Як пераўтварыць замак у музей? Нехта адкажа: ды проста павесіць шыльду і пачаць прадаваць квіткі. Балазе не выпадае сумнявацца, што турысты туды пацягнуцца: не надта шмат у нашых шыротах такіх адметнасцяў. Ды насамрэч пытанне мае процьму падводных камянёў — асабліва калі той замак у стане руіны, над “рэанімацыяй” якой акурат шчыруюць рэстаўратары. Як, напрыклад, Крэўскі. Пра складаныя калізіі і зусім не музейныя квэсты, якія ўзнікаюць на шляху пераўтварэння адной з самых славутых развалін у сучасны турыстычны аб’ект, вялася гутарка на круглым стале ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.
Яшчэ ў прэамбуле гутаркі навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Алег Дзярновіч акрэсліў сутнасць праблем. Сёння ў замку паралельна адбываюцца два разнастайныя працэсы. Па-першае, поўным ходам ідуць рэстаўрацыйныя работы — вось ужо адноўлена Малая брама з умантаваным у яе нямецкім бункерам часоў Першай сусветнай. Зразумела ж, будаўнічай частцы папярэднічае праектаванне і належнае ўзгадненне прапанаваных архітэктурных рашэнняў.
Па-другое, працягваюцца археалагічныя даследаванні (імі кіруе Алег Дзярновіч) — і яны рэгулярна прыносяць новыя адкрыцці. Пра сенсацыйную знаходку падмуркаў, як мяркуецца, трэцяй вежы мы ўжо пісалі. Але ж археолаг падзяліўся і свежай навіной: сёлета, на самым пачатку сезона раскопак, ва ўсходнім куце кастэля выяўленыя рэшткі яшчэ адной пабудовы — праўдападобна, гэта галерэя, якая праходзіла ўздоўж усходняй сцяны.
Для навукоўцаў знаходка — радасць. Гэта істотны крок наперад у справе вывучэння гісторыі замка. Па словах Алега Дзярновіча, ранейшае ўяўленне пра кастэль як пра вялізны пусты двор, аточаны сценамі, цяпер можна лічыць доказна абвергнутым: на дзядзінцы ўнутры муроў існавалі розныя пабудовы.
А вось для архітэктараў і тых, хто адказвае за будаўнічыя работы, археалагічныя адкрыцці — праблема. Асабліва калі канцэпцыя аднаўлення замка і адпаведныя ёй праектныя рашэнні ўжо зацверджаныя Рэспубліканскай навукова-метадычнай радай. Згодна з імі разлічвалася і фінансаванне…
Вось і галоўны архітэктар і навуковы кіраўнік рэстаўрацыі Крэўскага замка Алена Карлянок запэўніла: новыя знаходкі пацягнуць за сабою змены ў праекце — як ужо неаднаразова здаралася.
Урэшце, у гэтай гісторыі ёсць і трэцяя дзейная асоба. Мясцовая ўлада Смаргоншчыны спакваля прымае захады па музеефікацыі замка, які знаходзіцца на іх балансе. Менавіта ёй тут гаспадарыць, выконваючы, па-сярэднявечнаму кажучы, ролю кашталяна.
Рэканструкцыя ўнутранага двара Крэўскага замка
З аднаго боку, знаходка музейшчыкам на руку: гэта як мінімум дадатковы аб’ект паказу — а яны ў выпадку з Крэўскім замкам лішнімі не будуць. І як максімум — навуковае абгрунтаванне для стварэння на тэрыторыі замка музейнага комплексу, які б спалучыў усе інфраструктурныя функцыі: службовыя памяшканні, санвузел, касу, сувенірны шапік, а мо і кавярню…
Як падкрэсліў Алег Дзярновіч, пакуль такога стацыянарнага “прытулку” на тэрыторыі замка музейшчыкі не маюць — як, зрэшты, і наведвальнікі. Хаця патрэба ў ім відавочная. Цяжка ў наш век ўявіць сабе музейную ўстанову без цывілізаваных базавых выгодаў.
З іншага боку, такі комплекс запатрабуе карэкціроўкі бюджэту работ — і не ў бок змяншэння сумы...
Як адзначыла галоўны архітэктар праекта, найбліжэйшым часам добра было б вызначыцца, якім музейшчыкі бачаць лёс новай знаходкі. Адна справа, калі гэта “эканом-варыянт”, як экспанаванне падмуркаў, а зусім іншая — праектаванне новага будынка на месцы старой мураванкі.
