Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы паставіў раман “Сэрца на далоні” — да 105 гадоў з дня нараджэння Івана Шамякіна. І з гэтай прэм’еры пачаў новы творчы праект — “Беларуская літаратура. Шлях да сцэны”. Мэта — раскрыць сакрэты пераўвасаблення кнігі ў спектакль.

СА СТАРОНАК НА СЦЭНУ
Імпрэза прайшла 25 кастрычніка ў Каміннай зале. Госці змаглі паслухаць уладальніка медаля Францыска Скарыны артыста Аляксандра Пашкевіча, занятага ў найбольш складанай цэнтральнай ролі — Гукана, які сярод партызан быў вядомы пад мянушкай Корань. Мастацкі кіраўнік тэатра і рэжысёрпастаноўшчык “Сэрца на далоні” Дзмітрый Акімаў знаходзіўся не ў Мінску, але прысутнічаў анлайн, каб падзяліцца думкамі.

Тэма інсцэніровак і тых змен, якія здараюцца са спектаклем у параўнанні з літаратурнай крыніцай, разглядалася больш уважліва, чым непасрэдная праца над нядаўняй прэм’ерай. Бо сярод спікераў была член Саюза пісьменнікаў Беларусі Вікторыя Кляўко. Яе раман “Вырай” у 2024-м перамог у рэспубліканскім конкурсе, атрымаў беларускамоўны пераклад, выйшаў у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, быў прадстаўлены на Дні беларускага пісьменства ў Лідзе і сёлета стаў фіналістам Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Летась жа твор быў асэнсаваны купалаўцамі. Праект “Вырай. Чытка” паслужыў рэжысёрскім дэбютам аднаго з вядучых маладых акцёраў тэатра Ільі Крука, палюбіўся публіцы, трывала замацаваўся ў рэпертуары. І праз час можа перарасці ў паўнавартасны спектакль.

А 31 кастрычніка і 1 лістапада калектыў зладзіў тэатралізаваную прэзентацыю чарговага рамана пісьменніцы “Мая першая Ева” і частку грошай ад продажу квіткоў накіруе на падтрымку дзяцей-сірот. Чым не добры прыклад таго, як тэатр асвойвае айчынную прозу?

Сярод іншых узораў — нашумелы спектакль “Замак Альшанскі” па Уладзіміру Караткевічу ў рэжысёрскім прачытанні Дэвіда Разумава. Спіс будзе працягвацца!
Ў АТМАСФЕРУ

Цэнтр творчых праектаў купалаўцаў даўно ўжо прывучае гледача да таго, што тэатральная прэм’ера пачынаецца нават не з вешалкі ў гардэробе, а з адмысловых запрашальнікаў і са спецыяльна падрыхтаванага фае. Гэтым разам на ўваходзе разгарнуліся стэнды выставы “Гісторыя Мінскага падполля”. А перад залай можна было перанесціся ў куток “хрушчоўкі” 1960-х: на экране пузатага тэлевізара з драўлянай статуэткай зубра ўбачыць фрагменты тагачасных чорна-белых трансляцый, на сцяне пачытаць старонкі газеты за студзень 1954-га, прысесці ў фатэль з плюшавым мішкам, сфатаграфавацца ў такім антуражы.
Запрашальнікі былі аформлены, бы лагатып газеты “Праўда” з ордэнам Леніна і красамоўным лозунгам “Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!”. Але і тут свой сакрэт: паштоўка аказалася заклеенай, а месцы пазначаліся ўнутры. Маленькі дэтэктыў? Так можна апісаць і ўвесь спектакль. Ды і з запрашальнікамі звязаны пэўныя планы: не толькі ўручаць падобныя асобнікі прадстаўнікам прэсы і ганаровым гасцям, але і зрабіць гэта дадатковай паслугай. Хочаш падарыць камусьці квіток? Калі ласка, ён бывае і звыклым папяровым ці электронным, і такім — у выглядзе памятнага сувеніра.
ТАЯМНІЦЫ ПРЭМ’ЕРЫ

Жанр “Сэрца на далоні” названы традыцыйна — драма, а насамрэч пастаноўка спалучае стылістыку трылера, дзесьці нават містычнага, элементы дакументальнага тэатра, тонкае псіхалагічнае даследаванне чалавечага сумлення, сардэчнасці, нябачнага, “ціхага” гераізму ў складаных гістарычных абставінах.
Сцэнаграфія — перасоўныя абшарпаныя сцены (мастак Лілія Хісматуліна). Атрымліваецца гэткая прасторатрансформер, здольная ператварацца і ў замкнёную (хатні пакой, шпіталь, хірургічная, працоўны кабінет), і ў вулічную, дзе можна схавацца за вуглом. І ў сімвалічныя выявы волі і ўціску. Па цэнтры — добра падсвечаны вялізны партрэт Сталіна, што свідруе нас вачыма яшчэ да пачатку дзеяння.

Потым карціну здымаюць — у адпаведнасці з развенчваннем культу асобы. Цвік, на якім відарыс вісеў, падобны на кол, забіты ў вампіра. Ды і пустое месца не дае спакою: партрэт быццам ажывае ў нашых галовах, бліжэй да фіналу — у акне. І яго зноў праносяць па сцэне. Таму адным з ключавых персанажаў становіцца страх. Не перад фашызмам, які ў рэшце рэшт рэальна перамагчы, а чалавека перад самім сабой, калі ўзнікае папраўдзе патавая сітуацыя з магчымым смяротным вынікам.

Многае зроблена праз удала распрацаваныя светлавыя эфекты (мастак па святле Андрэй Алейнік). У таго ж Гукана раптам узнікае падвойны цень — быццам розныя людзі ў адным. Уверсе раз-пораз з’яўляюцца назвы сцэн, выклікаючы асацыяцыі з асобнымі главамі, хаця і без таго ўсё зразумела. А яшчэ — дакументальныя кадры ваеннага часу. І амаль пастаянна — відэапраекцыі буйных планаў дзеяння, часцей за ўсё — з іншага ракурсу, што таксама дадае сэнсавых акцэнтаў. Пластыка Кірыла Балтрукова практычна “нябачная”, ды вельмі трапная, здольная праз маленькую дэталь падкрэсліць характар героя, абмаляваць сітуацыю.

Выкарыстанне гарнітуры дазваляе артыстам выбудоўваць неабсяжную гукавую палітру — ад істэрычнага ляманту жонкі Яраша Галі (Юлія Аўчыніна) да шэпту Зосі (Таццяна Гулевіч, а калісьці гэтую ролю іграла Марыя Захарэвіч), самога Яраша (Сяргей Бірульчык), халоднай выразнасці нямецкамоўных фраз Фельдкаменданта (студэнт Акадэміі музыкі Ілья Саковіч) і, натуральна, душэўных ваганняў Гукана. Аляксандр Пашкевіч даносіць дэталі нават праз маўчанне свайго героя ці тыя ж цукеркі, якімі ён заядае хранічны стрэс. Ды ўвесь акцёрскі склад — выдатны!

Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА
і з Тэлеграм-канала "Купалаўскі тэатр"