Доўг перад загінулымі і глыбокая павага да тых, хто выжыў, сталі асновай для ўзвядзення ў пасляваенныя гады маштабных мемарыялаў, вывучэння баявых дзеянняў, праслаўлення герояў і ўвекавечання загінулых.

Цэнтральнае месца ў захаванні памяці пра падзеі пачатку Вялікай Айчыннай вайны, пра гераічнае супраціўленне агрэсарам у першыя яе хвіліны 22 чэрвеня 1941 года і ў наступныя 1418 дзён і начэй займае мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой». Архітэктурна-скульптурны ансамбль, пяць пастаянных музейных экспазіцый, выставы і асветніцкія праекты — усе мемарыяльныя аб’екты Брэсцкай крэпасці прасякнуты антываеннай задумай, ідэямі згуртаванасці і адзінства ў барацьбе з ворагам.
Велічны мемарыял, пабудаваны на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, стаў помнікам Савецкаму Салдату, які абараняў рубяжы сваёй Радзімы пад дэвізам «Памром, але з крэпасці не сыдзем». Зямля Брэсцкай крэпасці стала сімвалам стойкага супраціўлення фашысцкай агрэсіі з боку ўсяго савецкага народа.
Рашэнне аб узвядзенні помніка на месцах былых баёў было прынята яшчэ ў 1956 годзе. У дні першай сустрэчы абаронцаў і членаў іх сем’яў у чэрвені 1961-га на тэрыторыі Цытадэлі заклалі памятны камень з надпісам: «Тут будзе збудаваны манумент у гонар гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці ў чэрвені-ліпені 1941 года». Да таго часу сведкі падзей ужо былі прызнаныя героямі, больш за 200 чалавек узнагародзілі ордэнамі і медалямі, а маёр Пётр Гаўрылаў атрымаў званне Героя Савецкага Саюза.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 8 мая 1965 года Брэсцкай крэпасці было прысвоена ганаровае званне «Крэпасць-герой» з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка». Назаўтра, 9 мая, тут упершыню прагучалі мірныя залпы салюту, які ўжо больш за 60 гадоў у гэты дзень азарае неба над Брэстам. Неўзабаве зацвердзілі творчы калектыў для праектавання і ўзвядзення мемарыяльнага комплексу: 12 скульптараў, мастакоў і архітэктараў на чале з народным мастаком СССР, скульптарам Аляксандрам Кібальнікавым. У 1967—1969-х распрацавалі канчатковае рашэнне комплексу, выканалі мадэлі і рабочыя чарцяжы збудаванняў. 8 мая 1968 года пачаліся будаўнічыя работы.
Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» быў урачыста адкрыты 25 верасня 1971 года. Вядучыя газеты Савецкага Саюза выйшлі ў гэты дзень з загалоўкамі «Тут нараджалася зара Перамогі», «Сімвал нязломнай стойкасці», «Вечны агонь мужнасці». Ганаровымі гасцямі цырымоніі былі дзяржаўныя і партыйныя дзеячы, абаронцы Брэсцкай крэпасці.
Пісьменнік Сяргей Смірноў звярнуўся да ветэранаў: «Сёння вы прысутнічаеце тут пры адкрыцці велічнага мемарыяла, які пранясе праз стагоддзі вашу славу, ваш подзвіг. Гэты манумент узняўся вышэй за старыя сцены крэпасці, і ў гэтым ёсць свой сэнс. Бо не крапасныя сцены, а крэпасць вашых сэрцаў стрымала тут ворага. Не трываласць бастыёнаў, а ваша жалезная стойкасць супрацьстаяла ворагу на першым рубяжы Радзімы. І гэты манумент сімвалізуе сілу вашага духу, подзвіг усяго легендарнага гарнізона!»
У аснове мастацкай задумы кожнага помніка мемарыяла — сапраўдныя факты і падзеі абароны, лёсы людзей. Скульптуры арганічна ўпісаны ў ландшафт, які спалучае руіны і захаваныя збудаванні крэпасці. Мемарыяльныя знакі, памятныя таблічкі і барэльефы раскрываюць значэнне ключавых падзей і асоб, звязаных з абаронай Брэсцкай крэпасці.
Галоўны ўваход у выглядзе шматграннай пяціканцовай зоркі — сімвал Чырвонай арміі і салідарнасці людзей на ўсіх кантынентах Зямлі. Пад яе промнямі ўжо пяць дзесяцігоддзяў гучаць гукі бою, запіс радыёпаведамлення ад 22 чэрвеня 1941 года пра пачатак вераломнага ўварвання фашысцкай Германіі ў Савецкі Саюз і песня «Свяшчэнная вайна», якая стала гімнам абароны Радзімы. Аплаўленыя агнём фашысцкіх агнямётаў казематы каля ўвахода — нямыя сведкі трагедыі і гераізму.

