Фестываль “Беларусь — мая песня” працягваецца. Сёння, 31 мая, у Палацы Рэспублікі пройдзе гала-канцэрт мастацкай творчасці Магілёўскай вобласці.
Праграма “Натхненне Радзімай” будзе напоўнена яркімі выступленнямі музычных ансамбляў, акцёрскімі і харэаграфічнымі пастаноўкамі. Таленты прадэманструе больш за тысячу найлепшых выканаўцаў з Прыдняпроўскага краю.
А 2 чэрвеня на самай прэстыжнай сцэне краіны майстэрства прадставяць удзельнікі прафесійных і самадзейных творчых калектываў Брэстчыны. У фае Палаца Рэспублікі гасцей будуць сустракаць турыстычныя сімвалы вобласці — паменшаная копія скульптуры зубра, размешчанай на трасе М1, і славуты брэсцкі ліхтаршчык.
— Мы пакажам унікальнасць свайго рэгіёна, багацце і шматграннасць яго культурнай палітры, — запэўнілі ва ўпраўленні культуры Брэсцкага аблвыканкама. — Для фінальнага этапу фестывалю падрыхтавана выстава “1-ы рэгіён — 85...” і маштабны гала-канцэрт “Мы створаны гэтай зямлёй”.
У праграме паўдзельнічае амаль паўтары тысячы чалавек — больш за 50 ансамбляў, каля 30 вакалістаў і інструменталістаў. У шоу выкарыстаюць шматлікія тэхнічныя сродкі і спецэфекты. Яркім абяцае стаць выступленне вялікага зводнага духавога аркестра, які аб’яднае пяць калектываў.
Усе госці атрымаюць паштоўкі, выкананыя навучэнцамі школ мастацтваў Брэсцкай вобласці ў рамках акцыі “Брэстчына вачыма дзяцей”. З дапамогай QR-кода на запрашальных квітках гледачы змогуць адкрыць прэзентацыйны ролік і пагрузіцца ў свет прыгажосці і гісторыі паўднёва-заходняга рэгіёна.
Рэспубліканскі фестываль “Беларусь — мая песня” з’яўляецца культурным праектам, у межах якога дэманструюцца творчыя справаздачы майстроў мастацтваў абласцей і горада Мінска. Сёлета праграмы праходзяць пад знакам юбілею — 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З лютага на галоўнай сталічнай пляцоўцы сваё майстэрства па чарзе прадстаўлялі артысты Віцебскай, Гродзенскай, Гомельскай і Мінскай абласцей. Завершыцца рэспубліканскі марафон гала-канцэртам да Дня Незалежнасці. Да мерапрыемства далучацца найлепшыя калектывы і выканаўцы з усёй краіны.