Браслаўскі фэст

Апублiкавана: 31 мая 2024 Стужка Традыцыі Мінск

Аўтар: КАСЦЮНІНА Ульяна

Міжнароднае свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы” збярэ выбітныя калектывы з Беларусі і замежжа. Карагод яркіх мерапрыемстваў разгорнецца з 31 мая па 2 чэрвеня. 

— Сёлета мы вярнуліся да таго, каб “Браслаўскія зарніцы” праводзіліся тры дні. Фестываль будзе прысвечаны Году якасці, — распавядае рэжысёр Браслаўскага раённага цэнтра культуры Алена Котава. — Творчы форум даўно выйшаў за рамкі абласнога конкурсу і стаў міжнародным святам. Змяняецца і традыцыйная афіша. 

Насычаную праграму адкрые гарадскі фестываль “Ставім лету лайк” з інтэрактыўнымі і канцэртнымі пляцоўкамі. Таксама запланавана свята дзіцячай творчасці “На крылах таленту” ў раённым Цэнтры культуры. 

— Канцэрт пабудаваны на найлепшых нумарах дзіцячых школ мастацтваў Браслаўскага раёна, — адкрывае сакрэт Алена Рыгораўна. — Акрамя таго, пройдзе ўрачыстая выстава з дасягненнямі нашых хлопцаў і дзяўчат за мінулы год: пакажам больш за 200 грамат з культурных спаборніцтваў! 

Другі дзень свята пачнецца з адкрытага конкурсу “Браслаўская харавая асамблея”. У праграме таксама — урачыстае шэсце, тэатралізаваныя паказы і канцэрт-прывітанне для ўсіх удзельнікаў “Мы шчыра вітаем сяброў”. Да яго далучацца вакальныя і харэаграфічныя гурты з усёй Беларусі і рэгіёнаў Расіі. Запрошаны прадстаўнікі беларускага таварыства “Прамень” з Латвіі і творчага калектыву традыцыйнай карэйскай культуры “Арыранг”. 

— Фестываль працягнецца святам сярэднявечнай культуры “Меч Брачыслава”. Будуць прадстаўлены розныя тэматычныя зоны: горад майстроў, сярэднявечная кухня, пляцоўкі для дзяцей... Прапануем убачыць паказальныя выступленні стралковых клубаў і паўдзельнічаць у майстар-класах. Галоўным мерапрыемствам стануць рыцарскія баі за меч Брачыслава. 

Адкрыты конкурс народнага танца “Паазерскія тапаткі” зладзяць 2 чэрвеня. Спаборніцтвы пройдуць у трох намінацыях: “Беларускі народны танец”, “Народны танец” і “Народныя танцы ў сучаснай інтэрпрэтацыі”. 

Акцэнт трэцяга дня “Браслаўскіх зарніц” — інтэрактыўныя зоны ад устаноў рэгіёна. Пляцоўкі бліжэй пазнаёмяць з культурай Браслаўшчыны. Алена Рыгораўна падкрэслівае: 

— Свята за 57 гадоў правядзення стала візітоўкай раёна. Сёлета мы падымаем планку, каб кожны знайшоў мерапрыемства па густу! 

Ульяна КАСЦЮНІНА