Разам — на карысць Беларусі

Апублiкавана: 11 мая 2024 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Традыцыйная сустрэча міністра культуры Анатолія Маркевіча з журналістамі прайшла ў Нацыянальнай бібліятэцы. Падзея была прымеркавана да Дня друку і Дня работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі. 

Запрашэнне на дыялог за круглым сталом атрымалі прадстаўнікі вядучых тэлеканалаў, радыёстанцый, друкаваных і сеткавых выданняў, якія асвятляюць культурнае жыццё краіны. Напярэдадні прафесійных свят супрацоўнікі СМІ атрымалі магчымасць абмеркаваць з кіраўніком ведамства актуальныя пытанні ўзаемадзеяння. Удзельнікі шчырай размовы выказалі меркаванні, як умацаваць кантакты паміж медыя і ўстановамі культуры, а таксама вызначылі перспектывы супрацоўніцтва. Акрамя таго, вопытныя журналісты падзяліліся ўласным бачаннем тэндэнцый у творчай сферы — як пазітыўных, так і негатыўных. Як запэўніў міністр культуры, агучаныя прапановы не застануцца без увагі. 

Сустрэча міністра культуры Анатолія Маркевіча з журналістамі прайшла ў Нацыянальнай бібліятэцы

Сустрэча міністра культуры Анатолія Маркевіча з журналістамі прайшла ў Нацыянальнай бібліятэцы

Але не толькі аб надзённым і планах ішла гутарка. Святочныя даты сталі нагодай для падвядзення вынікаў супольнай працы. У адрас СМІ прагучалі падзяка за адданую работу на карысць краіны. Анатолій Маркевіч падкрэсліў, якую значную ролю медыя адыгрываюць у папулярызацыі культурных набыткаў, абароне нацыянальных інтарэсаў і суверэнітэту. 

— Дзякуючы вам наша сфера культуры арганічна ўпісана ў сусветную прастору. Вельмі важна даваць пасылы ўсёй сусветнай супольнасці аб традыцыях нашай краіны, аб развіцці нашай дзяржавы, аб нашай культурнай палітыцы, — лічыць Анатолій Мечыслававіч. — Каб мільярды людзей разумелі нашу культуру і ўвогуле жыццё беларусаў, СМІ выконваюць вялікую працу. 

Напрыканцы сустрэчы прадстаўнікі медыя атрымалі з рук міністра лісты падзякі за актыўную пазіцыю, прафесіяналізм і асабісты ўнёсак у асвятленне культурнага жыцця Беларусі. Сярод узнагароджаных — супрацоўнікі нашай установы: дырэктар Наталля Кузняцова, адказны сакратар Галіна Маліноўская і новапрызначаны рэдактар аддзела Данііл Шэйка.