— Ужо цяпер нам хацелася б ведаць, ці патрэбны такі будынак на тэрыторыі замка, — дадала Алена Карлянок. — І калі так, то важна разумець яго аб’ём, функцыянальнае прызначэнне. Усё гэта ўплывае на магутнасці інжынерных сетак — а пытанне іх падводкі паўстане непазбежна. Зразумела, камунікацыі куды прасцей пракласці пад зямлёй яшчэ на стадыі рэстаўрацыйных работ, чым пасля таго, як замкавыя сцены будуць адноўленыя.
Крэўскі замак — музейны аб’ект ужо сёння. Хаця экспазіцыі ў звыклым для нас разуменні там няма, галоўны экспанат — сам замак — турыстаў прыцягвае несупынна. Цяпер ужо і па квітках. Супрацоўнікі Смаргонскага музея ладзяць там у цёплы час экскурсіі — пакуль па выхадных. Як паведаміла начальнік аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама Таццяна Ражава, за мінулы сезон арганізаваных наведвальнікаў набралася каля пяці тысяч.
— Заўсёды раю знаёмым прыехаць і паглядзець замак менавіта сёння — каб пабачыць і тое, што было, і тое, што будзе, — кажа яна без аніякіх рэкламных інтанацый. — Бо ў замку ёсць і адрэстаўраваныя фрагменты, і яшчэ некранутыя. Ды і тое, як вядуцца археалагічныя даследаванні і рэстаўрацыйныя работы, таксама цікава.
Ля ўсходняй сцяны замка даследчыкі выявілі рэшткі невядомай раней пабудовы
Прысутныя пагадзіліся з тым, што агучаная лічба турыстаў не надта ўнушальная: аб’ект мае шматкроць большы патэнцыял. Скажам, квіткоў у суседні Гальшанскі замак за той самы час прададзена ўтрая болей.
Але паміж дзвюма руінамі, якія пару дзесяцігоддзяў спаяныя ў класічным для мінчукоў экскурсійным маршруце, пакуль ёсць істотнае адрозненне: у Гальшанах музейная інфраструктура ўжо створаная, як і невялічкая экспазіцыя — хаця працы там таксама яшчэ далёкія да завяршэння.
Урэшце, у Гальшанах выпрацаваная і канцэпцыя музеефікацыі. А вось якім павінен быць Крэўскі замак пасля свайго “перараджэння” як завершаны турыстычны аб’ект, пакуль пэўнасці няма.
— Што нам сёння паказаць турыстам, апрача сцен, і што мы плануем ім паказваць у будучыні? — фармулюе пытанне Алег Дзярновіч. Як распавяла Таццяна Ражава, у раённым музеі ўжо створаны сектар гісторыі Крэўскага замка — ды ў ім, аднак, толькі дзве штатныя адзінкі. Ёсць і ма- лады спецыяліст, на якога дасведчаны смаргонскі адміністратар ускладае вялікія надзеі…
Прынамсі дзве тэмы для будучага музея ўжо сёння навідавоку. Адна — сярэднявечная гісторыя Крэўскага замка, другая — падзеі часоў Першай сусветнай вайны. Як адзначыла Таццяна Ражава, гэтаму драматычнаму перыяду таксама будзе нададзеная належная ўвага.
Але мяркуецца, што тэм насамрэч болей. Да прыкладу, фрэскі, фрагменты якіх выяўленыя ў Княжацкай вежы. Па словах Дзярновіча, унікальныя яны і таму, што гэта ўзор візантыйскай традыцыі ў гатычным замку. А калі Ягайла стаў каралём, падобныя роспісы пачалі з’яўляцца ў люблінскіх храмах і нават кракаўскім Вавелі — хаця пачыналася ўсё менавіта з Крэва…
Як адзначыў даследчык, на сёння выяўлена болей за 2000 фрагментаў сярэднявечных фрэсак, а неўзабаве іх можа з’явіцца куды болей:
— Пакуль маем толькі адну траціну. Няма сумневу, што падчас далейшых даследаванняў данжона выявяцца новыя фрагменты.
Якім чынам тыя фрагменты экспанаваць, каб культурны феномен змог уразіць наведвальнікаў? І, галоўнае, дзе экспанаваць? Гэта пакуль чарговыя пытанні.
Паводле планаў, экспазіцыя ў Крэўскім замку павінна размясціцца ў рэканструяваным данжоне. Але ж паколькі аднаўленне магутнай вежы, ад якой засталіся фрагменты, пацягне палову ўсіх запланаваных на замак выдаткаў, чакаецца яно няхутка.
Болей за тое — экспазіцыя там плануецца халоднай, без ацяплення, што пазбаўляе музейшчыкаў такога эфектыўнага сучаснага сродку, як мультымедыйнае абсталяванне. Ці згодныя яны на гэта? Пытанне таксама абмяркоўвалася падчас круглага стала. Агучыла яго галоўны архітэктар праекта: ёй ужо сёння трэба задумвацца пра магутнасці інжынерных сетак…
І тут хоцькі-няхоцькі трэба закрануць тэму, якая на круглым стале (тобок сярод спецыялістаў) нават не ўзнікала. Затое яе актыўна абмяркоўваць карыстальнікі сацсетак — патэнцыйныя наведвальнікі новага турыстычнага аб’екта. Гутарка, зразумела, пра аўтэнтыку.
Тое, што рэстаўрацыю ўжо крытыкуюць, у пэўнай меры, вытлумачальна: аблічча замка, якое стала звыклым для многіх пакаленняў беларусаў, на вачах змяняецца. Сёй-той з абурэннем піша: рамантычную “архаіку” (бурлівая паэтычная фантазія малюе ўявы, што да гэтых камянёў маглі дакранацца Альгерд альбо Вітаўт) хавае пад сабою сучасная свежая цэгла…
Ды спецыялісты цярпліва тлумачаць: змены непазбежныя. Камянёў тых з кожным днём становіцца ўсё меней. Пагатоў гутарка вядзецца нават не пра вонкавую аблямоўку муроў (яна даўно страчаная), а пра іх “начынку”. Альгерд да яе дакранацца, вядома, не мог… Таму калі першай часткі вядомай сентэнцыі — “старыны не рушыць” — яшчэ магчыма датрымацца, то другая — “навізны не ўводзіць” — невыканальная так ці іначай.
Адказныя за аднаўленне Гальшанскага замка архітэктары-рэстаўратары паслядоўна прытрымліваюцца прынцыпу “замак як экспанат”. І сэнс не толькі ў тым, што галоўным экспанатам апрыёры з’яўляецца менавіта сам замак, але і ў падыходзе да замка. Як да экспаната, што ляжыць у вітрыне.
Такі падыход фармулюе задачу — экспанаваць трэба эфектна, таму вузкія вінтавыя сходы, што вядуць у цёмныя лёхі, пераўтвараюцца ў сапраўдны атракцыён.
А яшчэ — дазваляе смела інтэграваць у “цела” помніка сучасныя элементы са шкла, жалеза, бетону. У Гальшанах турысты праходзяць праз турнікеты і ўздымаюцца на вежу па металічнай лесвіцы, што, нібы экзашкілет, усталяваная з вонкавага боку.
Так, канцэпцыя “замка як экспаната” стварае “жалезнае” алібі. Ніхто ж не будзе абурацца, пабачыўшы ў музеі антычнага мастацтва сучасныя вітрыны.
У якой ступені такі падыход карысны для Крэўскага замка? Прынамсі, як глеба для аналізу. Ды наўрад ці яго варта капіраваць — хаця б таму, што турыст прагне разнастайнасці. Да ўсяго, як адзначыў былы начальнік упраўлення па ахове спадчыны (вядо- мы даследчык Крэўскага замка) Ігар Чарняўскі, кожны аб’ект мае ўнікаль- ны характар — ён абумоўлены хаця б нават ландшафтнымі асаблівасцямі.
Дарэчы, пра ландшафт — прычым культурны — казаў архітэктар Андрэй Шулаеў. Ён даўно выношвае праект стварэння ў Крэве цэлага археалагічнага комплексу — каб турысты не абмяжоўваліся адным толькі замкам ды і ў мястэчку той замак не быў “рэччу ў сабе”. Слушнасць думкі пацвярджае практыка. Як толькі непадалёк ад замка зрабілі макет Дазорнай вежы ў натуральную велічыню, я з сям’ёю правёў у Крэве ўдвая болей часу, чым раней, — нарэшце адкрыўшы для сябе яго неверагодныя ландшафты. Бо замак жа ў нізіне, а самахоць ускараскацца на Юр’еву гару мне ў галаву не прыходзіла — да з’яўлення вежы.
