24 лістапада ў Малой зале імя Р. Шырмы Белдзяржфілармоніі пройдзе другі канцэрт праекта «Спадчына».

— Мэта ініцыятывы — папулярызацыя беларускай музыкі і захаванне традыцый, — растлумачылі ва ўстанове. — Айчынная класіка — гэта цэлы пласт вытанчанай, глыбокай і надзвычай каларытнай музыкі, у якой перапляліся фальклорныя вытокі і акадэмічнае майстэрства.
У выкананні лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Кацярыны Пукст (скрыпка), Марыі Пішчык (скрыпка) і Таццяны Кім (фартэпіяна) прагучаць шэдэўры беларускіх кампазітараў-класікаў і сачыненні сучасных аўтараў, якія працягваюць традыцыі нацыянальнай кампазітарскай школы, інструментальныя творы, якія раскрываюць наша багацце.
Музыкі выканаюць Лірычную сюіту Уладзіміра Грушэўскага і «Лірычную» Яўгена Глебава, «Танга» Сяргея Бельцюкова і «Пахне чабор» Вячаслава Пяцько, «Чакону» Алены Атрашкевіч і «Зорку Венеру» Уладзіміра Алоўнікава ды іншыя творы.
— «Спадчына» — гэта не проста канцэрт. Гэта прызнанне ў любові беларускай музычнай культуры, — адзначылі ў філармоніі.
Служба інфармацыі “КіМ”