Міністр культуры Анатолій Маркевіч разам з прадстаўнікамі Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава 4 чэрвеня наведаў будынкі новага навучальнага корпуса і інтэрната, узведзеныя на сталічнай вуліцы Багдана Хмяльніцкага, 5.
Перад пачаткам агляду міністр падкрэсліў, што пільна сочыць за поспехамі калектыву і выхаванцаў установы. Высокі конкурс пры паступленні ў каледж сведчыць аб яго запатрабаванасці і прафесіяналізме выкладчыкаў.
Што тычыцца новых будынкаў, тут ёсць усё неабходнае як для творчасці ды навучання, так і для адпачынку. Міністр наведаў кабінеты для педагогаў, аўдыторыі і класы, спартыўную і актавую залы, жылыя пакоі, душавыя і харчаблок. Інтэрнат блочнага тыпу таксама будзе забяспечаны ўсім патрэбным. Будынкі адчыняць дзверы 1 верасня, з пачаткам навучальнага года.
У актавай зале ў рамках адзінага дня інфармавання Анатолій Маркевіч пагутарыў з супрацоўнікамі ўстановы аб ключавых пасланнях Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, аб рабоце Усебеларускага народнага сходу і яго ролі ў жыцці краіны, а таксама аб геапалітычнай сітуацыі ў рэгіёне. Як падкрэсліў міністр, УНС — самы магутны прадстаўнічы орган народаўладдзя, надзелены надзвычай шырокімі паўнамоцтвамі, якому нададзена права заканадаўчай ініцыятывы.
Падводзячы вынікі размовы, на прыкладзе будаўніцтва аб’ектаў каледжа Анатолій Маркевіч падкрэсліў значнасць сферы культуры для грамадства і тую ўвагу, якую нашай галіне ўдзяляюць Урад і Кіраўнік дзяржавы.
На заканчэнне сустрэчы міністр падзякаваў супрацоўнікам каледжа і адказаў на пытанні.