Масты сяброўства

Стартавалі Дні культуры Новасібірскай вобласці Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Праграмы вядучых культурных устаноў рэгіёна прадстаўлены на розных пляцоўках у Мінску. 

Сібір — гэта сучасны край, які рухаецца наперад, абапіраючыся на шматвяковыя традыцыі, прафесіяналізм і шчырую любоў людзей да сваёй справы. Праграма дапамагае сфарміраваць аб’ёмнае ўяўленне аб Новасібірскай вобласці, даведацца, адкуль пачаўся яе шлях, што паўплывала на развіццё і якія прафесійныя вышыні ўдалося скарыць жыхарам рэгіёна. Культурныя дасягненні прэзентуюцца на імпрэзах музычных і тэатральных калектываў, што збіралі найлепшыя залы свету, у межах сучасных выставачных праектаў, якія праз унікальныя экспанаты расказваюць аб гісторыі Сібіры са старажытнасці да сёння. 

Адкрыў Дні культуры гала-канцэрт у Вялікім тэатры Беларусі. На адной сцэне выступілі Новасібірскі акадэмічны сімфанічны аркестр, салісты Новасібірскага акадэмічнага тэатра оперы і балета, Новасібірскага музычнага тэатра, Дзяржаўны акадэмічны Сібірскі рускі народны хор і студэнцкія калектывы. Канцэрты Новасібірскага акадэмічнага сімфанічнага аркестра і Сібірскага рускага народнага хору таксама адбудуцца ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. 

Новасібірскі акадэмічны маладзёжны тэатр “Глобус” прадставіць спектакль “Варшаўская мелодыя” ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры юнага гледача. Жыхары Мінска змогуць убачыць самую яркую прэм’еру гэтага сезона, якую прэзентуе тэатр “Чырвоны факел”, — пастаноўку “Мёртвыя душы” рэжысёра Андрэя Прыкаценкі паводле паэмы Мікалая Гогаля. Адзіны гастрольны паказ пройдзе ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Свае спектаклі прадэманструюць таксама Новасібірскі музычны тэатр і Новасібірскі абласны тэатр лялек. 

Гала-канцэрт у Вялікім тэатры Беларусі

Гала-канцэрт у Вялікім тэатры Беларусі

Выставы Новасібірскага дзяржаўнага краязнаўчага музея даступныя адразу на дзвюх пляцоўках: імерсіўны праект “Дзеці неба” і ўнікальныя знаходкі сібірскіх археолагаў — у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, а комплексная экспазіцыя “Сібір тут” — у Нацыянальным гістарычным музеі. Партрэты і пейзажы з фондаў Новасібірскага дзяржаўнага мастацкага музея прадстаўлены ў межах праекта “Сібір шматаблічная” ў Нацыянальным мастацкім. 

Значная падзея — экспазіцыйна-канцэртная праграма ўстаноў культуры Новасібірскай вобласці ля Палаца спорту. Тут прапануюць паглядзець на творы мастацтва, знакамітыя палеанталагічныя знаходкі, у тым ліку на самы поўны шкілет самца маманта ў свеце, станкі адзінага за Уралам манетнага двара. Наведвальнікаў чакае вялікі канцэрт: выступленні джазавых калектываў, артыстаў тэатраў і Сібірскага рускага народнага хору, лялечны спектакль. Для маленькіх гасцей падрыхтаваны інтэрактыўныя праграмы. Дзякуючы гульням, можна перанесціся ў старажытную Сібір. Усе мерапрыемствы бясплатныя. Акрамя таго, на плошчы ля Палаца спорту ўсталяваны спецыяльныя дзверы — тэлемост паміж Мінскам і Новасібірскам.