Культурныя сувязі атрымаюць новы імпульс дзякуючы дамоўленасцям, дасягнутым падчас афіцыйнага візіту ў Мінск дэлегацыі Архангельскай вобласці Расіі на чале з губернатарам Аляксандрам Цыбульскім.
У абмеркаванні блока пытанняў, што тычацца нашай сферы, удзельнічалі міністр культуры Архангельскай вобласці Аксана Святлова і першы намеснік міністра культуры Беларусі Валерый Грамада. Да змястоўнай размовы далучыліся дырэктар Архангельскага тэатра драмы імя М. В. Ламаносава Сяргей Самодаў, начальнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння са сродкамі масавай інфармацыі Міністэрства культуры Беларусі Вікторыя Ратабыльская, кіраўнікі нашых вядучых арганізацый.
Члены расійскай дэлегацыі наведалі Нацыянальны мастацкі музей, дзе азнаёміліся з пастаяннай экспазіцыяй. Таксама, па словах генеральнага дырэктара ўстановы Ганны Конанавай, бакі разгледзелі магчымыя варыянты далейшага супрацоўніцтва, у прыватнасці ўзаемадзеянне беларускай скарбніцы з Архангельскім музеем выяўленчых мастацтваў, якое ўключае абмен выставачнымі праектамі.
Сустрэча ў Вялікім тэатры Беларусі
Перспектывы сумеснай работы па краязнаўчым і гістарычным напрамках абмяркоўваліся з кіраўніцтвам Нацыянальнага гістарычнага музея. Магчымасці ўзаемадзеяння ў культурнай, адукацыйнай і навуковай сферах — з адміністрацыяй Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі: Аксана Святлова высока ацаніла ўзровень выканальніцкага майстэрства навучэнцаў і пагаварыла з дырэктарам Наталляй Кароцінай аб развіцці сувязей паміж гімназіяй-каледжам і ўстановамі адукацыі ў сферы культуры Архангельскай вобласці. Бакі разгледзелі ўмовы падпісання дагавораў аб супрацоўніцтве. Трэба адзначыць, што гімназія-каледж актыўна пашырае кантакты і абменьваецца досведам з расійскімі партнёрамі. У прыватнасці, беларуская выкладчыца Дар’я Бабко з 18 па 20 красавіка наведвала Архангельск як член журы IV Міжнароднага фестывалю-конкурсу юных выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах “Ступені росту”. Педагог таксама паўдзельнічала ў круглым стале і правяла майстарклас для юных саксафаністаў.
У Вялікім тэатры Беларусі расіяне сустрэліся з генеральным дырэктарам Кацярынай Дулавай. Прадметам дыялогу сталі творчае ўзаемадзеянне, пашырэнне кантактаў, арганізацыя сумесных праектаў як у Архангельскай вобласці, так і ў нашай краіне. Ганаровым гасцям зладзілі экскурсію, расказалі аб гісторыі і сучасных дасягненнях калектыву.
Таксама ў рамках афіцыйнага візіту дэлегацыі Архангельскай вобласці ў Мінск на сцэне Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў быў прадстаўлены канцэрт “Паўночнае ззянне Белага мора”. Дзяржаўны акадэмічны Паўночны рускі народны хор сабраў поўную залу. У праграму ўвайшлі нумары, заснаваныя на традыцыйнай культуры Архангельскай вобласці. Артысты паказалі найлепшыя выступленні з залатога фонду і навінкі. Калектыў аб’яднаў прыхільнікаў народнага пеўчага мастацтва самабытнай творчасцю і падарыў мінчанам яркае, маляўнічае знаёмства з Рускай Поўначчу.