25 кастрычніка ў кінатэатры «Радзіма» Магілёўскага ДП "Кінавідэапракат" прайшоў вечар памяці, прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння кінарэжысёра В.Ц. Турава.

Мерапрыемства пачалося з ускладання кветак да памятнай дошкі ў гонар Віктара Цімафеевіча.

Аддаць даніну павагі кінарэжысёру прыйшлі родныя, калегі, сябры, кіраўніцтва Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", прадстаўнікі заканадаўчай і выканаўчай улады, грамадскіх аб'яднанняў, магіляўчане.


Гістарычным момантам для горада стала адкрыццё выставачнай экспазіцыі ў малой зале кінатэатра «Радзіма», прысвечанай жыццю і творчасці Віктара Цімафеевіча.





Значнасць гэтай падзеі для жыхароў горада адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Валерый Малашка.




Працягам знакавага дня сталі выступленні творчых калектываў, прагляд фільма "Віктар Тураў. Дыханне жыцця", а таксама кранальныя ўспаміны дзяцей Віктара Цімафеевіча Алены і Арцёма, яго калегі, заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Святланы Сухавей, аднакласніцы Аляксандры Другамілавай.

Уклад Віктара Турава ў айчынны і сусветны кінематограф у сваім выступленні падкрэсліў намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Аляксандр Госцеў.



Па інфармацыі Магілёўскага ДП «Кінавідэапракат»