Ⅲ

Выстава „Пейзажныя вандроўкі“

Гісторыка-культурны запаведнік „Заслаўе“ запрашае наведаць персанальную выставу „Пейзажныя вандроўкі“ беларускай мастачкі і педагога Таццяны Мядзведзь. Выстава прымеркаваная да юбілею творцы і запрашае гледачоў у падарожжа па запаветных кутках роднай краіны.

 

— Нарадзіўшыся ў вёсцы Юрцава на Віцебшчыне, Таццяна з ранніх гадоў спазнала прыгажосць навакольнага свету. Яе шлях у мастацтве — гэта гісторыя прафесійнага станаўлення, падмацаваная грунтоўнай адукацыяй: ад навучання ў Рэспубліканскім каледжы мастацтваў імя І. Ахрэмчыка да атрымання ступені бакалаўра мастацтваў у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, — паведамілі нашай рэдакцыі ва ўстанове.

Ужо больш за дваццаць гадоў Таццяна Мядзведзь не толькі стварае ўласныя работы, але і перадае свае веды юным талентам у Заслаўскай дзіцячай школе мастацтваў, выхаваўшы цэлую плеяду будучых мастакоў.

Як расказалі арганізатары, прадстаўленыя ў экспазіцыі палотны — гэта вынік шматлікіх пленэраў, падчас якіх мастачка напісала алейнымі фарбамі краявіды Беларусі ва ўсе чатыры пары года. Аўтар па-майстэрску пераасэнсоўвае натуру, перадаючы праз свае палотны ўласныя пачуцці і глыбокі роздум. Яе жывапіс вылучаецца ўнікальным стылем, шчырасцю і той чысцінёй сюжэтаў, што знаходзіць водгук у сэрцы кожнага гледача — ад аматара да прафесійнага мастацтвазнаўцы.

Выстава „Пейзажныя вандроўкі“ — цудоўная нагода дакрануцца да творчасці майстра, чыё мастацтва глыбока ўкаранёнае ў беларускую зямлю, але пры гэтым размаўляе з гледачом на сусветнай мове прыгажосці.

Урачыстае адкрыццё адбудзецца 27 лістапада а 17.00 у Музейна-выставачным комплексе (г. Заслаўе, вул. Рынкавая, 4).

Экспазіцыя будзе працаваць да 13 снежня.

Служба інфармацыі “КіМ”

MAX TikTok