Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Музейныя ініцыятывы на прасторы СНД” прайшла ў Мінску і Нясвіжы, аб’яднаўшы адмыслоўцаў з сямі краін.

ПРАДСТАЎНІЧЫ СКЛАД
Да мерапрыемства далучылася каля 30 спецыялістаў музейнай сферы з Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана, а таксама каля 20 прадстаўнікоў вядучых музеяў Беларусі.

Канферэнцыя была прымеркавана да 35-годдзя Садружнасці Незалежных Дзяржаў і зладжана Нацыянальным гісторыка-культурным музеем-запаведнікам “Нясвіж” пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Выканаўчага камітэта СНД і Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва краін СНД.
БАЗАВАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ
Музей-запаведнік “Нясвіж” з’яўляецца базавай арганізацыяй дзяржаў — удзельніц Садружнасці па напрамку “Музейная справа” і адказвае за навуковае, арганізацыйнае, вучэбна-метадычнае забеспячэнне, павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў у музейнай галіне і захаванне нацыянальнага культурнага набытку краін СНД.

Рашэнне аб наданні такога статусу 21 лістапада 2014 года прыняў Савет кіраўнікоў урадаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў у Ашхабадзе. Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Музейныя ініцыятывы на прасторы СНД” упершыню прайшла ў 2023-м і была рэкамендавана да правядзення на рэгулярнай аснове з перыядычнасцю раз на тры гады.
ПОШУКІ БАЛАНСУ
Удзельнікі сёлетняга форуму звярнулі ўвагу на ролю музеяў у выхаванні гістарычнай свядомасці і акумуляванні памяці пакаленняў, на канцэпцыі лічбавага развіцця ўстаноў, інтэрактыўныя формы ўзаемадзеяння з аўдыторыяй, вопыт у выкарыстанні новых тэхналогій і распаўсюджванне вынікаў інавацыйных распрацовак па музеязнаўстве ды рэстаўрацыі.

Сярод перспектыўных напрамкаў сумеснай работы — выставачны абмен, рэстаўрацыя, навуковыя даследаванні, адукацыйныя праграмы і алічбоўка калекцый.

Адной з найбольш актуальных тэм было ўжыванне ў музейнай практыцы штучнага інтэлекту і іншых тэхналогій, якія сталі неад’емнай часткай сучаснага свету. Лічбавыя сродкі павінны дапамагаць лепш успрыняць гістарычны кантэкст і асаблівасці стварэння музейнага прадмета, але не падмяняць арыгінал, таму важнае захаванне балансу паміж традыцыйнымі ды інавацыйнымі метадамі.
РАЗУМЕННЕ МІСІІ
З вітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі на пленарным пасяджэнні звярнуўся першы намеснік Генеральнага сакратара СНД Ігар Петрышэнка. Ён адзначыў, што супольная работа дзяржаў Садружнасці развіваецца ў розных фарматах — ад выставачнага абмену да навуковых даследаванняў, рэстаўрацыйных праектаў ды падрыхтоўкі спецыялістаў. Важную ролю тут адыгрывае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне музейнай справы, падпісанае кіраўнікамі ўрадаў краін СНД у 2019 годзе.

У эпоху глабальных трансфармацый менавіта музеі служаць захавальнікамі культурнага кода нашых народаў, дазваляюць убачыць мінуўшчыну не толькі праз даты і падзеі, але і праз лёсы людзей, творы мастацтва, сямейныя рэліквіі і навуковыя адкрыцці. Разуменне гэтай місіі аб’ядноўвае прадстаўнікоў Садружнасці, беражлівае стаўленне да гістарычнай спадчыны і падтрымка музейнай справы ўзведзены ў ранг дзяржаўных прыярытэтаў як у Беларусі, так і ў іншых краінах СНД.
У сакавіку 2026 года Савет кіраўнікоў урадаў СНД зацвердзіў план асноўных мерапрыемстваў у сферы культуры на 2026—2028-ы, які ўключае 138 міжнародных і нацыянальных праектаў. Сярод прыкладаў міжмузейнага супрацоўніцтва Ігар Петрышэнка згадаў выставу “Золата іканастасаў. Мастацтва беларускіх майстроў у Маскве” і экспазіцыю карціны Марка Шагала “Прагулка”, прэзентаваную ў Мінску падчас Дзён Дзяржаўнага Рускага музея ў сёлетнім красавіку. Узаемадзеянне музеяў дапамагае знаёміць розных людзей з творамі мастацтва і ўмацоўваць сувязі паміж народамі праз агульную гісторыю і культурную спадчыну. Лічбавым развіццём гэтага супрацоўніцтва стаў праект “Віртуальныя музеі краін СНД” на сайце Выканаўчага камітэта Садружнасці.

МЕСЦА СУСТРЭЧЫ
Акрамя іншага, увагу аўдыторыі прыцягнула выступленне дырэктара Усерасійскага музея дэкаратыўна-прыкладнога і народнага мастацтва Таццяны Рыбкінай. Яна паведаміла, што традыцыйнае мастацтва становіцца крыніцай натхнення для дызайнераў, мадэльераў і прадстаўнікоў творчай індустрыі. Музеі сёння — месца сустрэчы навукоўцаў, а таксама тых асоб, якія развіваюць крэатыўную эканоміку на аснове звычаяў сваіх продкаў.
У сакавіку 2026 года Усерасійскі музей дэкаратыўна-прыкладнога і народнага мастацтва заключыў пагадненне аб супрацоўніцтве з Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі, і цяпер калегі ўжо абмяркоўваюць магчымыя сумесныя выставачныя праекты, прысвечаныя лакавай мініяцюры, фарфору, тканінам, вышыўцы і сучаснай модзе, што грунтуецца на аўтэнтычных матывах.

Па выніках II Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Музейныя ініцыятывы на прасторы СНД” яе ўдзельнікі адзначылі: форум спрыяе развіццю супрацоўніцтва, абагуленню і распаўсюджванню перадавога вопыту, умацаванню культурных сувязей паміж краінамі Садружнасці.

Антон РУДАК. Фота музея-запаведніка "Нясвіж"