У рамках міжнароднага праекта “Рускія сезоны” 15—18 мая ў Мінску ладзяцца Дні духоўнай культуры Расіі. Пляцоўкамі асноўных мерапрыемстваў сталі Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, храм-помнік у гонар Усіх Святых, а таксама сталічная філармонія.
Пры падтрымцы Міністэрства культуры Расіі Дні духоўнай культуры праводзіць аўтаномная некамерцыйная арганізацыя “Рускія сезоны”. Назва невыпадковая: больш за сотню гадоў таму завяршыліся знакамітыя “Рускія сезоны” ў Парыжы, арганізаваныя Сяргеем Дзягілевым. А ў 2017-м адмысловы праект адрадзіўся, прычым у новым фармаце і ў розных краінах: Японіі, Італіі, Германіі, Францыі, Бельгіі, Люксембургу, Паўднёвай Карэі, Казахстане, Узбекістане. У чэрвені “Рускія сезоны” пачнуцца ў Бразіліі.
Падчас круглага стала
У Беларусі Дні духоўнай культуры Расіі праходзяць з 2008 года. Найлепшыя прадстаўнікі суседняй краіны ладзяць у нас канцэрты, творчыя сустрэчы, майстаркласы і іншыя мерапрыемствы, скіраваныя на далейшае развіццё сяброўства і культурнага абмену ў Саюзнай дзяржаве.
— Культура — гэта тое, што яднае нашы народы. Саюзная дзяржава шмат робіць для яе падтрымкі, ставіць сваёй мэтай фарміраванне асобы, — сказала на ўрачыстым адкрыцці Дзён духоўнай культуры кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Марыяна Шчоткіна. — Узровень развіцця асобы вызначаецца яе духоўнасцю, уменнем правільна расстаўляць прыярытэты. Сусвет — гэта магутная сімфонія, у якой кожны індывід — адна з нот.
Дні духоўнай культуры Расіі — шматжанравы праект, які дэманструе багацце расійскага мастацтва і творчыя дасягненні краіны. З 2008 года мерапрыемствы адбыліся ў 43 дзяржавах.
У Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі разгарнулася планшэтная выстава “Новадзявочы манастыр. Да 500-годдзя заснавання”. У аснову экспазіцыі пакладзены рэпрадукцыі мастацкіх твораў і здымкі з калекцыі Дзяржаўнага гістарычнага музея Расіі. Гледачы могуць заглыбіцца ў мінуўшчыну святыні з дапамогай копій старадаўніх абразоў, вырабленых славутымі майстрамі Аружэйнай палаты, выяў унікальных фрэсак XVI стагоддзя, прадметаў, якія належалі манашкам, фатаграфій манастырскіх пабудоў. З 16 мая выстава даступная ў храме-помніку ў гонар Усіх Святых. Дзякуючы гэтаму да яе далучыцца больш жыхароў і гасцей Мінска.
Яшчэ ў рамках Дзён духоўнай культуры адбыўся круглы стол “Сістэма падрыхтоўкі музыкантаў у Расіі і Беларусі як аснова захавання духоўнай культуры Саюзнай дзяржавы”. У мерапрыемстве ўдзельнічалі рэктары, выкладчыкі, супрацоўнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных. Разглядаліся актуальныя пытанні творчага супрацоўніцтва ВНУ. Мадэль беларускай і расійскай музычнай адукацыі адрозніваецца ад многіх еўрапейскіх тым, што складаецца з трох ступеней: дзіцячая школа мастацтваў, музычны каледж і ВНУ. Гэта спрыяе ранняй прафесійнай арыентацыі, дае вельмі высокі ўзровень падрыхтоўкі. Яшчэ адна асаблівасць — вялікая дзяржаўная падтрымка і музычнай адукацыі ў цэлым, і таленавітай творчай моладзі, а таксама развітая сетка конкурсаў, скіраваных на выяўленне самых адораных музыкантаў усіх спецыяльнасцей. Захаванне і далейшае развіццё такой сістэмы, сінхранізацыя мадэлей вышэйшай музычнай адукацыі Беларусі і Расіі — адна з важных задач.
Падчас прэзентацыі выставы "Новадзявочы манастыр. Да 500-годдзя заснавання"
Тэорыю падмацоўвала практыка. Адкрыццё Дзён духоўнасці і круглы стол шчодра аздабляліся музычнымі прывітаннямі, што маглі б скласці цэлую праграму. Далей ансамбль Altro coro Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных на чале з рэктарам Аляксандрам Рыжынскім прэзентаваў канцэрт “Руская харавая музыка: ад класікі да сучаснасці”, а ў храме-помніку ў гонар Усіх Святых выступіў Маскоўскі Сінадальны хор пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Расійскай Федэрацыі Аляксея Пузакова.
Дні духоўнай культуры пра- цягнуцца дзвюма імпрэзамі з удзелам Разанскага дзяржаўнага акадэмічнага рускага народнага хору імя Яўгена Папова на чале з заслужаным работнікам культуры Расійскай Федэрацыі Святланай Сухавай. У Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі калектыў правядзе майстар-класы па харэаграфіі, аркестравым і харавым мастацтве, а на сцэне Белдзяржфілармоніі выступіць з канцэртам.
Надзея БУНЦЭВІЧ