Жыццялюбства і патрыятызм

Апублiкавана: 07 чэрвеня 2024 Стужка Бібліятэкі Мінск Прэс-клуб

Аўтар: Аўтары

Суседства слоў “вайна” і “жанчына” заўсёды ўспрымалася як ненатуральна-злачыннае. Тым не менш дзяўчаты і кабеты спаўна зведалі выпрабаванні Вялікай Айчыннай: ваявалі побач з мужчынамі, працавалі ў тыле, змагаліся з ворагам на акупаванай тэрыторыі, зберагалі дзяцей, адраджалі выпаленую зямлю. Нашы сучасніцы, да якіх далятае толькі рэха ліхалецця, сёння абараняюць праўду і памяць пра мінулае. Пра водгулле вайны ў біяграфіі беларусак розных пакаленняў распавяла заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Аліна Грышкевіч — аўтар кнігі “Лёсы жанчын — лёс адзінай Беларусі”.

Выданне расказвае пра ўнікальныя лёсы жанчын як звёны адзінага лёсу краіны. Ці то віп-персоны на высокіх пасадах, ці то простыя беларускі — усе яны ствараюць гісторыю нашай рэспублікі, выяўляюць высокую маральнасць і адданасць радзіме, захоўваюць векавыя традыцыі, паказваюць прыклад патрыятызму. Вялікая Айчынная вайна не задумвалася цэнтральнай тэмай выдання, але так ці інакш гэтая страшная падзея ўвайшла ў лёс кожнай з гераінь кнігі. Нехта з жанчын сам прайшоў праз ліхалецце, нехта знаёмы з тым горам толькі па аповедах старэйшых, але нямала намаганняў прыкладае для зберажэння гістарычнай памяці. 

— Аліна Тадэушаўна, хто з нашых сучасніц у вашай кнізе ўвасобіў адданасць гістарычнай памяці? 

— Адкрывае кнігу матэрыял пра Старшыню Савета Рэспублікі Наталлю Качанаву. Гэты раздзел паказвае, што ў Беларусі бадай кожная жанчына за кошт прафесіяналізму і працавітасці можа дасягнуць любых вяршынь. Відавочна, усяго ў жыцці Наталля Іванаўна дабілася сама, але не толькі пра кар’еру расказвае чыноўнік высокага рангу. Асаблівую ўвагу яна надае простым чалавечым каштоўнасцям, запаветам маці. Ліхалецце закранула і продкаў Наталлі Качанавай. Праз усведамленне цяжкасцей, якія давялося перажыць старэйшым пакаленням, і фарміравалася асоба будучага кіраўніка. І таму для высокапастаўленай асобы, як і для мільёнаў суайчыннікаў, мір і спакой на роднай зямлі з’яўляюцца найважнейшымі каштоўнасцямі. “Тое, што перажылі нашы дзяды і бацькі, не павінна паўтарыцца”, — настойвае Наталля Іванаўна. 

Аліна Грышкевіч

Аліна Грышкевіч

Гераіня яшчэ аднаго аповеду — Наталля Ільніцкая, паспяховая бізнес-лэдзі з Брэста, чыю дзейнасць можна назваць прыкладам высокага патрыятызму. Жанчына імкнецца захаваць гістарычную праўду і перадаць яе наступным пакаленням. Па закліку сэрца Наталля рэалізавала праект, падобных якому няма ні на постсавецкай, ні на еўрапейскай прасторах. За ўласны кошт яна стварыла ў аграгарадку Мухавец Алею Памяці з прывезеных з-за мяжы манументаў воінам Чырвонай Арміі. Некалі гэтыя абеліскі за свае сродкі ўсталявалі простыя жыхары Польшчы ў знак падзякі за выратаванне ад фашыстаў. Цяпер там помнікі руйнуюць, а брэстчанка ратуе іх ад знішчэння і забыцця. 

Тэма любові да радзімы чырвонай ніткай праходзіць і праз аповед пра жаночую лінію нашчадкаў Якуба Коласа. На працягу амаль паўтара стагоддзя дынастыя жыве і мацуецца культурнымі традыцыямі, стваральнай працай, імкненнем захаваць спадчыну сусветна вядомага класіка беларускай літаратуры. 

— Ёсць сярод вашых гераінь удзельніцы і сведкі вайны. Як Вялікая Айчынная адбілася на іх лёсах? 