«Калі б камяні маглі гаварыць — расказалі б пра мужнасць», — спяваецца ў вядомай пасляваеннай песні, напісанай да адкрыцця мемарыяла. Камяні, руіны і казематы пашкоджаных збудаванняў пацвярджаюць сведчанні абаронцаў — людзей з унікальнымі лёсамі, прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей і пакаленняў. Іх абагульненыя вобразы ўвасоблены ў Галоўным мануменце «Мужнасць», сімвале стойкасці абаронцаў Айчыны, і скульптурнай кампазіцыі «Смага», якая сімвалізуе ўпартасць у няроўнай барацьбе.
Галоўны манумент узвышаецца над руінамі крэпасці прыкладна на 30 метраў. Савецкі Салдат на фоне сцяга звернуты ўніз, да Вечнага агню, запаленага ў памяць пра загінулых таварышаў, і мемарыяльных пліт — месцаў іх пахавання. «У яго суровым позірку, напружаных мышцах твару — велізарная сіла волі, нязломная рашучасць стаяць да канца і перамагчы», — так аўтары тлумачылі сваю задуму. На адваротным баку манумента — барэльефы з эпізодамі абароны: першай контратакай, нарадай камандзіраў і іншымі.
Побач з Галоўным манументам узвышаецца стаметровы Штык-абеліск — стылізаваны сімвал штыка да вінтоўкі сістэмы Мосіна, што служыў галоўнай зброяй у рукапашным баі.

Баец з каскай у руцэ, які паўзе да ракі ў скульптурнай кампазіцыі «Смага», нагадвае пра ахвяры драматычных падзей абароны і востры недахоп вады: «Нягледзячы на тое, што крэпасць была акружаная каналамі, рэкамі Мухаўцом і Бугам, дастаць ваду было амаль немагчыма. Нямецкія кулямёты прастрэльвалі ўсю прастору. Калі асобным смельчакам удавалася наблізіцца да вады і набраць флягу, яе найперш аддавалі параненым і дзецям. Астатнія абаронцы спатольвалі смагу, набіраючы ў рот сыры пясок…»
Цэнтральная плошча Цытадэлі, абрамленая захаванымі крапаснымі казармамі і помнікамі, і Плошча цырымоній змяшчаюць да 30 тысяч чалавек — удзельнікаў шматлікіх памятных мерапрыемстваў. Асаблівае месца сярод іх займаюць мітынг-рэквіем 22 чэрвеня, у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа, і святкаванне Дня Перамогі 9 мая.
Схіляючы галовы перад подзвігам загінулых, мы ўшаноўваем іх памяць каля Вечнага агню і мемарыяльных пліт — месца пахавання парэшткаў 1055 чалавек і ўвекавечання імёнаў 264 загінулых: ваеннаслужачых, жанчын і дзяцей. Асаблівае ўспрыманне падзей ствараюць штодзённае музычнае суправаджэнне і вечаровая мастацка-дэкаратыўная падсветка ў дні памятных мерапрыемстваў.
У 2011 годзе каля Цярэспальскай брамы была адкрыта скульптурная кампазіцыя «Героям граніцы, жанчынам і дзецям, якія мужнасцю сваёй ступілі ў бессмяротнасць». Рэалістычна перададзеныя вобразы воінаў і членаў сем’яў камандзіраў адпавядаюць задуме стваральнікаў мемарыяла адлюстраваць трагізм і гераізм гарнізона крэпасці ў чэрвені 1941 года.

Сёлета ў заходняй частцы Цытадэлі была адкрыта мемарыяльная зона «Смутак». Яна размешчана каля зліцця рукавоў рэк Заходні Буг і Мухавец паблізу памежнай тэрыторыі. Гэтая зона заклікана выказаць суперажыванне тым, каго вайна назаўсёды разлучыла з роднымі і блізкімі. Правобразам цэнтральнай фігуры жанчыны, якая смуткуе, — маці, удавы, дачкі, — стала гераіня здымка Міхаіла Ананьіна «Гора» (1965). На ім зафіксавана Алена Кузняцова, жонка лейтэнанта Барыса Кузняцова, які загінуў у дні абароны; жанчына схілілася ў горы са сціплым букетам кветак каля спустошанай снарадамі крапасной сцяны.
«Здымак успрымаецца як сімвал гора, якое прынесла на нашу зямлю вайна, як сведчанне незагойных душэўных ран мільёнаў нашых жанчын, як доказ таго, што і цяпер, праз чвэрць стагоддзя, яшчэ свежы ў сэрцы боль па родных і блізкіх, забраных страшным ураганам вайны. Народная памяць пра подзвіг герояў Брэсцкай крэпасці поўная не толькі смутку, але і гонару», — пісаў Сяргей Смірноў.
Нявысветленыя лёсы многіх камандзіраў і чырвонаармейцаў дагэтуль адгукаюцца смуткам у сэрцах нашчадкаў і падштурхоўваюць да новых пошукаў. На «Сценах памяці» мемарыяльнай зоны — імёны 57 абаронцаў крэпасці, якія загінулі ў палоне, зазналі нечалавечы боль, нягоды і катаванні, але не скарыліся і не здрадзілі. Іх барацьба, пратэст і супраціўленне ўвасоблены ў абагульненых барэльефных вобразах «Жыццё за Радзіму» і «Стаялі насмерць».
Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» пастаянна развіваецца. Дзякуючы ўвазе дзяржавы і фінансаванню з бюджэту Рэспублікі Беларусь, Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, спонсарскім сродкам і ахвяраванням грамадзян своечасова рамантуюцца і рэстаўруюцца аб’екты, ствараюцца новыя музейныя і выставачныя прасторы, удасканальваецца інфраструктура і адкрываюцца новыя экскурсійныя маршруты.

Галоўная місія мемарыяла сёння — выяўленне, вывучэнне, захаванне і папулярызацыя ўнікальнай спадчыны Другой сусветнай вайны, духоўна-маральнае станаўленне асобы і грамадства.
Калектыў мемарыяла двойчы — у 2014 і 2021 гадах — быў удастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22.09.2021 № 361 комплекс узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. За апошняе дзесяцігоддзе фартыфікацыйныя аб’екты і помнікі мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. У 2024 годзе рашэннем Сакратарыята ЮНЕСКА комплекс уключаны ў Папярэдні спіс аб’ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА разам з мемарыяльным комплексам «Героям Сталінградскай бітвы» (Расійская Федэрацыя).
Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» працягвае захоўваць памяць пра загінулых і тых, хто выжыў. Аднак гэта не «музей трагедыі» — гэта найперш напамін наступным пакаленням пра важнасць захавання памяці. Каб кожны змог адчуць гонар за подзвіг і смутак па стратах, разумеючы цану жыцця.
Алена МІЦЮКОВА