Правакуючы самаачышчэнне

Апублiкавана: 30 мая 2023 Стужка Музыка Віцебск і воблась

Аўтар: Аўтары

“З гонарам і годнасцю прадстаўляюць традыцыйную культуру Пастаўскага раёна 18 творчых калектываў, удастоеных ганаровых званняў «Заслужаны», «Народны», «Узорны»”, — чытаем на сайце мясцовага выканаўчага камітэта. Сярод гэтых гуртоў — народны вакальна-інструментальны ансамбль “Скіфы”. 

Пра кіраўніка народнага вакальна-інструментальнага ансамбля “Скіфы” Пастаўскага раённага Дома культуры сказана шмат добрых слоў — як пра чалавека і як пра творцу. Віктар Верацельнікаў — шчыры прыхільнік песеннага жанру, якому прысвяціў усё жыццё. 

— Што лічба 70 змяніла ў вас і ў вашым тварэнні — калектыве з амаль паўвекавой гісторыяй? У чым сакрэт поспеху? 

— Насамрэч, усё проста: я бязмежна закаханы ў сваю справу. І з іроніяй стаўлюся да лічбы, навязанай мне часам. Прынамсі, успрымаю ўзрост на сваю карысць! Гэта не кропка ў канцы аповеду, не дыягназ, а толькі пацверджаны факт, які не ўносіць ніякіх асноватворных карэктываў. 

— Ці шчаслівымі былі пражытыя гады? 

— Безумоўна. Нічога б не змяніў, калі б быў шанц вярнуцца ў мінулае. Разумееце, у музыцы можна дараваць многае, акрамя нуды. Слухач прыходзіць на канцэрт, каб атрымаць эстэтычную асалоду. А мы абавязаны зрабіць гэты працэс даступным, выканаць культурафарміравальную і рэкрэатыўную функцыі. Павінны прынесці максімум пазітыву як тым, хто сядзіць у зале, так і самому калектыву. Заўсёды імкнуўся да ўзаемаразумення і ўзаемаўзбагачэння. Калі я буду нешчаслівы, пусты, нібы барабан, мне ніхто не паверыць: ні музыкант, якога вяду за сабой, ні глядач, здольны ўлавіць нават нязначную няпраўду. 

— Каверы на песні — фармат складаны, для ВІА асабліва. Тым больш што ваш галоўны прынцып — жывы гук. 

— Працэс нараджэння кавераў у нашым калектыве няпросты: выбар кампазіцыі, пошук магчымых імправізацый... Некаторыя песні застаюцца ў арыгінальнай версіі, іншыя набываюць сучасную аранжыроўку з разумнай, дарэчнай доляй навізны. Паважаю аўтараў музыкі і тэксту, лічу немагчымым укараняць неадпаведныя моманты, каб у памкненні да выразнасці і экспрэсіўнасці не атрымаць змешвання стылявых узроўняў. 

— Раскажыце пра “Скіфаў”. Над чым працуеце сёння? 

— Шчаслівы быць кіраўніком надзвычай таленавітых і творча настроеных самадзейных музыкантаў. Кожны з іх — самародак. Падчас нядаўніх выступленняў у Маладзечне стала шырока вядома, што ў нашым ВІА з прафесіяналаў — толькі кіраўнік. Калегі не паверылі. Дарагога вартая такая рэакцыя! Усе чальцы калектыву інфіцыраваныя фарматам вакальна-інструментальнага ансамбля, нам уласцівыя павага да эстрадных аўтарытэтаў, пільны адбор самага годнага песеннага матэрыялу. 

— Не здаецца, што ВІА адпраўляе аўдыторыю ў мінулае? 

— Ніколькі! Сэнс свята ва ўрачыстым калектыўным абнаўленні жыцця. На нашых канцэртах гучаць рознафарматныя творы. Галоўнае — песня павінна быць сапраўдная: з тэкстам, які праймае душу, з музычным суправаджэннем, што ўзрывае мозг. Кампазіцыя павінна спараджаць высокія пачуцці, прымушаць думаць. Хоць калектыў арыентаваны на старэйшага слухача, ёсць у нашым плэй-лісце новыя, сучасныя песні — праўда, дазіравана. 

Сёння жывая музыка, на жаль, — рэдкасць. Але выступленні “Скіфаў” запатрабаваныя. Гэта як глыток свежага паветра ў соцыуме, прасякнутым сацыяльным смогам. 

— А дзіцячы калектыў пры студыі падзяляе вашу пазіцыю? 

— Шматгадовы вопыт выхавання музыкантаў пераканаў мяне ў правільнасці тэзіса аб неўмяшанні ў працэс станаўлення. Мая задача — навучыць дзяцей любіць музыку, любіць іграць на інструментах, узрасціць у апекаванцах музычны густ. Дазваляю выконваць усё, што пажадаюць, правакуючы самаачышчэнне, якое зробіць дзяцей устойлівымі да іншага ўзроўню музыкі. Удзячны сваім выхаванцам за магчымасць быць ім сябрам — гэта самы каштоўны момант у нашым творчым тандэме. 

Музыка сама па сабе акрыляе, дадае ў жыццё палёту, яркіх адценняў. У ёй мая вера, сіла, праўда. Музыка падаравана мне звыш— бы пуцяводная зорка, якая дазваляе адчуваць усю прыгажосць навакольных фарбаў. Я шчаслівы мець дачыненне да музычнага мастацтва, я ганаруся тым, што звязаны з ім. 

— Дзякуй за вашу працу! Віншуем з юбілеем! Жадаем заставацца запатрабаваным, заўжды быць пачутым, зразуметым і надалей мець магчымасць радаваць гледачоў творчасцю. 

Юлія ДЗІСЬКО