых інструментаў Новасібірскай дзяржаўнай філармоніі. 

На выставе “Скамянелы час” можна было пабачыць палеанталагічныя знаходкі розных перыядаў, а таксама гонар Новасібірскага краязнаўчага музея — самы поўны шкілет шарсцістага маманта ў свеце, знойдзены на тэрыторыі Новасібірскай вобласці ў 2011 годзе, даўжыня якога складае пяць з паловай, а вышыня — больш за тры метры. 

Інтэрактыўная выстава-гульня “Пяць пятроўскіх крэпасцяў” распавяла мінчукам аб першых сібірскіх паселішчах — астрогах. Увазе наведвальнікаў таксама была прадстаўленая інтэрактыўная музейная праграма “Сузун-завод. Манетны двор”, у рамках якой можна было пабачыць поўнамаштабныя дзейныя станкі і адчаканіць сабе на памяць узор “асаблівай” манеты. 

На выставе канцэртнага касцюма былі прадстаўленыя сцэнічныя строі Сібірскага рускага народнага хору, у якіх выразна прасочваюцца традыцыі рускага народнага адзення, увасобленыя ў творчасці дызайнера Віктара Феакцістава. Экспазіцыя “Партрэт горада” з дапамогай фота розных гадоў прадэманстравала, якім бачылі Новасібірск яго заснавальнікі і старажылы, як ён рос, мяняўся і станавіўся важным эканамічным і культурным цэнтрам Расіі. А на стэндзе турысцка-інфармацыйнага цэнтра можна было даведацца, што варта паглядзець, чым можна заняцца і дзе размясціцца ў Новасібірскай вобласці сёння. 

МОЦНАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА 

Падчас Дзён культуры былі падпісаныя пагадненні аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Новасібірскай дзяржаўнай абласной навуковай бібліятэкай, Новасібірскай і Беларускай дзяржаўнымі філармоніямі, Новасібірскім музычным каледжам імя А.Ф. Мурава і Мінскім дзяржаўным музычным каледжам імя М.І. Глінкі, Новасібірскім акадэмічным маладзёжным тэатрам “Глобус” і Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатрам юнага гледача, Новасібірскім музычным тэатрам і Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатрам, Новасібірскім бібліятэчным таварыствам і Беларускай бібліятэчнай асацыяцыяй. 

Антон РУДАК 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з Telegram-канала Міністэрства культуры