Улічыць камерцыйны складнік

Апублiкавана: 06 чэрвеня 2024 Стужка Тэатры Мінск Тэма

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Актуальным пытаннем для нашай сферы застаецца пераход тэатраў на парытэтную сістэму фінансавання. Адмысловыя змяненні зацверджаны ўказам Прэзідэнта ў жніўні мінулага года. “К” даведалася, як рэгіянальныя калектывы ўкараняюць гэтыя навацыі. 

Нагадаем: цягам 2024-га расходы фінансуюцца са сродкаў бюджэту і ўласных сродкаў тэатраў у прапорцыі 60/40 адпаведна. Такі механізм прадугледжаны пры стварэнні новых пастановак і правядзенні гастролей, аплаце камунальных паслуг і эксплуатацыйных выдаткаў, выплаце заробкаў. Поўнасцю за кошт бюджэту праводзяцца рамонты, набываецца абсталяванне і іншыя асноўныя сродкі. Акрамя таго, тэатрам забяспечана магчымасць накіроўваць грошы са спонсарскай дапамогі на ўзнагароджанні супрацоўнікам. 

Усе гэтыя захады мусяць станоўча паўплываць на развіццё рэпертуарнай палітыкі, узмацніць творчую актыўнасць і гастрольную дзейнасць. Плён бачны ўжо цяпер: трупы разнастаілі афішы прэм’ерамі, узбагацілі геаграфію выязных выступленняў. 

ГАСТРОЛЬНАЯ КАРТА ШЫРЫЦЦА 

Слонімскі драматычны тэатр да новых умоў прыстасоўваецца паспяхова. Як паведаміў дырэктар установы Аляксей Ткачоў, калектыву ўдалося павысіць долю ўласных даходаў. Летась яны складалі каля траціны ад агульнай сумы фінансавання, а ў першым квартале гэтага года — ужо 40,5 %. 

Спектакль "Багатыя нявесты", Мазыр

Спектакль "Багатыя нявесты", Мазыр

Дзеля такога прарыву давялося павялічыць колькасць спектакляў. Балазе праблем з афішай няма, бо ў тэатра даволі багаты рэпертуар. Ён налічвае амаль паўсотні пастановак і пастаянна папаўняецца. Прыкладам, у 2023-м прэзентавалі спектакль “Спатканні па серадах” Валянціна Краснагорава для дарослых і тры навінкі для дзяцей — “Ай да Мыцык” Яфіма Чапавецкага, “Дагары нагамі” Ксеніі Драгунскай і “Снежную каралеву” Рагіма Мусаева. Сёлета ж запланаваны прэм’ера “Вясёлых гісторый” паводле Аляксандра Астроўскага і аднаўленне пастаноўкі “Не пакідай мяне” Аляксея Дударава, якая ішла на слонімскай сцэне восем гадоў таму. 

Развіваецца і гастрольная дзейнасць. Апошнім часам трупа выступала ў Ашмянах, Шчучыне, Свіслачы, Ваўкавыску. Цягам 2024-га геаграфія паездак значна пашырыцца. Гэта прадугледжана адмысловым планам, зацверджаным абласнымі ўладамі. 

З ВЫПРАБАВАННЕМ СПРАЎЛЯЮЦЦА 

Дырэктар Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча Вераніка Вінэль прызнаецца, што цяперашні парадак фінансавання аказаўся сур’ёзным выпрабаваннем, аднак трупа паступова адаптуецца і імкнецца павышаць долю ўласных даходаў. Дзеля гэтага да асноўнай дзейнасці дадаюць новыя паслугі. Прыкладам, установа арганізоўвае “пад ключ” імпрэзы на замову, ладзіць дзіцячыя святы. Попытам у жыхароў ды гасцей Бабруйска карыстаюцца таксама тэатральныя экскурсіі. 

Вядома, давялося падняць колькасць паказаў. Нязменна поўную залу збіраюць нядаўнія прэм’еры. Вялікую аўдыторыю прыцягвае спектакль-роздум “Нюрнберг. Лава падсудных”, які пагружае ў тэму міру і вайны, чалавечнасці і бязлітаснасці, праўды і хлусні. У аснове п’есы ляжыць аднайменны раманхроніка Аляксандра Ігнашова, напісаны паводле архіўных матэрыялаў і стэнаграмы Нюрнбергскага працэсу, успамінаў сведак.

Спектакль "Снежная каралева", Слонім

Спектакль "Снежная каралева", Слонім

Для культурнага адпачынку публіка выбірае шлюбны вадэвіль “Божыя дзьмухаўцы” — камедыйны спектакль з займальнай інтрыгай і анекдатычным сюжэтам, якому ўласцівыя імклівы рытм, яркасць і выразнасць характараў, лёгкасць дыялогаў. 

Неўзабаве гледача парадуюць чарговымі прэм’ерамі. Да Дня Перамогі трупа рыхтуе баладу пра салдата “Васіль Цёркін”. Разам з шэрагам ранейшых пастановак і гастрольным паказам “Альпійскай балады” ад РТБД спектакль складзе праграму тэматычнага тыдня, прымеркаванага да 9 Мая. Адначасова рэжысёр Марыя Гардзіенка ўвасабляе фантастычную трагікамедыю для моладзі “Томі”. 

Багатая на розныя пункты і гастрольная карта тэатра імя ДунінаМарцінкевіча. Нядаўна калектыў вярнуўся з Бранска, дзе гасцяваў цэлы тыдзень. Тамтэйшай публіцы прэзентавалі спектакль-роздум “Нюрнберг. Лава падсудных”, трагедыю “У спісах не значыўся” паводле аповесці Барыса Васільева і музычную казку “Бураціна”. Таксама гастрольныя шляхі бабруйчан за апошні час прайшлі праз Віцебск, Брэст, Гомель, Мінск, Пінск. На гэтым трупа спыняцца не збіраецца. 

СТАЎКА НА МОЛАДЗЬ 

Мазырскі драматычны тэатр імя І. Мележа таксама паспяхова спраўляецца з планам. Дырэктар Рыгор Сітнік адзначае, што за першы квартал цалкам выкананы паказчыкі па колькасці гледачоў і спектакляў, па даходах. Прыстасоўваючыся да новых умоў, установа актыўна прапануе дадатковыя паслугі. Ахвотным даступныя пракат дэкарацый і сцэнічных касцюмаў, праца ў студыі гуказапісу, фотасесіі ў тэатры і экскурсіі па закуліссі. А каб утрымаць аўдыторыю і прыцягнуць новых гасцей, калектыў шчыльна супрацоўнічае з мясцовымі СМІ і рупліва вядзе старонкі ў сацыяльных сетках. 

У фарміраванні рэпертуарнай палітыкі мастацкая рада надае істотнае значэнне камерцыйнаму патэнцыялу спектакляў, уважліва сочыць за глядацкімі цікавасцямі. Пра гэта сведчыць вялікі попыт на сёлетнюю прэм’еру “Багатыя нявесты” Аляксандра Астроўскага. Праз некаторы час з’явяцца яшчэ дзве новыя пастаноўкі для дарослых і дзве — для дзяцей. Дарэчы, кіраўніцтва трупы робіць сур’ёзную стаўку на маладое пакаленне. Таму калектыў узаемадзейнічае са школамі, з каледжамі і ўніверсітэтам. Вучні і студэнты пакідаюць захопленыя водгукі аб візітах у тэатр, а пазней вяртаюцца на новыя паказы. 

Данііл ШЭЙКА 

Фота з архіваў тэатраў