— Марыя Купрэвіч і Таццяна Чарняўская — жывыя сведкі спалення вёскі Шкленікова на Мядзельшчыне. Абапіраючыся на ўспаміны гэтых жанчын, я расказваю гісторыю селішча, што паўтарыла журботны лёс Хатыні. За дапамогу партызанам акупанты знішчылі яе дашчэнту. Марыі Купрэвіч тады было 16 гадоў. Тыдзень яна разам з бацькамі хавалася ў балотах, чакаючы, пакуль немцы сыдуць. Таццяну Чарняўскую трохгадовай дзяўчынкай разам з маці і братам прымусова вывезлі ў Германію. 

Уражвае гісторыя стагадовай Валянціны Баранавай — ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. У час фашысцкай навалы яна служыла сувязісткай. Сёння яна захоўвае выдатную фізічную форму і душэўны стан, спявае і танцуе, па гадзіне ганяе на велатрэнажоры. Вядома, шмат выступае ў розных аўдыторыях і расказвае пра перажытае. Яна паказвае прыклад аптымізму і патрыятызму, хоць лёс яе не быў бязвоблачным. 

Цікава, што ў сямейным альбоме Валянціны Баранавай захоўваецца фотаздымак лейтэнанта Арлова, датаваны 1946 годам. На ім надпіс: “Ці памятаеш ты?”. Справа ў тым, што дзяўчына абяцала пасля перамогі ажаніцца з маладым чалавекам, аднак задуманае не ажыццявіла. Яна была дачкой “ворага народа”, таму вырашыла не псаваць біяграфію хлопцу. Валянціна пайшла за іншага, нарадзіла дваіх дзяцей, але пра першае каханне не забывала — яно ў памяці назаўсёды. 

— Наколькі складана было працаваць з балючымі ўспамінамі гераінь і дасягаць поўнай шчырасці ў гутарках?

— Устанавіць кантакт і заслужыць давер — самае цяжкае ў гэтай працы. Надзвычай важна выклікаць у чалавека прыхільнасць і вывесці героя на шчырую размову пра тыя страшныя падзеі, што заселі глыбока ў памяці. Жанчыны са Шкленікова заўсёды плачуць, калі расказваюць пра вайну. Гэта вечны боль. І вельмі важна, што бабулі знаходзяць сілы падзяліцца няпростымі ўспамінамі з дзецьмі і ўнукамі. 

— Вайна ўварвалася і ў гісторыю вашага роду. У вёсцы Шкленікова, пра якую распавядаеце ў кнізе, жылі вашы продкі... 

— Бабуля і дзядуля часта расказвалі, як ім было цяжка і страшна ў гады вайны, як акупанты палілі іх родную вёску. У агні загінуў мой прадзед Адам Сцяпанавіч. Успаміны пра ліхалецце сваякі пранеслі з сабой праз усё жыццё. Няхай продкаў ужо няма з намі, мы не аддаём забыццю пакуты, праз якія ім давялося прайсці. Штогод у Шкленікова патомкі збіраюцца на мітынг-рэквіем, які ладзіцца 27 верасня — у дзень спалення вёскі карнікамі. Традыцыя гэтага жалобнага мерапрыемства паўстала гадоў 15 таму па маёй ініцыятыве і пры падтрымцы мясцовай улады. Такім чынам, памяць аб той трагедыі не памірае. 

— У свеце не спыняюцца так званыя войны памяці: нямала ахвочых перапісаць мінулае на свой капыл. Вы ж данеслі беларускі погляд на гісторыю і сучаснасць. Якую рэакцыю выданне атрымала па-за межамі Беларусі? 

— Кніга адправілася ў Пекін, Шанхай, Ганконг, Тэгеран, Нью-Дэлі, Токіа, Вашынгтон, Мадрыд і іншыя гарады свету. Падчас прэзентацыі кнігі ў Кітаі асаблівае захапленне ў мясцовай моладзі выклікала стагадовая Валянціна Баранава, яе актыўнасць і пазітыўны погляд на жыццё. Вядома, яна сапраўдны прыклад гераізму і жыццялюбства. 

У сакавіку адбылася прэзентацыя кнігі ў Вене. Перад сустрэчай я вельмі хвалявалася, бо не ведала, як замежнікі ўспрымуць выданне. Яны ж праявілі вялікую зацікаўленасць, сустрэлі апладысментамі аповеды пра маіх гераінь. Важна, што змагла на прыкладзе гэтых жанчын паказаць аўдыторыі, якой цаною нам далася перамога і якая роля ў разгроме нацызму належыць беларускаму народу. Пасля прэзентацыі аўстрыйская журналістка прызналася мне, што для мясцовай аўдыторыі агучанае стала адкрыццём. Многія не ведалі, што падчас вайны ў Беларусі загінуў кожны трэці. Менавіта таму вельмі важна як мага больш расказваць, якую мужнасць праявілі нашы продкі і чым яны заплацілі дзеля вызвалення радзімы.  

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА