Вярнуцца да каштоўнасцей

Апублiкавана: 11 чэрвеня 2024 Стужка Кіно Мінск Прэс-клуб

Аўтар: Аўтары

Тэма Вялікай Перамогі знаходзіць шырокае адлюстраванне ў “галоўным з мастацтваў”. Якую ролю кінематограф адыгрывае ў зберажэнні гістарычнай памяці і выхаванні моладзі? Аб гэтым распавялі прадстаўнікі Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” — вядучы спецыяліст прадзюсарскага цэнтра Юрый Ігруша і сцэнарыст прэм’ернай карціны “Час вярнуцца” Таццяна Команава.

Беларускія кінематаграфісты — з тых нямногіх у свеце, хто пастаянна звяртаецца да падзей Вялікай Айчыннай вайны, не прывязваючыся да круглых дат. Бо гэта — незагойная рана нашага народа. 

—Для “Беларусьфільма” гістарычная памяць — прыярытэт у рабоце з ваеннымі стужкамі, — падкрэслівае Таццяна Команава. — У ігравым кіно бывае складана распавесці пра жахі палымяных 1940-х вялікай аўдыторыі: не ўсё можна дэманстраваць дзецям. Але менавіта ім трэба нагадваць, што адбывалася падчас ліхалецця. Гэта наша місія і грамадзянскі абавязак як дарослых. 

Вядучы спецыяліст прадзюсарскага цэнтра Юрый Ігруша і сцэнарыст прэм’ернай карціны “Час вярнуцца” Таццяна Команава Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”

Вядучы спецыяліст прадзюсарскага цэнтра Юрый Ігруша і сцэнарыст прэм’ернай карціны “Час вярнуцца” Таццяна Команава Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”

З увасабленнем ваеннай тэмы для маленькіх удала спраўляюцца беларускія мульціплікатары. Яны ствараюць далікатныя і займальныя, але ж праўдзівыя сюжэты. З апошніх — “Баявая машына”, “Лыжка для салдата”, “263 ночы”, “Цацка”. Цяпер кінастудыя працуе над праектам “Мемарыяльныя комплексы Беларусі”. Серыя анімацыйных фільмаў прысвечана 80-годдзю вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 

— Казаць пра вайну складана. Аднак трэба знаходзіць падыход да аўдыторыі, асабліва да юнай, і распавядаць, што сапраўды было ў гісторыі нашай краіны. Культура аказвае вялікі ўплыў на пераемнасць пакаленняў, бо менавіта творы мастацтва захоўваюць і перадаюць духоўныя каштоўнасці. І кіно тут на вядучых пазіцыях, — лічыць Юрый Ігруша. 

У пачатку мая адбылася агульнарэспубліканская прэм’ера ваенна-гістарычнай драмы “Час вярнуцца” вытворчасці кінастудыі “Беларусьфільм”. У цэнтры карціны — подзвіг беларусаў, які яны штодня здзяйснялі на акупаванай тэрыторыі. 

— Вызваленне нашай краіны — заслуга не толькі салдат Чырвонай Арміі, але і кожнага, хто жыў на гэтай зямлі. Людзі існавалі пад жорсткай акупацыяй і ўсё ж знаходзілі сілы змагацца. Мне як аўтару сцэнарыя было важна расказаць менавіта аб гэтай старонцы вайны, — распавядае Таццяна Команава. 

Асаблівую ўвагу стваральнікі фільма надалі тэме ваеннага дзяцінства. У карціне ёй прысвечаны асобныя эпізоды. 

— Першапачаткова ў аснову сюжэта была закладзена класічная гісторыя партызанскай барацьбы. Але падчас падрыхтоўкі да здымак мастак па касцюмах прынесла фатаграфію ваенных часоў: чатыры хлапчукі бегаюць з драўлянымі цацачнымі аўтаматамі сярод народных мсціўцаў. Гэты вобраз малых, якія жывуць у партызанскім атрадзе, моцна паўплываў на сцэнарый. 

Якасць і колькасць карцін нацыянальнай кінастудыі радуе не толькі беларускіх гледачоў, але і замежную аўдыторыю. Сёння стужкі “Беларусьфільма” можна знайсці і на інтэрнэтплатформах. Пра зацікаўленасць кажуць лічбы: афіцыйны YouTube-канал студыі сабраў каля 250 мільёнаў праглядаў. Сакрэт папулярнасці — у традыцыях, якія захоўваюць беларускія кінематаграфісты. 

— Сёння важна звяртацца не да ўніверсальнасці і міжнароднага пафасу, а казаць пра свой боль, — дзеліцца меркаваннем Таццяна Команава. — Беларусы не сядзелі ў чаканні, калі нехта прыйдзе і выратуе іх. Мы ваявалі ўсе разам. Захаванне пацверджанай дакументамі праўды — тое, што робіць беларускае кіно ўнікальным. 

І назва новай карціны, прысвечанай 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, нясе ў сабе яшчэ адзін сэнс: прыйшоў час вярнуцца да нашых каштоўнасцей, гістарычнай памяці і, вядома, добрага беларускага кіно.