Ⅲ

Незвычайнасці майстроў і маладых паплечнікаў

Апублiкавана: 22 лiстапада 2026 Арт-блог Тэатры Мінск Тэатральная плошча

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Сінтэз жанраў, форм, кірункаў, стылістыкі, відаў мастацтваў закрануў творчыя калектывы Беларусі. Вялікі тэатр працягвае сямейныя інтэрактыўныя праграмы, адкрыў старонку асветніцтва “Культурны мінімум”. А Дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца ўпэўнена крочыў на тэрыторыю не толькі мюзікла-балета, але і харэаграфічнай неакласікі.

 

ТАНЦЫ НЕ ТОЛЬКІ НАРОДНЫЯ

Народны артыст Беларусі Валянцін Дудкевіч у свае 83 застаецца адкрыты ўсяму новаму. У гэтым у поўнай меры пераканаў вялікі сольны канцэрт Дзяржансамбля танца, прымеркаваны да 65-годдзя творчай дзейнасці майстра і 40-годдзя яго кіраўніцтва гэтым славутым калектывам. Апроч найлепшых нумароў розных часоў, былі і незвычайныя прэм’еры. Ужо некалькі гадоў ансамбль прапануе свае мюзіклы-балеты “Шчаўкунок” і “Папялушка”, дзе мелодыі Чайкоўскага і Пракоф’ева атрымалі сучаснае прачытанне і дадатковыя эстрадныя нумары. Але гэтым разам першы з названых твораў паўстаў у выглядзе не самастойнага спектакля, а яго канцэртнай версіі — харэаграфічнай сюіты. Яна адлюстравала ідэі сяброўства і ўзаемаразумення, дзе апрацоўка “Вальса кветак” яднае музычныя інструменты розных народаў, мышы не ваююць з цацачнымі салдацікамі, а заўзята танчаць з імі, разбіўшыся на пары.

Яшчэ больш новых сэнсаў утрымлівала пастаноўка паводле рамана Міхаіла Булгакава “Майстар і Маргарыта” на кінамузыку Ігара Карнелюка. Рэжысура і мастацкае кіраўніцтва належалі Валянціну Уладзіміравічу, а ўласна харэаграфія — удзельнікам яго ансамбля Ігару Мацкевічу (лаўрэат міжнародных конкурсаў, які спецыялізуецца на неакласіцы і кантэмпарары) і Максіму Кашэвічу, больш схільнаму да эстраднага танца. Майстар і Іешуа паўсталі адным і тым жа героем у розных абліччах. Жоўтыя кветкі Маргарыты не падалі долу — яна свядома выкладала з іх, бы з запаленых свечак, магічнае кола вакол свайго абранніка. У кранальным Адажыа, насычаным цікавымі падтрымкамі, яна паўстае то адданай каханкай, то птушкай натхнення, то мудрай дарадчыцай. А вось на знакамітым балі Марго няма. Бо той ператварыўся ў сатанінскую оргію, зладжаную памагатымі Воланда (і без яго самога!), але з удзелам не толькі грэшнікаў розных стагоддзяў, але і абывацеляў 1930-х. Воланд з’яўляецца асобна, з вялізнай іншай світай — пярэваратняў. Іх адмысловыя касцюмы і маскі, то чорныя, то шэра-белыя, дазваляюць паказаць непадзельнасць дабра і зла як цэнтральных філасофскіх катэгорый.

Сюіта ўжо паспела аб’ездзіць шэраг беларускіх гарадоў, паўсюль сустракаючы захоплены прыём. Яе ёмістасць, арыгінальнасць зместу, харэаграфіі, сцэнічных строяў даюць надзею, што сюіта ўзрасце да больш маштабнага аднаактовага балета і разгорне яшчэ адну старонку творчай дзейнасці Дзяржансамбля танца. Тым больш што добрае валоданне ледзь не ўсімі стылямі — ад балетнай класікі да вулічнага брэйка і, натуральна, вышэйшага пілатажу народнага танца — артысты дэманструюць у сваёй новай візітоўцы “Майстар-клас. ХХІ стагоддзе!”.

А пакуль калектыў рыхтуе чарговую казку для сямейнага прагляду — “Снежную каралеву” на музыку Грыга. Як заўжды, з нечаканымі паваротамі ўсім вядомай гісторыі.

 

 

ПРАЕКТЫ НЕ ТОЛЬКІ НА СЦЭНЕ

Вялікі тэатр Беларусі ўсё часцей не абмяжоўваецца стацыянарнай сцэнічнай пляцоўкай і актыўна абжывае іншыя. Справа не толькі ў шырокай геаграфіі гастроляў, уключаючы паказы і канцэрты пад адкрытым небам — напрыклад, у тым жа Нясвіжскім замку Радзівілаў, у касцёлах і інш. На экскурсіях гледачоў пускаюць у закуліссе, і зацікаўлены аповед пра тэатр ператвараецца ў гэткі інтэрактыўны міні-спектакль.

У 2023-м з’явілася “Тэатральная раніца для ўсёй сям’і”. З кожным годам яна пашыраецца, нязменным застаецца ахоп усіх магчымых лакацый у тэатральных фае і куточках усіх паверхаў, безліч самых неверагодных паказаў, віктарын, майстар-класаў, фотасесій і іншых цікавасцяў. Сёлета дзеці і дарослыя за адно наведванне (і, вядома, адзін агульны квіток на чалавека незалежна ад узросту) маглі паглядзець адразу тры квазіоперныя пастаноўкі, заснаваныя на больш простым песенным матэрыяле, але набліжаныя да опернай драматургіі, хай і з размоўнымі дыялогамі: “Капрызная прынцэса”, “Каралеўскі бутэрброд”, моцартаўскі зінгшпіль “Басцьен і Басцьена”. А яшчэ з дзясятак самых разнастайных канцэртаў — вакальных, інструментальных, тэатралізаваных. Майстар-класы набліжалі да прафесіі, знаёмілі з ёй, каб выхаваць дасведчанага гледача і слухача.

 Асветніцкія праекты, хіба з меншай доляй інтэрактыву і забаўляльнасці, тэатр пачаў ладзіць і для дарослых. Калісьці ў 1970—1980-я ў фае праходзілі пасяджэнні Клуба аматараў оперы, прымеркаваныя да прэм’ерных спектакляў. Цяпер прагляды часам суправаджаюцца творчымі сустрэчамі — з артыстамі, тэатральнымі дзеячамі, навукоўцамі. А нядаўна ўзнік “Культурны мінімум” — у Габеленавай зале з асобным уваходам, сама атмасфера якой настройвае на ўдумлівыя паглыбленні і рэтраспектывы. Малады спецыяліст арганізацыйна-творчага кіравання тэатра Максім Лунёў, нядаўні выпускнік БДУКМ па спецыяльнасці “культуралогія”, распавёў пра гісторыю оперных будынкаў свету — зацікаўлена, дзе ўсур’ёз, а дзе і з гумарам, нечаканымі паралелямі. І перасягнуў некаторых зорных лектараў замежжа, што прыязджалі да нас апошнім часам.

Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота з архіва калектываў

MAX TikTok