Ⅲ

Умацоўваючы масты сяброўства

Перагаворы міністраў, гала-канцэрт, выставы і музычны сюрпрыз ад замежных гасцей — Дні культуры Манголіі разгарнуліся ў Мінску з 25 па 26 кастрычніка.

 

Мерапрыемствы праходзілі падчас афіцыйнага візіту Прэзідэнта Манголіі Ухнаагійна Хурэлсуха ў Беларусь і сталі нагодай для знаёмства з багатай гісторыяй і мастацтвам азіяцкай дзяржавы.

У рамках Дзён культуры адбылася сустрэча міністра культуры Рэспублікі Беларусь Марата Маркава і міністра культуры, спорту, турызму і моладзі Манголіі Жукавына Алдаржаўхлана.

Да перагавораў далучыліся саветнікі Прэзідэнта Манголіі і работнікі абодвух ведамстваў. Абмяркоўваліся пытанні партнёрства ў сферы культуры, а таксама — па даручэнні прэзідэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і Ухнаагійна Хурэлсуха — правядзенне ў наступным годзе Дзён культуры ў Мінску і ва Улан-Батары.

Яскравым складнікам праграмы стаў гала-канцэрт “Цудоўная Манголія” ў Вялікім тэатры Беларусі.

Удзельнікаў і гасцей вечарыны віталі міністры культуры абедзвюх краін.

На сцэне сваё майстэрства прадэманстравалі найлепшыя творчыя калектывы Манголіі: Дзяржаўны нацыянальны ансамбль традыцыйнай музыкі, танцавальная трупа Вялікага тэатра нацыянальных мастацтваў, салісты Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета, іншыя выбітныя артысты.

Праграма злучыла кампазіцыі мангольскіх аўтараў, народныя песні. Асаблівую рэакцыю залы выклікалі беларускія мелодыі, прадстаўленыя замежнымі выканаўцамі.

А ў фае публіку сустракаў дзіўны свет мангольскіх традыцый. Дзве выставы далі магчымасць пазнаёміцца з самабытнай культурай.

Фотаэкспазіцыя раскрыла непаўторнае аблічча далёкай краіны, а калекцыя аўтэнтычных музычных інструментаў дазволіла дакрануцца да багацця творчай спадчыны Манголіі.

Служба інфармацыі “К”

MAX TikTok