Ⅲ

Выпадковая знаходка

Адзін з найбуйнейшых скарбаў куфічных дырхамаў X стагоддзя, знойдзеных у Еўропе, захоўваецца ў Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку.

Прыкладна 20 кілаграмаў срэбра — каля 7600 арабскіх манет, схаваных у зямлі больш за тысячу гадоў таму, выпадкова знайшлі школьнікі на полі каля вёскі Казьянкі непадалёк ад Полацка. Здарылася гэта ў 1973 годзе.

У складзе скарбу — манеты, адчаканеныя пры розных кіраўніках і дынастыях мусульманскага Усходу.

Чаму ў Полацку аказалася столькі арабскага срэбра? У IX–X стагоддзях арабскія дырхамы шырока выкарыстоўваліся ў міжнародным гандлі. А Полацк займаў важнае становішча на Дзвіне — адным са значных гандлёвых маршрутаў.

Сустракаюцца версіі даследчыкаў, што скарб мог належаць багатаму купцу ці што гэта нават магла быць казна Полацкага княства, схаваная падчас небяспекі. Аднак дакладна выявіць уладальніка і абставіны, пры якіх срэбра апынулася ў зямлі, не ўдалося...

Святлана ЧЭКАЛАВА. Фота Ірыны СТАНКЕВІЧ

MAX TikTok