Таму калі яшчэ адзін такі знакавы пагорак — гарадзішча — стане аб’ектам паказу, геаграфія Крэва для наведвальнікаў істотна пашырыцца.
Практыка пераўтварэння ў “цукерку” не надта прэзентабельных помнікаў спадчыны ў Беларусі ёсць. Таму завадатары круглага стала запрасілі да ўдзелу спецыяліста, які, так бы мовіць, “ведае, плаваў”. Дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка падзяліў- ся набытым досведам.
Матэрыялу для роздуму ў яго не бракавала, эпапея з аднаўленнем Старога замка была доўгай і пакручастай, але плённай: экспазіцыя адкрылася, турысты задаволеныя… Вынік, вядома, прамежкавы, бо наперадзе чэргі будаўнічых работ, якія запатрабуюць і ад архітэктараў, і ад музейшчыкаў процьму высілкаў.
У свой час шквал крытыкі выклікаў праект рэканструкцыі замка Уладзіміра Бачкова. Не ўступаючы ў палеміку, Юрый Кітурка адзначыў:
— Не будзь гэтага праекта (якім бы ён ні быў), справа бы з месца не зрушылася! Архітэктар адразу думаў пра тое, як аб’ект будзе выкарыстоўвацца: выпрацаваў цэласнае бачанне прыстасавання замкавай прасторы пад экспазіцыйныя мэты. Скажам, у Старым замку павінен быць арганізаваны кругавы агляд, які выключае сутыкненне сустрэчных плыняў на- ведвальнікаў.
Як дасведчаны музейшчык, Юрый Кітурка параіў смаргонскім калегам ужо сёння задумацца над падобнымі нюансамі, а таксама над тымі сюжэтамі, якія будуць адлюстроўвацца ў экспазіцыі. То-бок як падаць наведвальнікам такі шматвымерны і вельмі перспектыўны аб’ект, як Крэўскі замак.
Адміністратар з вялікім стажам звярнуў увагу і на чыста практычныя нюансы. Прыкладам, ці зможа функцыянаваць неацяпляльная экспазіцыя ўзімку? Калі так, дык хто пагодзіцца праца- ваць у экстрэмальных умовах? А калі зрабіць музей сезонным, дзе знайсці кваліфікаваны персанал, згодны на доўгія неаплатныя вакацыі?
Без сумневу, усе гэтыя — і шматлікія іншыя — пытанні варта ставіць, як кажуць, на беразе, яшчэ пры планаванні экспазіцыі. Бо, як гучала на круглым стале, у практыцы, на жаль, ёсць прэцэдэнт, калі закупленае дарагое абсталяванне вымушана прастойвае, бо тэхнічныя ўмовы пакуль не дазваляюць яго выкарыстоўваць.
Як запэўніла начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Таццяна Бокша, абгрунтаваныя карэкціроўкі праекта аднаўлення Крэўскага замка Міністэрства культуры толькі вітае: ніхто не забараняе вынесці іх на паўторнае абмеркаванне Навукова-метадычнай рады. Важна, каб быў кансэнсус усіх зацікаўленых, які прывёў бы да ўзважанага рашэння, а таксама меліся дадатковыя рэсурсы (падобныя работы павінны фінансавацца рэспубліканскім і мясцовым бюджэтамі паводле парытэтнага прынцыпу).
Таццяна Віктараўна выказала надзею, што такая нарада не будзе апошняй — бо тэмы для абмеркаванняў заўсёды знойдуцца.
— У гэтай справе немагчыма нават уявіць сітуацыю, калі ўсе праблемы вырашацца: увесь час будуць узнікаць новыя. Самыя розныя… — “суцешыў” прысутных Юрый Кітурка.
З іншага боку, такія праблемы — і асабліва метадычны ды выніковы пошук іх рашэнняў — урэшце становяцца стымулам інтэлектуальнага росту і для рэстаўрацыі, і для музейнай галіны. Што асабліва важна ў Год якасці.
Ілья СВІРЫН
Фота Алега ДЗЯРНОВІЧА