Па шляху супрацоўніцтва

Апублiкавана: 04 чэрвеня 2024 Стужка Кіно Мінск Падзеі

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Дні беларускага кіно прайшлі ў Новасібірскай вобласці з 23 па 26 красавіка. Расійскім гледачам прэзентавалі як золата “Беларусьфільма”, так і яго навінкі. Галоўнай пляцоўкай мерапрыемства стаў Цэнтр культуры і адпачынку “Перамога”.

ТРАДЫЦЫЙНЫ. БЕЛАРУСКІ 

Адкрыла Дні беларускага кіно карціна “Кіношнікі” Кірыла Халецкага. Рэжысёр не толькі асабіста прэзентаваў фільм, але і адказаў на пытанні, якія цікавілі публіку. Таксама сярод фаварытаў праекта — стужка знакамітага рэжысёра-аніматара Алены Туравай “Зоркі сёмага неба”. 

Цэнтральная, а таму найбольш шырока прадстаўленая ў праграме — ваенная тэматыка: дэманстраваліся мастацкі фільм “Брэсцкая крэпасць” і дакументальныя стужкі “Перазвон” і “Апошні сведка”. А для маленькіх гледачоў пра Вялікую айчынную распавялі анімацыйныя гісторыі “263 ночы”, “Цацка”, “Лыжка для салдата” і “Баявая машына”. Асобную цікаўнасць публікі выклікалі праекты студыі “Летапіс” пра мастацтва. Карціна “Сусвет Івана Міско”, прысвечаная вядомаму скульптару, адметнай рысай творчасці якога з’яўляецца космас, і “УНОВІС” пра феномен мастацкага жыцця Віцебска пачатку 1920-х пакінулі прыемныя ўражанні ў расійскай аўдыторыі. Фільмам закрыцця Дзён беларускага кіно стаў “Ліст чакання” Аляксандра Яфрэмава. 

Прэс-канферэнцыя падчас адкрыцця Дзён беларускага кіно

Прэс-канферэнцыя падчас адкрыцця Дзён беларускага кіно 

— Вельмі ўдзячныя, што атрымалася пазнаёміцца з такой выдатнай камандай кіраўнікоў і рэжысёраў. Магчымасць паглядзець фільм і пагутарыць з яго стваральнікамі — гэта заўсёды вялікая радасць для гледачоў, — адзначыла дырэктар Цэнтра культуры і адпачынку “Перамога” Ганна Агароднікава. — Праграма, якую нам прапанавалі калегі з Беларусі, даволі разнастайная. Прыемна, што, акрамя ігравога кіно, прадстаўлены дакументалістыка і анімацыя — тое, чым славіцца беларускі кінематограф. Асабліва прыйшоўся даспадобы фільм адкрыцця. Гэта цудоўная стужка, поўная аптымізму, вельмі маладая па духу, а ў некаторых момантах нават настальгічная. 

Загадчыца Цэнтра беларускай культуры “Дом нацыянальных культур” Анастасія Дзяменцьева распавяла: 

— Дні беларускага кіно — вынік працы, якая доўжыцца не першы год. Летась паміж “Домам нацыянальных культур” і кінастудыяй “Беларусьфільм” было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве, якое і паспрыяла правядзенню гэтага праекта. Падобныя мерапрыемствы доўгі час не праводзіліся, таму мы рады гэтай падзеі. Мы як цэнтр беларускай культуры вельмі зацікаўлены ў працягу. Спадзяемся, праект стане традыцыйным. 

ПАРТНЁРСКІЯ АДНОСІНЫ 

Для беларускіх гасцей падрыхтавалі насычаную культурную праграму. Дэлегацыя наведала Новасібірскі дзяржаўны краязнаўчы музей, Мастацкі музей і тэатр оперы і балета, пазнаёмілася з асаблівасцямі Новасібірскай дзяржаўнай філармоніі, Цэнтра культуры і адпачынку “Перамога” і Домам нацыянальных культур імя Г.Д. Завалокіна. А ў Цэнтры крэатыўных індустрый прайшла сустрэча з дырэктарам Андрэем Васільевым, які правёў экскурсію для гасцей і прэзентаваў дакументальныя стужкі вытворчасці Цэнтра. 

У рамках Дзён беларускага кіно адбыліся і дзелавыя сустрэчы. Дэлегацыя ў складзе намесніка начальніка аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Крысціны Мельнікавай, намесніка генеральнага дырэктара Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Паўла Скалабана, кінарэжысёра Кірыла Халецкага і рэжысёра-аніматара Алены Туравай правяла перамовы з першым намеснікам губернатара Новасібірскай вобласці Юрыем Петуховым. Таксама адбылася рабочая сустрэча з намеснікам міністра культуры Уладзімірам Дзеевым і выконваючым абавязкі міністра культуры Юрыем Зімняковым. Абмяркоўваліся магчымасці далейшага супрацоўніцтва ў сферы культуры і, у прыватнасці, кінематографа. 

Рэжысёры Алена Турава і Кірыл Халецкі ў Цэнтры крэатыўных індустрый (Новасібірск)

Рэжысёры Алена Турава і Кірыл Халецкі ў Цэнтры крэатыўных індустрый (Новасібірск)

— Паміж Беларуссю і Новасібірскай вобласцю даўно склаліся партнёрскія адносіны: нас звязвае шматвяковая дружба, духоўныя і маральныя каштоўнасці. Дні беларускага кіно — адзін са шматлікіх праектаў, якія прадоўжаць лінію развіцця культурнага ўзаемадзеяння паміж нашым рэгіёнам і Беларуссю, — адзначыў Юрый Зімнякоў. — Але на гэтым наша супрацоўніцтва не сканчаецца. На працягу года мы будзем дэманстраваць фільмы беларускай вытворчасці ў нашай вобласці. Акрамя гэтага, запланаваны сумесныя выставы, гастролі тэатраў, фестывалі, арт-тыдні, канцэрты. 

НАМЕР — ВЫНІК 

Летась падчас афіцыйнага візіту дэлегацыі Новасібірскай вобласці ў Беларусь у рамках Савета дзелавога супрацоўніцтва адбылася сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і губернатара Новасібірскай вобласці Андрэя Траўнікава, на якой прынялі рашэнне аб правядзенні Дзён культуры. Да таго ж паміж Міністэрствам культуры Беларусі і Міністэрствам культуры Новасібірскай вобласці былі падпісаны намер аб супрацоўніцтве і каля дзесяці пагадненняў з беларускімі ўстановамі культуры. 

Дні культуры Новасібірскай вобласці прайшлі у Беларусі 23—25 мая. Будуць прадстаўлены найлепшыя ўзоры прафесійнага музычнага і тэатральнага мастацтва, культурнай спадчыны рэгіёна. Дні культуры Беларусі запланаваны ў Новасібірску на восень гэтага года. 

Яўгенія ГАБЕЦ 

Фота з Telegram-канала Міністэрства культуры