У вёсцы Жораўка ёсць месца, дзе час цячэ па асаблівых законах. Тут, у Доме народных традыцый “Жораўскі хлебадар”, мінулае не хаваюць у музейныя вітрыны, а даюць яму другое жыццё. Ірына Жудрык, загадчыца культурнага агменю і кіраўніца клуба “Кулітка”, даказвае: памятаць сваіх продкаў і берагчы гісторыю вельмі важна, а хлеб не проста ежа, а генетычны код нацыі.

ЦЕПЛЫНЯ РОДНЫХ СЦЕН
Гісторыя гэтага астраўка самабытнасці пачалася з палкага жадання. Ірына Міхайлаўна разам з калегамі марыла аб уласным кутку, дзе можна было б збірацца і пячы хлеб. Успамінаючы дзяцінства, кажа, што цяга нарадзілася вельмі рана. Яе сям’я заўсёды пякла, і гэты пах стаў для гераіні сінонімам дома.
Лёс усміхнуўся энтузіястам! Ірына Яўгенаўна Бародзька, якая працавала ў той жа ўстанове, прапанавала заснаваць клуб у будынку, які дастаўся ёй у спадчыну. Так сядзіба, якая калісьці належала дзеду Раману і бабе Марылі, з сапраўднай печчу, стала той самай “хатай”, дзе і закіпела праца. Спачатку гэта былі проста заняткі, пазней аддзел культуры афіцыйна ўзяў аб’яднанне пад сваю адказнасць — і з’явіўся Дом народных традыцый. З таго часу мінула 14 гадоў, але Ірына Міхайлаўна прызнаецца: няма мяжы дасканаласці.

Унутры памяшкання — царства даўніны. Экспанаты збіралі літаральна па макулінках. Тут можна ўбачыць вялізныя сапраўдныя калекцыі хустак, вышытых прасцін і абрусаў. Адмысловае месца займаюць куфры. Адзін — гігант, іншыя — маленькія, падобныя на валізкі, якія можна лёгка панесці ў руцэ. Гісторыя гэтых скарбаў сягае каранямі ў вёску Ляхаўка, дзе ў хаце, прызначанай пад знос, былі знойдзены гэтыя рэліквіі. Іх выявіла сама Ірына Міхайлаўна падчас сваёй нядаўняй экспедыцыйнай вылазкі. Кажуць, іх рабіў глуханямы брат гаспадыні хаты, і гэтыя рэчы — памяць аб цэлай эпосе.
Наша гераіня з гонарам паказвае збор глінянага посуду, рознакаляровыя камізэлькі і сукенкі.
— У кожнай жанчыны свой стыль, — расказвае яна. — Нехта любіў адзенне з доўгімі рукавамі, нехта з кароткімі. У кожнай гаспадыні быў свой мікраклімат у доме.
У калекцыі Дома народных традыцый каля паўсотні рушнікоў, ёсць палатно ў рулонах, якое ўжо не разгортваюць, каб не пашкодзіць. Усё гэта жывая гісторыя, якую тут беражліва захоўваюць.
— Хочам у хуткім часе арганізаваць новую экспазіцыю са знойдзенымі рэчамі, — дзеліцца планамі гераіня. — У хатцы месца ўжо няма, таму робім дзесяціметровыя навесы і плануем выстаўляцца на вуліцы!

МАГІЯ ЗАКВАСКІ І САКРЭТЫ “КУЛІТКІ”
Ірына Міхайлаўна ўпэўнена: рэцэпт не такі важны, як традыцыя. У яе сям’і хлеб пяклі заўсёды, і гэты звычай не перарываўся нават у самыя складаныя часы. Яе маці, Сцепаніда Мікалаеўна, пякла боханы да апошніх дзён, нават калі ўжо з цяжкасцю перасоўвалася.
— Нашы куліткі атрымалі званне гісторыка-культурнай каштоўнасці не за рэцэпт, а за тое, што гэты працэс у сям’і перадаецца з пакалення ў пакаленне, — падкрэслівае яна. Сакрэт — у заквасцы. Ірына Міхайлаўна меле муку на жорнах, гэта дазваляе ёй адчуваць збожжа. Далей змешвае сваю муку з крамнай “Жытняй”, каб дадаць колеру і тэкстуры.
— Хлеб на заквасцы — жывы, — кажа яна. — Крамная мука не тая, а свая, што з поля прыйшла, — асаблівая, такую я магу з заплюшчанымі вачамі навобмацак вызначыць.
У працэсе прыгатавання важныя не толькі інгрэдыенты, але і атмасфера. Ірына Міхайлаўна ўспамінае, што дома не любілі старонніх, калі гатавалі. Існавала павер’е: прыйдуць чужыя — могуць сурочыць страву.
— Хлеб не любіць, калі ля яго лаюцца.

Посуд для выпечкі чысцілі нажом без выкарыстання вады. Адмысловае стаўленне і да драўлянай дзяжы. Яе ніколі не мылі, а толькі шаравалі разрэзанай цыбулінай. Лічылася, што гэта надае хлебу адметны смак і рыхтуе посуд да стравы. Гэты мікраклімат, увабраны стагоддзямі, немагчыма ўзнавіць у звычайнай духоўцы.
УРОКІ ДЛЯ БУДУЧЫНІ
Дом народных традыцый з задавальненнем наведваюць дзеці. Ірына Міхайлаўна пячэ на патэльнях, а малыя лепяць булачкі. Кожны хоча забраць з сабой часцінку цеплыні, усе задаюць мноства пытанняў, а эмоцыі ў канцы заняткаў — найлепшая ўзнагарода.

Майстрыха з радасцю кансультуе ўсіх, хто хоча асвоіць навыкі хлебапячэння. Многія купляюць дачы і, натхнёныя яе апавяданнямі, адмаўляюцца ад ідэі разбіраць печы.
— Людзі тэлефануюць, пытаюцца, паглыбляюцца ў тэму. Я заўсёды кажу: калі вы будзеце любіць сваю справу так, як я, у вас усё атрымаецца, — усміхаецца Ірына Міхайлаўна.
Сваю місію Ірына Жудрык адчула яшчэ ў дзяцінстве. Успамінае словы: “Дарасла дзяўчынка барадой да прыпечка — значыць, стала гаспадыняй”. І сапраўды, з малых гадоў наша гераіня заставалася за галоўную ў хаце.
— Мама ішла на працу і казала, каб я хлеб даставала, калі стрэлка на гадзінніку дойдзе да патрэбнай пазнакі. Я тады яшчэ нават па ім не арыентавалася.
Спачатку старэйшыя дапамагалі, потым яна сама набівала гузы. Цяпер Ірына Міхайлаўна — захавальніца традыцый. І марыць, каб як мага больш людзей падхапіла гэтае рамяство. Гераіня разумее: хлеб — справа нялёгкая, але ўдзячная. І няхай ужо не адно пакаленне вырасла на яе выпечцы, умеліца працягвае хвалявацца кожны раз, калі саджае цеста ў печ. У гэтым хваляванні — усё яе жыццё, поўнае любові да роднай зямлі, да яе мінулага і будучыні.

У Жораўскім Доме народных традыцый хлеб — гэта не проста страва ці справа. Гэта мост паміж пакаленнямі, нітка, якая злучае з продкамі. Ірына Жудрык, чалавек з неспакойным сэрцам і залатымі рукамі, робіць усё, каб гэтая нітка не абарвалася.
Ірына СЛІЖЭЎСКАЯ. Фота з архіва гераіні