Валейбол, настольны тэніс, лёгкаатлетычны крос... У праграме Рэспубліканскай спартакіяды работнікаў культуры, якая разгарнулася з 31 мая па 2 чэрвеня ў Мінскім раёне, — дзевяць відаў спорту. А яшчэ — кінасеансы.
Спартакіяда праводзіцца ў адпаведнасці з рэспубліканскім планам культурнамасавых мерапрыемстваў на 2024 год. Спаборніцтвы стартуюць сёння з біятлоннай эстафеты на лыжаролерах: у Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту “Раўбічы” сабраліся прадстаўнікі нашай сферы з усіх рэгіёнаў краіны.
Акрамя як у біятлоннай гонцы, культработнікі памераюцца сіламі ў валейболе, міні-футболе, настольным тэнісе, лёгкаатлетычным кросе, гіравым спорце, перацягванні каната, дартсе і фігурным ваджэнні ровара. Большасць мерапрыемстваў пройдзе ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі “Стайкі”. Прадугледжваецца як камандны, так і асабісты залік. Заяўлены і выпрабаванні для кіраўнікоў, якім трэба будзе пазмагацца ў кіданні дроцікаў.
Удзельнікі спартакіяды адпачнуць ад спартыўных подзвігаў і набяруцца сіл перад устанаўленнем новых рэкордаў, наведаўшы сеансы палявога кінатэатра. У праграме “Сонца, паветра і кіно” — спрэс любімыя і новыя стужкі айчыннай вытворчасці. Распачнуцца паказы з золата “Беларусьфільма” — казкі “Горад майстроў”. Таксама ў афішы — сямейная камедыя “Аліўе”, моладзевая камедыя “Кіношнікі”, меладрама “Жыццё пасля жыцця”.
Якія яшчэ цікавінкі чакалі спартсменаў і хто стаў пераможцам? Сачыце за навінамі на інфармацыйных рэсурсах РВУ “Культура і мастацтва”.
Фота носіць ілюстрацыйны характар