Мільёны на аднаўленне

Апублiкавана: 16 мая 2024 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

Сёлета дзяржава накіруе больш за 45,5 мільёна рублёў на рэстаўрацыю і капітальны рамонт аб’ектаў культуры. 

Такі аб’ём фінансавання закладзены ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2024 год, якую Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў Указам № 119 ад 29 сакавіка. 

Як паведамілі ў Міністэрстве культуры, гэта самыя вялікія грошы, якія за апошні час выдаткоўваліся на ратаванне гісторыка-культурнай спадчыны, рамонт і рэканструкцыю памяшканняў буйных музеяў і навучальных устаноў. 

Міністр культуры Анатолій Маркевіч падчас наведвання новага будынка Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава

Міністр культуры Анатолій Маркевіч падчас наведвання новага будынка Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава

Усяго Дзяржінвестпраграма ў 2024-м прадугледжвае работы на 13 аб’ектах культуры. Найбольшыя аб’ёмы працы будуць выкананы сёлета на двух з іх. Адпаведна, туды скіраваны і самыя значныя сумы фінансавання. 

Так, на рэканструкцыю будынка канцэртнай залы “Віцебск” у горадзе над Дзвіной выдаткоўваецца 20 мільёнаў рублёў. Палова з іх паступіць з рэспубліканскага бюджэту, другая — з мясцовага. Цяпер тут амаль завершаны работы на знешніх пляцоўках, усе намаганні сканцэнтраваны на ўнутраных. Высокая ступень гатоўнасці ў танцавальнай залы і фае побач з ёй, а таксама ў гардэроба і буфета — аб’екты будуць здадзены ў эксплуатацыю сярод першых. Штодня, уключаючы выхадныя, у КЗ “Віцебск” працуе да 270 будаўнікоў і іншых спецыялістаў. 

Варта адзначыць, што пад адным дахам установы знаходзяцца самыя буйныя крытыя пляцоўкі паўночнага абласнога цэнтра. Вялікая зала разлічана на 1034 пасадачныя месцы. Круглая (танцавальная) можа прыняць да 500 чалавек адначасова. Ёсць тут і малая зала на 150 глядацкіх месцаў. Дзякуючы гэтаму КЗ “Віцебск” уяўляе сабой шматфункцыянальны комплекс.

Там праводзяцца канцэрты, спектаклі, іншыя мерапрыемствы рознага маштабу і сацыяльна-ўзроставай скіраванасці. 

Доўгачаканае наваселле нарэшце справіць Мінскае дзяржаўнае мастацкае вучылішча імя А. К. Глебава. Для ўстановы будуюцца вучэбны корпус і інтэрнат. Інвестпраграмай прадугледжана выдзяленне з рэспубліканскага бюджэту 13 мільёнаў рублёў. Будаўнічыя работы на гэтым аб’екце мяркуецца завяршыць да пачатку новага навучальнага года. 

Маштабныя рэканструкцыя і рэстаўрацыя за дзяржаўныя грошы вядуцца ў адным з цэнтраў сучаснага духоўнага жыцця Беларусі — Жыровіцкім манастыры на Слонімшчыне. Яго гістарычныя пабудовы атрымаюць агулам 1,9 мільёна. Сродкі пойдуць на аднаўленне Свята-Успенскага сабора, рэканструкцыю Георгіеўскай і Яўленскай цэркваў. 

Дарэчы, у Дзяржінвестпраграме сярод аб’ектаў культурнай сферы па колькасці лідзіруюць будынкі рэлігійна-культавага прызначэння. Дзяржава робіць упэўненыя крокі па падтрымцы ў грамадстве традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцей. 

Паўтара мільёна рублёў выдзелена на рэканструкцыю і рэстаўрацыю касцёла Божага Цела ў Нясвіжы. Працяг такіх прац у полацкай Спаса-Праабражэнскай царкве (помнік XII стагоддзя) у 2024-м будзе каштаваць рэспубліканскаму і мясцоваму бюджэтам агулам больш за 2 мільёны рублёў. Усе работы павінны завяршыцца ў снежні, каб у 2025-м адноўлены Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр ва ўсёй красе адзначыў 900-годдзе. 

Падчас рэстаўрацыйных работ

Падчас рэстаўрацыйных работ

Рэканструкцыя з рэстаўрацыяй былога калегіума езуітаў у аграгарадку Юравічы Калінкавіцкага раёна абыдзецца мясцоваму бюджэту ў паўмільёна рублёў. Гэты аб’ект уключаны ў “Залатое кольца Гомельшчыны” і з кожным годам прываблівае ўсё больш наведвальнікаў. 

Рэканструкцыя храма Аляксандра Неўскага на Вайсковых могілках у Мінску будзе каштаваць дзяржаве 1,768 мільёна. Гэта знакавы культавы будынак беларускай сталіцы і, напэўна, адзіны храм у ёй, які амаль цалкам захаваў першапачатковае аблічча. Царква з’яўляецца архітэктурным помнікам байцам, якія аддалі жыццё ў Руска-турэцкай вайне 1877—1878-га. Святыня ўзведзена ў канцы ХІХ стагоддзя на грошы мінскага губернскага бюджэту і ахвяраванні сваякоў загінулых. 

Згодна з праграмай, прадоўжыцца аднаўленне палацавага комплексу Сапегаў у Ружанах. Для гэтага аб’екта прадугледжана выдзяленне больш як 1,5 мільёна рублёў. Не спыніцца працэс і ў Старым замку ў Гродне. Тут праводзяцца праектныя работы для меркаванага будаўніцтва. 

Працягнецца і рэканструкцыя з кансервацыяй і прыстасаваннем Навагрудскага замка. На гэтыя працы з мясцовага бюджэту выдаткавана 1,9 мільёна рублёў. 

Рэспубліканскі бюджэт таксама прафінансуе рэстаўрацыю і прыстасаванне адзінага комплексу будынкаў Нацыянальнага мастацкага музея. 

Але ж буйная мадэрнізацыя аб’ектаў нашай галіны не абмяжоўваецца Дзяржінвестпраграмай. Напрыклад, у рамках дзяржпраграмы “Культура Беларусі” ў 2024-м будзе фінансавацца капітальны рамонт, што распачнецца ў будынках Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага і Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Толькі сёлета на гэтыя мэты выдзеляць адпаведна 4,3 і 3,6 мільёна рублёў. 

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА