Ⅲ

Пра поле знакавых бітваў

Апублiкавана: 06 лiстапада 2026 Афiша Музеі Мінск Музейная прастора

Аўтар: РУДАК Антон

 

Выстава “Барадзінскае поле — мемарыял дзвюх Айчынных войнаў” працуе ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

 

Экспазіцыя створана сумесна з Барадзінскім ваенна-гістарычным музеем-запаведнікам і прымеркавана да 85-годдзя пачатку Маскоўскай бітвы. Упершыню ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў цеснай узаемасувязі прадстаўлены падзеі ключавой бітвы вайны 1812 года і баі на Барадзінскім полі ў кастрычніку 1941-га.

Аляксандр Авяр’янаў. "Маскоўскі драгунскі полк"

Па словах першага намесніка Генеральнага сакратара Садружнасці Незалежных Дзяржаў Ігара Петрышэнкі, Мінск невыпадкова выступіў пляцоўкай для гэтага беларуска-расійскага праекта. Барадзінскае поле — месца, дзе двойчы вырашаўся лёс нашых народаў, а прэзентаваныя на выставе рэліквіі і творы мастацтва даказваюць бесперапыннасць воінскіх традыцый.

Як падкрэсліў Ігар Віктаравіч, у цяперашні няпросты час экспазіцыя мае асаблівае стратэгічнае значэнне. Сёння, калі робяцца спробы сказіць мінулае, захаванне гістарычнай праўды становіцца пытаннем нацыянальнай бяспекі і суверэнітэту краін СНД. Менавіта праўдзівы погляд на тое, што здарылася дзесяцігоддзі ці сотні гадоў таму, служыць асновай для ўмацавання ўзаемнага даверу і партнёрства дзяржаў Садружнасці. Наш галоўны абавязак перад наступнымі пакаленнямі — перадаць аб’ектыўную карціну мінулага, збярогшы памяць аб мужнасці і подзвігах продкаў.

Мікалай Жашкоў. "Будаўніцтва ўмацаванай лініі на Барадзінскім полі ўвосень 1941 года"

У 1941-м на Барадзінскім полі зноў узводзіліся абарончыя збудаванні, вораг зноў ірваўся да Масквы, але яго прасоўванне было затрымана. Гэты рубеж адстойвала 32-я стралковая дывізія і апалчэнцы. Апошнія дапамаглі эвакуіраваць каштоўнасці музея Барадзінскай бітвы. Падчас жорсткіх баёў з 13 па 17 кастрычніка 1941 года 133-і артылерыйскі полк загінуў практычна цалкам. Захопнікі разрабавалі і пашкодзілі будынак музея, пацярпелі многія мемарыяльныя знакі на месцах баёў 1812-га. Тым не менш пасля трох месяцаў акупацыі 21 студзеня 1942 года легендарнае поле вызвалілі. У гэтыя дні там змагаліся і ўраджэнцы беларускай зямлі, фота, біяграфіі, асабістыя рэчы, узнагароды і дакументы якіх паказаны на выставе.

Агулам у рамках праекта прадстаўлена больш за 220 прадметаў з калекцыі Барадзінскага ваенна-гістарычнага музея-запаведніка. Сярод іх — элементы абмундзіравання, рыштунку рускай арміі эпохі Айчыннай вайны 1812-га, партрэты афіцэраў і салдат, батальны жывапіс і графіка ХІХ і ХХ стагоддзяў. Дапаўняюць экспазіцыю археалагічныя артэфакты, адшуканыя ў выніку раскопак на Барадзінскім полі, выданні твораў рускіх класікаў, якія выходзілі падчас Вялікай Айчыннай, плакаты і карыкатуры.

Выстава працуе да 1 снежня.

Антон РУДАК

MAX TikTok